Правільны прафесійны выбар — гарантыя паспяховасці

- 14:34Адукацыйная прастора

Ужо прайшоў месяц, як быў дадзены старт прыёмнай кампаніі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Аб яе папярэдніх выніках гаварыць яшчэ ранавата, але першыя намёткі аб тым, якія прафесіі найбольш прывабліваюць нашу моладзь, ужо ёсць. Якія адукацыйныя паслугі прапаноўваюць сёння каледжы нашай краіны, даведаемся на прыкладзе некаторых з іх.

Л.Э.Чэча.

Побач прадпрыемствы-партнёры

Барысаўскі дзяржаўны каледж — адна з тых навучальных устаноў, якая паспяхова развіваецца і знаходзіцца ў авангардзе развіцця прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці. Прафесійную падрыхтоўку ў каледжы праходзяць каля 2 тысяч навучэнцаў на дзённай і завочнай формах атрымання адукацыі.

Дзякуючы штату высокакваліфікаваных выкладчыкаў, выдатных педагогаў пад кіраўніцтвам дырэктара каледжа Л.Э.Чэчы, ва ўстанове арганізавана высакаякасная падрыхтоўка кадраў па запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях. У каледжы навучэнцы  асвойваюць адразу некалькі спецыяльнасцей і тым самым найбольш эфектыўна адаптуюцца да ўмоў працаўладкавання. У сучасных аўдыторыях, лабараторыях і вытворчых майстэрнях прадастаўлены найлепшыя ўмовы для навучання і выхавання маладых рабочых і спецыялістаў, якія могуць быць канкурэнтаздольнымі на вытворчасці.

Ва ўстанове адукацыі прапануецца шырокі выбар прафесій на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сярод іх — слесар механазборачных работ, слесар па рамонце аўтамабіляў, кухар, кандытар, швачка, цырульнік, прадавец, аператар сувязі, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый А, В, С (трактары), D, рабочы зялёнага будаўніцтва і інш.

  У каледжы вядзецца таксама падрыхтоўка па спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі — “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, “Камерцыйная дзейнасць”, “Лясная гаспадарка”.

— Прафесійная адукацыя сёння становіцца прыярытэтным узроўнем адукацыі, якая прываблівае маладых людзей, і яны ўсё часцей выбіраюць рабочую прафесію, — паведаміла дырэктар каледжа Лілія Эдуардаўна Чэча. —  Мы максімальна наблізілі структуру падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў да патрабаванняў сённяшняй вытворчасці і сацыяльнай сферы. Забяспечваць высокі ўзровень падрыхтоўкі дапамагае супрацоўніцтва з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. У ходзе навучання нашы выхаванцы знаёмяцца з вытворчасцю, праходзяць усе віды практык, а яшчэ прадпрыемствы-партнёры прадастаўляюць першае рабочае месца нашым выпускнікам.

Наладжана цеснае шматгадовае су­працоўніцтва з прадпрыемствамі і арганізацыямі Барысаўскага раёна. 11 прадпрыем­стваў з’яўляюцца базавымі для навучальнай установы.

За апошнія пяць гадоў у каледжы падрыхтавалі больш за 6 тысяч рабочых і спецыялістаў. Ва ўстанове адкрыты вучэбны цэнтр па аказанні паслуг “Антураж”, у структуры якога працуе вучэбная цырульня і вучэбная майстэрня па рамонце адзення, пашыве пасцельнай бялізны і спецадзення. На базе вучэбнага цэнтра створана бізнес-кампанія.

Навучэнцы і педагогі каледжа пастаянна ўдзельнічаюць у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных творчых конкурсах, дзе заваёўваюць дыпломы і прызавыя месцы ў розных намінацыях. Такі поспех выхаванцаў каледжа тлумачыцца тым, што, акрамя асваення рабочай прафесіі, навучэнцы маюць магчымасць развіваць свае творчыя здольнасці і таленты. Знакавая падзея для навучальнай установы — яе актыўны ўдзел у руху WorldSkills Belarus. У гэтым годзе каманда навучальнай установы будзе выступаць на пляцоўках рэспубліканскага спаборніцтва па кампетэнцыях “Тэхналогія моды”, “Кулінарнае мастацтва”, “Цырульніцкае мастацтва”, “Прыкладная эстэтыка”.

Сёлетні прыём абітурыентаў ва ўстанову ажыццяўляецца на аснове агульнай сярэдняй і агульнай базавай адукацыі па 14 спецыяльнасцях і 28 кваліфікацыях. Залічэнне право­дзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Сфарміравана прыёмная камісія, якая працуе ўсе дні тыдня, акрамя нядзелі. Кожны дзень ля прыёмнай камісіі тоўпіцца моладзь. У Барысаўскім і сумежных з ім раёнах Барысаўскі дзяржаўны каледж мае вялікі аўтарытэт. Гэта складаны, унікальны арганізм, дзе пануюць душэўная цеплыня і мудрасць, прафесіяналізм і творчасць педагогаў.

Біятэхналогія — галіна будучыні

Зусім хутка філіял РІПА “Маладзечан­скі дзяржаўны політэхнічны каледж” адзначыць 60-гадовы юбілей. Навучальная ўстанова ўвайшла ў перыяд сталасці і смела рухаецца наперад да пастаўленай мэты — рыхтаваць для эканомікі нашай краіны высакакласных спецыялістаў. За гэтыя гады выпушчана больш за 35 тысяч выпускнікоў, якія самааддана працуюць у самых розных галінах вытворчасці, праектных і канструктарскіх арганізацыях, навучальных установах. Назапашаны велізарны педагагічны вопыт, сфарміраваны ўстойлівыя традыцыі, якія спрыя­юць высакаякаснай прафесійнай падрыхтоўцы будучых кадраў. Калектыву каледжа ўласцівы наватарства, твор­часць, ініцыятыва, мабільнасць, уменне бачыць перспектыву і дасягаць сваіх мэт. У гэтым, безумоўна, вялікая заслуга дырэктара каледжа Міхаіла Мікалаевіча Клокеля, які шмат гадоў свайго жыцця прысвяціў станаўленню і развіццю навучальнай установы.

Сёння на дзённай форме навучання ў каледжы займаюцца каля 1000 навучэнцаў па наступных спецыяльнасцях: “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”, “Тэхнічная эксплуатацыя радыёэлектронных сродкаў”, “Захоўванне і перапрацоўка збожжа”, “Тэхналогія хлебапякарнай, макароннай і кандытарскай вытворчасцей”, “Тэхналогія брадзільных вытворчасцей і вінаробства”, “Мехатроніка (вытворчасць харчовых прадуктаў)”, “Меха­троніка (халадзільнае абсталяванне)”, “Металарэжучыя станкі і інструменты”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Машыны і апараты харчовых вытворчасцей”, “Абслугоўванне і эксплуатацыя дамоў”.

Для высакаякаснай падрыхтоўкі спецыялістаў у каледжы створаны самыя спрыяльныя ўмовы. У склад установы ўваходзяць два вучэбныя корпусы. У іх абсталяваны шэраг сучасных  лабараторый і кабінетаў, вучэбных майстэрняў, бібліятэка, музей навучальнай установы, спартыўная зала, стралковы цір, лыжная база, басейн. На базе каледжа створаны і паспяхова функцыянуе Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы кадраў для харчовай галіны, які прадстаўлены лабараторыямі і кабінетамі, аснашчанымі сучасным і высокатэхналагічным абсталяваннем ад вядучых еўрапейскіх фірм-вытворцаў.

Асноўная задача педагагічнага калектыву каледжа — гэта падрыхтоўка канкурэнтаздольнага спецыяліста, які адказвае патрабаванням рынку працы. Пастаянна вядзецца работа  па ўдасканаленні вучэбнага працэсу, тэхналогій і метадаў навучання, пашыраецца пералік спецыяльнасцей, што сёння вельмі актуальна. З улікам запытаў сацыяльна-эканамічнага комплексу нашай краіны ў кале­джы адкрыта новая спецыяльнасць “Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі”, прыём на якую будзе ўпершыню ажыццяўляцца ў гэтым годзе.

М.М.Уласкіна.

Як адзначыла Марына Мікалаеўна Уласкіна, загадчыца радыёмеханічнага аддзялення каледжа і адказны сакратар прыёмнай камісіі, спецыялісты па біятэхналогіі цяпер надзвычай запатрабаваныя, а ў далейшым будуць запатрабаваны яшчэ больш, таму што  біятэхналогія — галіна будучыні і ёй неабходна імклівае развіццё.

Галоўнымі напрамкамі біятэхналогіі з’яўляюцца вытворчасць з дапамогай мікраарганізмаў ферментаў, вітамінаў, гарманальных прэпаратаў, а таксама бялкоў, амінакіслот, якія выкарыстоўваюцца ў якасці кармавых дабавак; прымяненне біялагічных метадаў барацьбы з забруджваннем навакольнага асяроддзя і для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб; выраб прадуктаў харчавання, напояў на аснове жыццядзейнасці мікраарганізмаў.

Па завяршэнні навучання па праграме прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцы атрымаюць дзве рабочыя прафесіі з ліку прадстаўленых: лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу, лабарант-мікрабіёлаг, апаратчык ферментацыі прэпаратаў біясінтэзу, аператар у вытворчасці заквасак, аператар лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі.

Каледж упэўнена рухаецца наперад з новымі смелымі ідэямі. Заключаны дагавор аб падрыхтоўцы спецыялістаў для Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Для работы на прадпрыемствах гэтай установы патрэбны спецыялісты, якія валодаюць пэўным багажом ведаў і гатовыя працаваць у новых умовах. Востра запатрабаванымі стануць спецыялісты па  спецыяльнасцях “Захоўванне і перапрацоўка збожжа”, “Мехатроніка”, “Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі”.

Навучэнцы каледжа прымаюць актыўны ўдзел у шматлікіх выставах і конкурсах рэгіянальнага і рэспубліканскага ўзроўню. Ужо стаў добрай традыцыяй удзел каманды каледжа ў нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus. У каледжы вучацца дынастыі працаўнікоў рэгіёна і, што таксама вельмі прыемна, працуюць выкладчыкамі, майстрамі вытворчага навучання і лабарантамі выпускнікі каледжа.

С.В.Андрэева.

Кухар, кулінар заўсёды ў пашане

— Гісторыя Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа пачынаецца з далёкага 1956 года, калі была створана школа фабрычна-заводскага навучання Мінскага мясакамбіната, — расказала дырэктар установы Святлана Васільеўна Андрэева. — Сёння каледж — сучасная ўстанова адукацыі, дзе вядзецца падрыхтоўка па 6 спецыяльнасцях, 11 кваліфікацыях узроўню прафесійна-тэхнічнай і 2 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У гэтым годзе каледж прыме на навучанне больш за 300 чалавек. Першыя тыдні работы прыёмнай камісіі паказалі, што найбольш запатрабаванымі сярод паступаючых з’яўляюцца такія кваліфікацыі, як “кухар”, “кулінар мучных вырабаў”, “вытворца мясных паўфабрыкатаў”, “афіцыянт”. Вялікую цікавасць у абітурыентаў выклікаюць і тэхнічныя спецыяльнасці: “Слесар-зборшчык бытавой тэхнікі” і “Машыніст халадзільных установак”.

З новага навучальнага года для выпускнікоў з базавай адукацыяй у каледжы бу­дзе адкрыта новая спецыяльнасць з атрыманнем кваліфікацый “кухар”, “абвальшчык”. На сёння план набору выкананы на 50%. Як бачыце, усе прафесіі вельмі цікавыя і запатрабаваныя на рынку працы.

Трэба адзначыць, што выпускнікі кале­джа, якія паступілі на базе 9 класаў, пасля заканчэння ўстановы атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю і прафесію, а таксама  могуць працягнуць навучанне ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі нашай краіны.

Пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі выпускнікі каледжа маюць магчымасць працягнуць навучанне ў каледжы на ўзроўні ССА па такіх спецыяльнасцях, як “Мехатроніка” (спецыялізацыя “Мехатроніка (халадзільнае абсталяванне)”) і “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны (мяса і мясныя прадукты)”.

Для якаснай падрыхтоўкі кадраў ва ўстанове створана сучасная матэрыяльная база, якая пастаянна абнаўляецца.

Як паведаміла дырэктар каледжа, для падрыхтоўкі спецыялістаў халадзільнай галіны ў 2013 годзе ў каледжы быў адкрыты рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў для прадпрыемстваў хала­дзільнай галіны. У рамках Дзяржаўнай пра­грамы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады рэсурсны цэнтр аснашчаны ўнікальным сучасным абсталяваннем, аналагаў якому няма  ні ў адной установе адукацыі нашай краіны.

Абнаўляецца і мадэрнізуецца база па падрыхтоўцы спецыялістаў грамадскага харчавання. З верасня адчыніць свае дзверы яшчэ адна сучасная лабараторыя, дзе будуць праходзіць практычнае навучанне тыя,  хто вучыцца па кваліфікацыі “кухар”, “кулінар мучных вырабаў”. У каледжы навучэнцам даецца магчымасць выбару ў атрыманні дадатковай кваліфікацыі.

Святлана Васільеўна расказала, што адукацыйны працэс у каледжы ажыццяўляюць вопытныя выкладчыкі і май­стры вытворчага навучання, больш за палову з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Сярод педагогаў — аўтары вучэбных выданняў выкладчыкі В.С.Мычко, І.М.Амбражэй, пераможцы міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэр­ства майстры вытворчага навучання В.П.Вайцяховіч, Р.М.Юковіч, уладальнік прэміі Мінгарвыканкама  А.У.Рэмізевіч і інш. Нельга не сказаць пра майстроў вытворчага навучання С.С.Недашкоўскую, Н.В.Аднаральчык, В.В.Цыкра, якія аддалі сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі дзясяткі гадоў свайго жыцця.

Каледж ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія сёння працуюць на прадпрыемствах мясаперапрацоўчай, фармацэўтычнай і хала­дзільнай галін, на аб’ектах грамадскага харчавання Беларусі.

— Мы чакаем у нашым каледжы выпускнікоў 9-х і 11-х класаў, — адзначыла Святлана Васільеўна. — Моладзь, якая зрабіла правільны прафесійны выбар, мае гарантыю сваёй паспяховай будучыні. Мы запрашаем на навучанне выпускнікоў школ з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія жадаюць стаць прафесіяналамі сваёй справы і быць паспяховымі грамадзянамі нашай краіны.

Ала КЛЮЙКО.