Правіла трох “н”

- 11:17Адукацыйная прастора

Як абудзіць любоў да прадмета?

“Усе мае вучні добра ведаюць хімію”, — упэўнена настаўніца хіміі гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага выдатнік адукацыі Марыя Юзэфаўна Жыгала. Лепшыя з іх асвойваюць не толькі школьную праграму, але і ўніверсітэцкую. Больш за 40 гадоў педагог выкладае свой прадмет, падрыхтавала не адзін дзясятак пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Пошуку і развіццю талентаў адораных і высокаматываваных навучэнцаў Марыя Юзэфаўна прысвяціла гады работы ў гімназіі. Вучні, якія пачынаюць цікавіцца хіміяй у 7 класе, пад чулым кіраўніцтвам педагога дасягаюць высокіх вынікаў, паступаюць у лепшыя ўніверсітэты краіны.

Перад хіміяй нават матэматыкі знімаюць капялюш

“Родам я з Гродзенскай вобласці, з аграгарадка Васілішкі, — расказала Марыя Юзэфаўна. — Сваё жыццё не збіралася звязваць з хіміяй, марыла стаць юрыстам. Але лёс распарадзіўся па-іншаму: я скончыла біялагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці “Біёлаг. Выкладчык хіміі і біялогіі”. Выйшла замуж, нарадзіла трох дачок. Першым месцам работы стала сярэдняя школа № 5 Навагрудка. Малады калектыў установы, у якім панавала атмасфера ўзаемапавагі і падтрымкі, даў мне сапраўдную пуцёўку ў прафесійнае жыццё, навучыў быць педагогам. Кожны супрацоўнік школы перажываў за агульную справу, працаваў з поўнай аддачай з раніцы да вечара. Я выкладала ва ўстанове хімію і біялогію. Шчыра кажучы, хімія як навука мне заўсёды падабалася больш за тую дакладнасць і логіку, якія ў ёй прысутнічаюць. У біялогіі шмат нюансаў: адна і тая ж з’ява ў розных крыніцах можа падавацца па-рознаму. А перад хіміяй нават матэматыкі знімаюць капялюш. Без добрага ведання хімізму, тэорыі школьнік, карыстаючыся толькі ведамі па матэматыцы і логікай, не зможа рашыць, напрыклад, алімпіядныя заданні, бо неабходна памятаць адначасова тысячы ўраўненняў і хімічных рэакцый. Алімпіяднікі па хіміі з’явіліся ў мяне яшчэ ў навагрудскай школе.

У першыя гады майго жыцця ў Мінску я працавала ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Там вучацца вельмі таленавітыя дзеці, якія сур’ёзна займаюцца музычнай творчасцю. Як настаўнік хіміі старалася адшукаць у гімназістаў талент да свайго прадмета. І мне ўдавалася сярод будучых музыкантаў рыхтаваць пераможцаў алімпіяд па хіміі. Калегі часам жартавалі, што я выхоўваю Барадзіных (А.П.Барадзін — рускі кампазітар і вучоны-хімік)”.

Нічога немагчымага няма

“Навучанне хіміі пачынаецца ў 7 класе. Мая задача як педагога — захапіць дзяцей гэтым прадметам, — адзначыла Марыя Юзэфаўна. — Праходзіць месяц-другі, і па бляску ў вачах навучэнцаў бачу, хто сапраўды зацікавіўся маім прадметам. Такіх дзяцей запрашаю на дадатковыя заняткі. Сёлета, напрыклад, толькі на платнай аснове хіміяй пажадалі займацца каля 70 гімназістаў!”

Марыя Юзэфаўна з’яўляецца класным кіраўніком у 11 фізіка-матэматычным класе, дзе вядзе ўрокі хіміі. Акрамя таго, працуе ў профільных 10—11 хіміка-біялагічных класах і ў 7—9 класах. Штогод рыхтуе пераможцаў раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіяд. Каб дасягнуць стабільных вынікаў і ўтрымаць зададзеную высокую планку, даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў як вучням, так і настаўніцы. Амаль кожны дзень у 7 гадзін раніцы Марыя Юзэфаўна ўжо на рабоце. Адзін за адным прыходзяць і дзеці, яны едуць з усяго горада. У алімпіяднай групе зараз займаюцца 10 вучняў — старшакласнікі, а таксама вучні 7—9 класаў, ёсць нават адзін шасцікласнік. Педагог усім прапануе аднолькавыя заданні. Спраўляцца з імі малодшым вучням дапамагаюць старэйшыя, яны першыя памочнікі Марыі Юзэфаўны.

“Мая задача — навучыць аматараў хіміі не толькі паспяхова асвойваць праграмны матэрыял, але і выходзіць за яго межы, — расказала педагог. — Удзельнікі алімпіяд увогуле займаюцца па ўніверсітэцкіх кнігах, паглыбляюцца ў навуковую дзейнасць. Па некаторых пытаннях навучэнцы дэманструюць веды значна большыя, чым у мяне. Першыя алімпіядныя поспехі прыходзяць да іх ужо ў 7—8 класах. Некаторыя выступаюць за 9 клас і атрымліваюць дыпломы раённых і гарадскіх алімпіяд. У чым сакрэт такой паспяховасці? Праца, упартая праца! У нас з вучнямі дзейнічае правіла трох “н”: нічога немагчымага няма. Гэта значыць, што ўсё, нават самы складаны матэрыял, можна зразумець і засвоіць. Я вучу іх вучыцца, агітую не толькі за свой прадмет: калі па хіміі вы маеце 9—10 балаў, то па астатніх прадметах таксама зможаце мець поспех. Ніколі не навешваю ярлыкоў. Сёння магу паставіць 2 балы, а заўтра — 10. Па справядлівасці. Ніхто з навучэнцаў не крыўдзіцца. Разумеюць, што самае галоўнае — глыбіня і якасць ведаў. Толькі яны маюць значэнне. Гавару вучням, што ў пагоні за адзнакамі немагчыма дасягнуць сапраўднага поспеху. Толькі штодзённая карпатлівая праца прыносіць стабільныя вынікі. Я патрабавальная, кагосьці магу паўшчуваць, але па-добраму. Патрабуючы, патлумачу вучням, чаму гэта раблю. Што вывучыць трывіяльныя назвы арганічных і неарганічных рэчываў неабходна для таго, каб выканаць заданні ЦТ і рашыць алімпіядныя задачы. Асабліва гэта тычыцца 11-х класаў, першую палову года мы з выпускнікамі вельмі сур’ёзна займаемся, паглыбляемся ў матэрыял. Усе працуюць на максімуме, а ў другой палове крыху збаўляем абароты, каб спакойна падрыхтавацца да экзаменаў, ліквідаваць недахопы ў ведах”.

Дзяцей не трэба прымушаць вучыцца. Педагогу важна абудзіць любоў да прадмета ў душах і сэрцах вучняў, адкрыць у кожным з іх здольнасці і таленты. І дзіця пачне не толькі старанна займацца, але і здабываць самастойна веды, новыя нават для настаўніка. Аднойчы Марыі Юзэфаўне патэлефанавала мама вучня Марка, на той момант сямікласніка, і выказала незадаволенасць: “Што вы зрабілі з маім сынам, ён не спіць начамі, толькі вашу хімію і вучыць!”. Вядома ж, да такога геройства педагог не заклікала. Пагаварыла з вучнем, сказала, што не трэба па начах займацца. І пачула ў адказ: “Я “сава”, мне так зручней”. Дарэчы, вельмі таленавіты малады чалавек — добра малюе, займаецца спортам. На Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі атрымаў дыплом. Ганарыцца педагог сваім дзесяцікласнікам пераможцам рэспубліканскай хімічнай алімпіяды Кірылам Марозам, які доўга і ўпарта ішоў да гэтай перамогі, а ў будучыні марыць займацца навукай. Расказала Марыя Жыгала і пра свайго ўнікальнага вучня 9 класа Міхаіла Волкава — з катэгорыі, як яна пра яго гаворыць, “дзяцей-сканераў”, з добра развітой логікай і цудоўнай памяццю. Калі настаўніца аднойчы дала класу заданне рашыць ланцуг пераўтварэнняў з 12 пераходаў — усе дзеці прыняліся пісаць у сшытках. А Міхаіл не разгарнуў сшытак, спакойна сядзеў і думаў. Убачыўшы здзіўленне педагога, малады чалавек сказаў: “Я ўжо рашыў заданне — вусна”. З 7 класа ён захапіўся хіміяй, а ў 8 класе атрымаў дыплом І ступені на гарадской алімпіядзе. Падрастае і годная змена — гэта Цімафей Самусеў і Кірыл Дрожжа, вучні 7 класа, якія сёлета сталі ўладальнікамі дыпломаў гарадской алімпіяды.

Хімія па-сінгапурску

У кабінеце Марыі Юзэфаўны ёсць усё неабходнае для належнай работы. За шмат гадоў педагог назапасіла стосы матэрыялаў, якімі перапоўнены шафы. У іх — кнігі па хіміі, сучасныя і савецкіх часоў, дыдактычны матэрыял, карткі, заданні, тэсты, метадычныя рэкамендацыі для практычных работ, артыкулы, а таксама хімічнае абсталяванне і рэактывы. Падчас урокаў настаўніца выкарыстоўвае інтэрактыўную дошку. За сродкі гранта, які педагог атрымала ад Міністэрства адукацыі за паспяховую навуковую работу з вучнямі (яны заваявалі дыпломы на Міжнародным конкурсе навукова-даследчых і інжынерна-тэхнічных праектных работ “Вучоныя будучыні”), былі набыты сушыльная шафа, цэнтрыфуга, спектрафатометр, аналітычныя вагі.

Марыю Юзэфаўну заўсёды цікавілі новыя педагагічныя тэхналогіі. Усе навінкі яна спрабавала прымяніць на сваіх занятках. Практыкавала модульнае і праектнае навучанне, інтэрактыўнае і праблемнае навучанне, кейс-метад, актыўную ацэнку. Лепшае, што знайшла ў кожным з гэтых падыходаў, выкарыстоўвае на занятках. Аднойчы на прасторах інтэрнэту ёй трапіўся цікавы артыкул пра сінгапурскую методыку, якая лічыцца адной з самых прадукцыйных у навучанні. У яе аснове — супрацоўніцтва, камунікатыўнасць, крытычнае мысленне, крэатыўнасць. Сінгапур, як і Фінляндыя, займае самыя высокія радкі ў рэйтынгу якасці адукацыі ў свеце. Марыя Юзэфаўна асвоіла і палюбіла сінгапурскую сістэму. У яе аснове — методыка, пабудаваная на разнастайнасці вучэбных модуляў (вучэбных структур). Іх 250. Часцей на практыцы выкарыстоўваюцца 35 модуляў. Асноўных рабочых модуляў, якімі карыстаецца Марыя Юзэфаўна, — 12. Згодна з кожным модулем, педагог выбудоўвае пэўную структуру ўрока, як з дзіцячых кубікаў (па прынцыпе LEGO). Калі іх правільна скласці, можна паўплываць на развіццё ў дзяцей неабходных навыкаў і якасцей, што дапамогуць ім адаптавацца да жыцця і ўпэўнена адчуваць сябе ў грамадстве. Вучэбныя структуры методыкі можна выкарыстоўваць не ўвесь урок, а толькі на пэўных яго этапах. Сінгапурская методыка мае на ўвазе інтэнсіўную работу класа, высокую працаздольнасць вучняў. Настаўнік пры гэтым павінен праяўляць дзейсны падыход, выкарыстоўваць актыўныя і гібкія формы работы з навучэнцамі, падтрымліваць пазітыўны эмацыянальны настрой падчас заняткаў. Але самае галоўнае, што ёсць у сінгапурскай методыцы, — сістэматызацыя. Пры гэтай сістэме задзейнічаны ўвесь клас, падчас заняткаў дзеці актыўна думаюць, выказваюць свае меркаванні. Вялікая ўвага ўдзя­ляецца рассадцы навучэнцаў. Калі яны сядзяць кругам, значыць, насупраць адно аднаго, плячо ў плячо, то ма­юць магчымасць для непасрэдных зносін. Так ствараецца каманда роўных, у якой дапускаецца выказванне любых ідэй, калектыўна выпрацоўваецца агульная выснова. Навучэнцы дапамагаюць адно аднаму пры асваенні або замацаванні матэрыялу. Роля педагога пры гэтым — быць памочнікам, кансультантам, мадэратарам, які настройвае каманду на эфектыўную работу.

Марыя Жыгала расказвае аб вопыце прымянення сінгапурскай методыкі ў сваіх артыкулах, падчас лекцый і майстар-класаў, якія праводзіць у МГІРА. Уласнымі метадычнымі напрацоўкамі ў выкладанні хіміі педагог дзеліцца са студэнтамі-практыкантамі. За абагульненне вопыту работы па тэме “Праектна-даследчая дзейнасць у прасторы ўрока і ў пазаўрочны час як спосаб развіцця творчай і пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў” настаўніца атрымала прэмію Мінгарвыканкама. Марыя Юзэфаўна таксама прымае ўдзел у рэцэнзаванні вучэбных праграм і вучэбна-метадычных дапаможнікаў па агульнаадукацыйных прадметах і факультатывах НІА.

Стаць класнай — класна!

“Школьныя настаўнікі валодаюць уладай, пра якую прэм’ер-міністрам застаецца толькі марыць” — такая цытата Чэрчыля ўпрыгожвае кабінет хіміі ў гімназіі № 41 Мінска і дакладна адлюстроўвае асобу гаспадыні кабінета.

“Усе вучні для мяне нібы родныя дзеці. Мы з імі шчыра размаўляем па душах, часам даём волю эмоцыям — пасмяёмся і паплачам разам. Як толькі празвініць званок на ўрок, эмоцыі — убок, прыступаем да сур’ёзнай работы. Так атрымліваецца, што па жыцці я часцей працую з хлопчыкамі, і як настаўніца хіміі, і як класны кіраўнік, — паведаміла настаўніца. — Станаўлюся класнай у 7 класе і адразу закладваю фундамент будучых узаемаадносін і з дзецьмі, і з іх бацькамі. Са сваім 11 фізіка-матэматычным класам, у якім я зараз класны кіраўнік, мы з самага пачатку шмат вандравалі, хадзілі ў паходы, арганізоўвалі круглыя сталы і квесты. Сёння перад сабой я бачу дарослых і вельмі адказных маладых людзей, якія вызначыліся са сваёй жыццёвай стратэгіяй. У маім класе вучацца 6 прэтэндэнтаў на залатыя медалі, пераможцы міжнародных алімпіяд па матэматыцы Паліна Чэрнікава, Кацярына Дуль, Мікіта Шаўнеў, пераможца міжнароднага матэматычнага турніру Мікіта Баранаў, 13 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд па матэматыцы.

“Вашымі вучнямі і выпускнікамі, напэўна, можна засяліць Мінск”, — жартуюць яе вучні, калі бачаць, колькі былых выпускнікоў прыходзіць да яе на святы, як часта яны тэлефануюць Марыі Юзэфаўне, дзеляцца поспехамі і бясконца дзякуюць. У многіх былых вучняў слёзы на вачах пры сустрэчы з настаўніцай, бо яна ў свой час па-чалавечы падтрымала, працягнула руку дапамогі ў бязвыхаднай сітуацыі, паўплывала на прафесійны выбар, на падрыхтоўку да экзаменаў. Такіх жыццёвых гісторый Марыя Юзэфаўна можа прыгадаць шмат, бо за плячыма ў яе больш чым 40-гадовы вопыт работы. Некаторыя асабістыя гісторыі настолькі кранальныя, што педагог, успамінаючы пра іх, сама ледзь стрымлівае слёзы. Гэтыя ўспаміны ў памяці і ў сэрцы Марыі Юзэфаўны застануцца назаўсёды. Як і ў вучняў — сёння ўжо дарослых лю­дзей, якія адбыліся ў прафесіі і асабістым жыцці. Настаўніца заўсёды была на баку дзяцей — гэта яе прынцып. І цеплыня слоў па­дзякі праз усё жыццё сагравае педагога. Нядаўна Марыя Юзэфаўна адзначала дзень нараджэння. Любімыя вучні павіншавалі яе, як і заўсёды, нетрадыцыйна: зайшлі ў клас з кветкамі і цудоўнай песняй пад гітару.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара і з архіва настаўніцы.