Правільная эканомія, чыстая энергія

- 11:14Сацыяльны ракурс

Эканоміць з розумам, правільна берагчы энерга- і іншыя рэсурсы важна навучыцца яшчэ ў дзяцінстве, тады ашчаднае стаўленне да крыніц энергіі, беражлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў будзе ладам усяго жыцця, часткай свядомасці сучаснага чалавека. Рэспубліканскі конкурс “Энергамарафон” даўно стаў часткай такога выхавання беларускіх навучэнцаў. Штогод у ім удзельнічаюць некалькі тысяч дзяцей і падлеткаў.

Ад дзіцячага сада да каледжа

— Ідэя конкурсу ўзнікла ў 2004 го­дзе з невялікага рэгіянальнага мерапрыемства ў Віцебску, — расказвае начальнік аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Віталь Тамашавіч Крэцкі. — Тады дзецям прапанавалі адлюстраваць у сваёй творчасці, перш за ўсё ў малюнках, тое, якімі яны бачаць спосабы эканоміі энергарэсурсаў. Ідэю актыўна падхапілі розныя ўстановы адукацыі і паступова распаўсюдзілі вопыт на ўсю краіну. Каб пашырыць аўдыторыю, дэпартамент вырашыў праводзіць фінал конкурсу па чарзе ў кожным абласным цэнтры і Мінску. Акрамя таго, фіналы адбываліся ў Баранавічах, Слуцку, Дзяржынску.

Рэспубліканскі конкурс праводзіцца ў два этапы пачынаючы з верасня, пераможцы абласных і мінскага гарадскога этапаў выступаюць на рэспублікан­скім. Прычым кожны фіналіст, незалежна ад таго, заняў ён ці не прызавое месца, атрымлівае каштоўны прыз.

Сёлета ўдзельнікі конкурсу прадставілі нямала цікавых праектаў. Напрыклад, энерганезалежную вадзяную помпу, якую прапанаваў вучань адной са школ Гродзеншчыны. Пры гэтым ва ўстанове адукацыі стварылі дзеючы макет, які можна выкарыстоўваць у той мясцовасці, дзе цяжка правесці электрычнасць. Другі праект, створаны на Гомельшчыне, — асвятленне памяшкання з дапамогай генератара, калі лямпачка загараецца за кошт адкрыцця і закрыцця дзвярэй. Яшчэ адзі­н прыклад — камп’ютарная мадэль кіравання рэжымам работы святлафорных аб’ектаў Полацка, створаная для ліквідацыі аўтамабільных пробак. Аўтары прапанавалі Дзяржаўтаінспекцыі свайго горада змяніць фазы святлафораў на некаторых перакрыжаваннях, што дазволіць эканоміць паліва да 25%, значна паскорыцца рух у горадзе.

Раней удзельнікі “Энергамарафону” прапаноўвалі праект (рэалізаваны) па выпрацоўцы электраэнергіі за кошт выкарыстання той энергіі, што вырабля­юць людзі, якія рухаюцца па лесвіцы; быў праект стварэння міні-гідраэлектрастанцыі для асвятлення прыстані, многія іншыя.

Акрамя школьнікаў, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у конкурсе актыўна ўдзельнічаюць дашкольнікі — у тых намінацыях, што ім па сілах. Іх намінацыя — “Культурна-відовішчныя мерапрыемствы па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў”, у якой каманды прадстаўляюць пастаноўкі, сцэнкі, спектаклі. Атрымліваецца вельмі шчыра і весела, а таксама паказальна, у тым ліку для баць­коў, бо дзетсадаўцы, паглядзеўшы спектакль на тэму энергазберажэння, ву­чаць мам і татаў такім простым прыёмам, як выкарыстанне энергазберагальных лямпачак. Прычым сёлета ў фінале былі прадстаўлены тры ўстановы дашкольнай адукацыі (раней — адна-дзве): з Гродна, Віцебска і Жыткавіч (Гомельская вобласць).

На заключных этапах конкурсу арганізатары праводзяць тэматычныя выставы, на якіх прадстаўляюць праекты ўдзельнікаў, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў, іншыя матэрыялы.

— Мы бачым, што сёння настаўнікі інтэгруюць пытанні зберажэння энергіі не толькі ў такія прадметы, як фізіка, хімія, але і ва ўрокі беларускай мовы і літаратуры, іншыя, напрыклад, прапаноўваючы дыктоўкі з тэматычнымі тэкстамі, — заўважае В.Т.Крэцкі.

Усяго ў конкурсе чатыры намінацыі, акрамя ўжо названай. Гэта намінацыі “Праект практычных мерапрыем­стваў па энергазберажэнні”, “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”, якая ўключае паднамінацыі “Відэаролік”, “Лістоўка”, “Плакат”, “Малюнак”, і намінацыя “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстановах адукацыі”. Зараз, між іншым, дзеці нярэдка малююць электрамабілі, электрычны грамадскі транспарт, карацей, чуйна рэагуюць на сучасныя тэндэнцыі, не забываючыся пра экалогію. Ролікі, прадстаўленыя на конкурс, арганізатары імкнуцца выкарыстоўваць у якасці сацыяльнай рэкламы.

З 2018 года конкурс “Энергамарафон” уваходзіць у План работы Савета Міністраў па ўстойлівым развіцці і накіраваны на папулярызацыю сярод дзяцей і моладзі Мэт устойлівага развіцця, у прыватнасці Мэты № 7 — забеспячэнне ўсеагульнага доступу да недарагіх, надзейных, устойлівых і сучасных крыніц энергіі для ўсіх. 

Самых актыўных удзельнікаў конкурсу яго арганізатары адпраўляюць у летнія лагеры, прычым на Чорным моры. У апошнія гады беларускія каманды ўдзель­нічалі ва Усерасійскім фестывалі энергазберажэння “Разам — ярчэй!”, на які прыязджаюць дзеці з Казахстана, Арменіі, Кыргызстана. Нашы ўдзельнікі займаюць прызавыя месцы, дэман­струюць высокі ўзровень падрыхтоўкі, ведаў. Беларусь планавала правесці свой конкурс для дзяцей з краін ЕАЭС. Пакуль жа з-за каранавіруса планы прыходзіцца адкласці, але не адмяніць.

Ёсць вопыт, ёсць вынікі

Відавочна, што самым добрым партнёрам Дэпартамента па энерга­эфектыўнасці ў правядзенні конкурсу з’яўляецца сістэма адукацыі. Так, установы адукацыі Мінскай вобласці з кожным годам усё больш актыўна ўдзельнічаюць у “Энергамарафоне”.

— Усе мерапрыемствы, што прахо­дзяць у рамках конкурсу, удзел у яго намінацыях дазваляюць не толькі пазнаваць новае, але і пашыраць даследчую дзейнасць навучэнцаў, — лічыць першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Пятроўна Філістовіч. — Навучэнцы таксама выпрацоўваюць практычныя навыкі па эканоміі энергарэсурсаў. У Мінскай вобласці самым актыўным удзельнікам, лепшым прыкладам з’яўляецца сярэдняя школа № 4 Дзяржынска.

Між іншым, сёлета на абласным этапе конкурсу “Энергамарафон” было прадстаўлена каля двухсот работ па розных намінацыях — больш, чым летась, сем лепшых работ адабраны для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе.

Таццяна Фёдараўна Атрохава, загадчыца вучэбна-практычнага цэнтра па энергазберажэнні Гомельскага абласнога цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі, расказала, што калісьці для яе, інжынера-будаўніка, энергазберажэнне было проста хобі, затым стала часткай работы, зараз гэта поўнае паглыбленне ў тэму.

Пераможцай ХІV Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” у намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстановах адукацыі” стала сярэдняя школа № 4 Дзяржынска. Сярод пераможцаў і лаўрэатаў у гэтай і іншых намінацыях — каманды і вучні з гімназіі № 1 Віцебска, сярэдняй школы № 14 Мазыра, сярэдняй школы № 21 Баранавіч, сярэдняй школы № 9 Жодзіна, сярэдняй школы № 11 Віцебска, сярэдняй школы № 200 Мінска і інш.

— Самыя амбіцыйныя і крэатыўныя ідэі, прадстаўленыя на “Энергамарафоне”, перайшлі ў праекты, — гаворыць Таццяна Фёдараўна, — у выніку прыносяць двайную карысць — эканамічную і адукацыйную. Лідары нашай вобласці, дзякуючы конкурсу, за апошнія гады атры­малі больш як мільён рублёў на мэты энергазберажэння. Укладам у дамашнюю эканомію з’яўляюцца дзённікі беражлівасці і атрыманыя веды. І яшчэ: на “Энергамарафон” прыйшлі бацькі, яны былі кіраўнікамі праектаў. Пагадзіцеся, гэта добры знак. Конкурс знайшоў падтрымку ў прадпрыемстваў, арганізацый: аблцепласетак, водаканала, “Гомельэнерга”, прадпрыемства “Чырвоны мазыранін” і інш. Галоўнае ж — конкурс закладвае асновы паводзін моладзі, бо ніякія супертэхналогіі самі па сабе не вырашаць праблему змянення клімату. Сітуацыя зменіцца толькі тады, калі ў чалавека з’явіцца звычка берагчы прыродныя рэсурсы.

З прыняццем закона “Аб энергазберажэнні” стала зразумела, што прыйшоў час не толькі лічыць гігакалорыі і кілаваты, але і вучыцца энергазберажэнню, нагадала Т.Ф.Атрохава. Так з’явіліся конкурсы, метадычныя дапаможнікі, паступова фарміравалася сістэма навучання дзяцей азам эканоміі і беражлівасці. У Гомелі адкрылі музей энергазберажэння, які пазней стаў абласным цэнтрам кіравання “Энергамарафонам”. За гэты час вырас узровень конкурсных работ, праекты сталі практыка-арыентаванымі, агітбрыгады ператварыліся ў тэатральныя калектывы, а сістэма работы інтэгравалася ў адукацыйны працэс.

Намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Леанід Леанідавіч Паляшчук дадае, што некаторыя ўдзельнікі конкурсу сталі навукоўцамі, інжынерамі, магчыма, інжынерамі па энергазберажэнні і дапамагаюць рэалізоўваць Дзяржаўную праграму па энергазберажэнні ў рамках новых ініцыятыў і праектаў. Адзін з паказчыкаў таго, што выхаванне беражлівага стаўлення да энергіі ідзе паспяхова, такі: за пяць гадоў энергаспажыванне ў сярэдніх навучальных установах краіны знізілася прыкладна на шэсць працэнтаў дзякуючы замене лямпачак на энергаэфетыўныя, замене вокнаў, цепламадэрнізацыі будынкаў і г.д.

У частцы ўстаноў адукацыі такія змены адбыліся дзякуючы ўдзелу ў “Энергамарафоне”, а дакладней, грашовым заахвочванням на рэалізацыю энерга­зберагальных мерапрыемстваў. У гэтым годзе прызавы фонд у намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстановах адукацыі” склаў больш за 300 тысяч рублёў. Прыз размяркоўваецца сярод удзельнікаў з улікам занятых месцаў. Бывае, што Дэпартамент па энергаэфектыўнасці дапамагае ўстановам знайсці іншыя крыніцы фінансавання, каб рэалізаваць задуманыя энерга­зберагальныя мерапрыемствы.

Па выніках кожнага конкурсу Дэпартамент па энергаэфектыўнасці выпускае зборнік матэрыялаў, выкладае яго на сваім сайце, матэрыялы аб лепшых праектах друкуюцца ў перыядычным выданні “Энерга­зберажэнне”. У кожнай рабоце выкладаюцца падрабязнае тэхнічнае апісанне і эканамічныя разлікі. Таксама фарміруецца агульны электронны каталог, які дэпартамент распаўсюджвае па міністэрствах і ведамствах, каб тыя маглі размяшчаць яго на сваіх вучэбных пляцоўках, выкарыстоўваць у адукацыйнай дзейнасці. І, канечне, з любымі пытаннямі можна звярнуцца ў дэпартамент.

Сёлета фінал ХІV Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” прайшоў на базе Барысаўскага дзяржаўнага кале­джа ў анлайн-фармаце з-за складанай эпідэмічнай сітуацыі. Кожны ўдзельнік прадстаўляў сваю работу, на сувязі былі колішнія ўдзельнікі конкурсу, якія дзяліліся вопытам, расказвалі пра тое, што ім даў “Энергамарафон”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.