Сярэдняя школа № 3 Клімавіч на працягу шэрага гадоў знаходзіцца на перадавых пазіцыях у раёне. І ў гэтым заслуга калектыву на чале з яе дырэктарам Уладзімірам Шупранавым. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Уладзімір Іванавіч, якая формула эфектыўнага кіравання навучальнай установай?
— Нейкіх канкрэтных алгарытмаў не існуе. На маю думку, трэба проста сапраўды любіць тое, чым займаешся. У прафесію я прыйшоў мэтанакіравана. Нарадзіўся і вырас тут, на Клімаўшчыне, сюды вярнуўся і настаўнічаць. Шэсць гадоў выкладаў гісторыю ў роднай школе ў вёсцы Красавічы. Там упершыню паспрабаваў сябе і ў ролі кіраўніка. На пасадзе дырэктара амаль адразу адчуў сябе на сваім месцы. Да гэтай справы ў літаральным сэнсе ляжала душа, работа была ў радасць. Набыў пэўны кіраўніцкі вопыт і атрымаў прапанову ўзначаліць 3-ю гарадскую школу. Па колькасці вучняў і настаўнікаў установа была самай вялікай у раёне. Калі прымаў рашэнне, узнікалі сумненні: ці спраўлюся? Але мяне падтрымалі педагогі навучальнай установы, таму ўсё атрымалася. Разам працуем над дасягненнем пастаўленых мэт на працягу ўжо двух дзесяцігоддзяў. Наогул, лічу, што ад калектыву аднадумцаў вельмі многае залежыць. Бо эфектыўнае функцыянаванне школы — гэта камандная праца.
Сёння ў калектыве 60 настаўнікаў, выключных прафесіяналаў. Калі гаварыць вобразна, параўнаў бы сваю педагагічную каманду з клінам жураўлёў. Як кіраўнік вяду за сабой, вызначаю шлях. Мае намеснікі дапамагаюць выбраць правільны кірунак, канкрэтныя крокі, каб не збіцца з курсу. Вопытныя настаўнікі ідуць наперадзе і замыкаюць клін. А ў сярэдзіне — маладыя педагогі, якім патрэбны падтрымка і парады ад больш дасведчаных калег. Такая карціна яскрава апісвае нашы падыходы да работы: адзінства, давер, партнёрства, узаемадапамога. Менавіта гэта і дазваляе дасягаць працоўных вышынь.
— Чым сёння адметная 3-я школа Клімавіч?
— Галоўнай задачай бачым інтэлектуальнае, маральнае і фізічнае развіццё навучэнцаў. Менавіта да гэтага імкнецца кожны педагог. Праз агульную зацікаўленасць мы змаглі стварыць адукацыйнае асяроддзе, накіраванае на фарміраванне сацыяльна паспяховай асобы вучняў.
Педагогі школы працуюць у інавацыйным рэжыме, стараюцца заўважыць і раскрыць здольнасці дзяцей. Як вынік — навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, актыўна займаюцца даследчай дзейнасцю, праяўляюць сябе ў творчасці і спорце. На працягу апошніх пяці гадоў яны атрымалі 17 дыпломаў трэцяга і два дыпломы заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, неаднаразова вызначаліся перамогамі на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы. Нашы дзеці стабільна лепшыя на раённай спартакіядзе, не раз выходзілі ў прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў “300 талентаў для Каралевы”, “Снежны снайпер” і іншых. Якасць ведаў навучэнцы пацвярджаюць на цэнтралізаваных экзаменах і тэсціраванні — рэгулярна атрымліваюць стабальныя сертыфікаты. Штогод у выпускных класах у нас ёсць хлопцы і дзяўчаты, якім мы ўручаем атэстаты асаблівага ўзору з залатымі медалямі за выдатную вучобу.
Вялікую ўвагу ўдзяляем як адукацыі, так і выхаванню. Нам важна, каб у дарослае жыццё вучні ўвайшлі патрыётамі з трывалымі маральнымі арыенцірамі. Рэалізуем разнастайныя выхаваўчыя праекты, далучаем дзяцей да валанцёрства, грамадскіх ініцыятыў, захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Шырока выкарыстоўваем патэнцыял школьнага класа-музея, прысвечанага землякам, якія ваявалі ў Афганістане. Цесна ўзаемадзейнічаем з сем’ямі навучэнцаў. У ліку прыярытэтаў і прафарыентацыя. У нас функцыянуюць тры профільныя класы, што дазваляе вучням загадзя вызначацца з прафесійнай будучыняй.
— Якія кампетэнцыі кіраўніка з’яўляюцца ключавымі?
— Перакананы, што сучасны дырэктар павінен валодаць многімі прафесійнымі кампетэнцыямі. Зараз трэба аператыўна авалодваць новым зместам і тэхналогіямі навучання, быць мабільным, пазбаўляцца
стэрэатыпаў, умець прадбачыць, распрацоўваць стратэгію развіцця школы.
З самага пачатку дырэктарскай работы прытрымліваюся правіла трох “не”. Не баяцца цяжкасцей. Не старацца ўсё зрабіць самому, а ўмець дэлегаваць. Не ігнараваць пачуцці людзей, улічваць патрэбы і інтарэсы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Самы значны акцэнт раблю на трэцім правіле. Рознымі спосабамі стараюся наладзіць добрыя ўзаемаадносіны паміж педагогамі, дзецьмі і бацькамі. Дзверы майго кабінета заўсёды адчынены. З кожным я гатовы пагаварыць, кожнага натхніць, заахвоціць.
— Нягледзячы на занятасць, вы працягваеце педагагічную дзейнасць. Як атрымліваецца ўсё паспяваць?
— Зараз вяду факультатыўныя заняткі “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”. А ўвогуле, педагагічную дзейнасць не перарываў ніколі. Упэўнены, што дырэктар павінен быць своеасаблівым рухавіком. Цяпер функцыі кіраўніка зводзяцца больш да гаспадарчых пытанняў, і гэта не зусім правільна. Выкладанне прадметаў дазваляе быць у курсе перадавых адукацыйных і выхаваўчых практык, больш дасканала разумець вучняў і настаўнікаў, іх патрэбы і запыты.
Штодзённых клопатаў насамрэч мноства. Паспяваць усё дапамагаюць выразнае планаванне і, вядома, размеркаванне абавязкаў. Усе педагогі працуюць з энтузіязмам і неабыякавасцю. Калектыў — мой надзейны тыл.
— Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як вы ўзначальваеце школу. Якія планы на будучыню?
— Удзячны лёсу за тое, што звязаў мяне са школай. Знаходжу працяг у сотнях вучняў. На вечар сустрэчы выпускнікоў былыя навучэнцы з’язджаюцца ў родныя школьныя сцены з розных куткоў краіны. І ўсе з цеплынёй успамінаюць гады вучобы. У такія моманты разумею: мая праца і праца педагагічнага калектыву не была дарэмнай.
Уладзімір Іванавіч на ўроку ў настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Таццяны Лявонавай. Дырэктар імкнецца быць у курсе перадавых адукацыйных і выхаваўчых практык, каб больш дасканала разумець вучняў і педагогаў, іх патрэбы і запыты
Неверагодна ганаруся нашымі вучнямі, выпускнікамі, настаўнікамі. Але ўпэўнены, што высокая ацэнка працы павінна быць стымулам для далейшага руху наперад. Планаў на далёкую перспектыву не будую. Стаўлю больш надзённыя мэты, але ўсе яны зводзяцца да аднаго: выпускаць са школы дастойных грамадзян, якія знойдуць сябе і не згубяцца ў грамадстве.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара