Правіла чалавечнасці

- 10:47Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Шчырая і справядлівая, з адкрытай душой і добрым сэрцам — так можна ахарактарызаваць настаўніцу Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Галіну СІНЯК. 

На працягу 40 гадоў яе педагагічнае крэда застаецца ня­зменным: вучыць дзяцей і вучыцца ў дзяцей.

“Учителя, вы в нашем сердце остае­тесь навсегда, мы любим вас — тихони ваши и проказники…” Менавіта гэты радок усім вядомай з дзяцінства песні ўсплывае ў маёй памяці кожны раз, калі я прыгадваю свае школьныя гады і любімых настаўнікаў. ­Адзін з іх — мой класны кіраўнік Г.М.Сіняк. Зараз яна — настаўніца рускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання, чарчэння і выяўленчага мастацтва ў Лошніцкай гімназіі. А крыху больш за 20 гадоў назад яна працавала педагогам-арганізатарам у Бярэзінскай гімназіі Мінскай вобласці. Памятаю, як усе мае аднакласнікі любілі праводзіць час у яе невялічкім пакоі. Мы расказ­валі ёй, як прайшлі ўрокі і што нас уразіла, раіліся і адкрывалі душу, часам скардзіліся і абураліся. А яна выслухоўвала кожнага, дапамагала знайсці агульную мову і з равеснікамі, і з настаўнікамі, жартавала і ўзнімала нам настрой і самаацэнку. 

— Сваім выпускнікам пастаянна гавару: калі раптам нешта не атрымаецца, напрыклад, адразу пасту­піць у выбраны ўніверсітэт, галоўнае — не спыняцца, пераступайце няўдачную жыццёвую прыступку і крочце далей. А яшчэ звяртаю іх увагу на тое, што пасля атрымання дыплома давядзецца шмат праца­ваць і дабівацца ўсяго самім. Пры гэтым, кім бы ні сталі, яны павінны быць прыгожымі ўнутры і ў любой сітуа­цыі заставацца чалавекам з вялікай літары, — падкрэсліла настаўніца.

Вельмі важна адчуваць і любіць сваіх вучняў, бо я пераканана: калі ты не любіш дзяцей, то і месца ў школе для цябе няма.

Каб стаць выдатным педагогам, Галіне Мікалаеўне давялося прайсці даволі доўгі шлях, хоць з будучай прафесіяй яна вызначылася яшчэ ў першым класе, калі вучылася ў бярэзінскай сярэдняй школе № 1 у цудоўнай маладой настаўніцы Валянціны Пятроўны Макарэвіч. Менавіта яе прыклад натхніў нашу гераіню “звязаць свой лёс з дзецьмі”. Пасля 8 класа Г.М.Сіняк паступіла ў індустрыяльна-педагагічнае вучылішча на спецыяль­насць “Працоўнае навучанне, чарчэнне і маляванне”. Скончыўшы яго, вярнулася ў родны Бярэзінскі раён і трапіла ў Журоўскую школу.

— Калі я прыйшла працаваць настаўніцай, мне было 19 гадоў і дзесяцікласнікі былі ўсяго толькі на паўтара года мала­дзейшыя за мяне. У нас адразу склаліся даверлівыя адносіны. Ужо тады я зразумела, што калі чуць дзяцей, бачыць у іх асобу, то і яны адкажуць табе тым жа, — прыгадала Галіна Мікалаеў­на.

Адпрацаваўшы 2 гады ў вёсцы Журоўка, яна выйшла замуж і пераехала ў Казахстан. Але прызванню не здрадзіла і там таксама працавала настаўніцай, праўда, не толькі чарчэння, малявання і працы, але і геаграфіі і нават матэматыкі. Пасля распаду СССР вярнулася ў Беларусь. 10 гадоў была педагогам-арганізатарам у Бярэзінскай гімназіі. Са сваім выпускам 2000 года падтрымлівае зносіны да сённяшняга
дня.

— У той час мне даверылі выкладанне рускай мовы і літаратуры, і я вырашыла паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Завочна скончыла факультэт рускай філалогіі. Аднак па сямейных абставінах у 2007 годзе пераехала ў Лошніцу. Там пачала працаваць у мясцовай гімназіі. Гэта хоць і адна з лепшых у Барысаўскім раё­не навучальная ўстанова, але ў нас няма спецыялізаванага кабінета працоўнага навучання, — з сумам паведаміла педагог. — З-за адсутнасці швейных машынак і газавых пліт даводзіцца перарабляць праграму.

Аднак нават такія складанасці не перашкаджаюць Г.М.Сіняк рыхта­ваць вучаніц 5—9 класаў да алімпіяд па працоўным навучанні. Калі ж Галіна Мікалаеўна праводзіць урок літаратуры, то дзеці часта гавораць, што атрымаўся не ўрок, а казка:

— Я кожнаму даю магчымасць выказацца, мы спрачаемся і дыскутуем. Вельмі часта нам не хапае 45 мінут, каб усё абмеркаваць. Кожны твор я стараюся супаставіць з сучаснасцю і правесці аналогіі з нашым жыццём. Хоць, канечне, выкарыстоўваю і тэхнічныя сродкі навучання, прэзентацыі, ролікі і г.д., але больш за ўсё дзецям падабаецца размаўляць, — дадала педагог. — Бывае, што літаратура стаіць апошняй і дзеці прыхо­дзяць стомленымі. Але калі эмацыянальна весці ўрок, то яны ўключаюцца ў размову, галоўнае — захапіць іх і разгаварыць.

Ні для каго не сакрэт, наколькі складаная граматыка рускай мовы. Але калі вучні праяўляюць зацікаўленасць, то наша гераіня не шкадуе ні часу, ні сіл, каб дапамагчы ім стаць пісьменнымі.

— Мы часта дадаткова займаемся пасля ўрокаў. Усім раю, не спяшаючыся, уважліва чытаць літаратурныя творы, пісаць дыктоўкі. Некаторыя мо­гуць ведаць усе правілы, але не ўмець іх прымяняць. А ў некаторых ёсць прыроджаная пісьмен­насць, і яны, не ведаючы ніводнага правіла, пішуць без памылак — і для мяне гэта сапраўдная загадка, — усміхаючыся, сказала гераіня. — Але калі чалавек захоча, то, дзякуючы сваёй уседлівасці і мэтанакіраванасці, зможа пакарыць і рускую мову.

Калі вучань прыходзіць на ўрок непадрыхтаваным, Галіна Мікалаеўна ніколі не ставіць дрэнную адзнаку, а дае другі шанс. Такім чынам складваюцца ўзаемнапаважлівыя адносіны: вучні паважа­юць яе, а яна іх. 

— Настаўнікі павінны адпавядаць часу, у якім яны жывуць. Бо ён хуткаплынны, разам з ім мяняюцца погляды, і каб разумець маладое пакаленне, трэба ісці ў нагу з часам. Вельмі важна адчуваць і любіць сваіх вучняў, бо я пераканана: калі ты не любіш дзяцей, то і месца ў школе для цябе няма, — рэзюмавала Г.М.Сіняк.

Вольга АНТОНЕНКАВА.