Правільны выбар

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Што такое для педагога ўзнагарода нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”? Гэта пацвярджэнне прафесіяналізму і правільнасці выбару, які чалавек зрабіў у момант, калі вырашыў стаць настаўнікам.

Аднойчы такі выбар зрабіла і выпускніца гомельскай сярэдняй школы № 33 Алена Юр’еўна Сурава. Пра сваю школу яна кажа як пра “дом, дзе ўсе мы былі шчаслівымі вучнямі”. Мабыць, менавіта з гэтых адчуванняў і бярэ свой пачатак зерне, з якога вырастае сапраўдны педагог. Пасеянае настаўнікамі ў душы школьніцы, яно ўжо не магло загінуць. Калі ёсць прыклад таго, як можна рэалізавацца ў прафесіі, то ці станеш шукаць чаго лепшага? Таму шлях Алены Суравай з гомельскай школы ляжаў у Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай (цяпер — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна). А праз пяць гадоў дзяўчына вярнулася ў родную школу, толькі ўжо настаўнікам пачатковых класаў.

Вучыць малых першым літарам, выводзіць разам з імі першыя знакі ў сшытку, выяўляць і развіваць іх здольнасці — гэта сапраўды няпростая, вельмі адказная задача настаўніка. Затое і плата за яе вялікая — удзячнасць і памяць дзяцей, якія прайшлі праз яго рукі. А такіх у Алены Юр’еўны некалькі дзесяткаў.

Сёння А.Ю.Сурава працуе галоўным спецыялістам аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Яе добрасумленнасць, ініцыятыўнасць і адказнасць робяць Алену Юр’еўну чалавекам паважаным і высокапрафесійным. Яна патрабавальная як да іншых, так і да сябе. У яе адказны участак работы: профільнае навучанне, эксперыментальныя і інавацыйныя праекты, алімпіядны рух і падрыхтоўка навучэнцаў і педагогаў да алімпіяд, конкурсаў і канферэнцый.

— Калі ў цябе ёсць такія падначаленыя, як Алена Юр’еўна Сурава, ты можаш працаваць на поўным даверы, — прызнаецца начальнік аддзела Наталля Сапрыка. Яна ніколі не кіне работу, калі тая не выканана выдатна. Што яшчэ вельмі каштоўна, дык гэта тое, што чалавек здольны прафесійна планаваць дзейнасць і аператыўна прымаць кіраўніцкія рашэнні.

У адукацыйнай сферы А.Ю.Сурава амаль 30 гадоў. Яна не проста чыноўнік, яна практык, а таму мае добрае разуменне, што трэба педагогам і дзецям, як лепш падысці да таго ці іншага пытання. Прафесійныя поспехі Алены Юр’еўны ўжо неаднаразова былі адзначаны Міністэрствам адукацыі, а нядаўна яна атрымала высокае званне выдатніка адукацыі. Пра што яна думала, трымаючы ў руках такую ўзнагароду? Здаецца, пра тое, што некалі зрабіла правільны выбар.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.