Дашкольнік кожны дзень сутыкаецца з новымі для яго прадметамі і з’явамі. Аднак набыццё ўяўленняў пра навакольны свет без адпаведнага кіраўніцтва з боку дарослых ідзе бессістэмна, памылкова, балюча. Лепш, калі гэтае кіраўніцтва ажыццяўляецца з удзелам прафесіяналаў, якія дапамогуць дзіцяці засвоіць першыя навыкі па арганізацыі бяспекі жыццядзейнасці.
Работу з дзецьмі па фарміраванні асноў пажарнай бяспекі я пачала з другой малодшай групы. Для гэтага ўзросту характэрна наглядна-дзейснае і наглядна-вобразнае мысленне. Пазнанне навакольнага свету пачынаецца з адчуванняў і ўспрыманняў. У дзяцей фарміруецца здольнаць свядомага запамінання. Калі ва ўзросце ад года да двух ім дастаткова кароткіх падказак тыпу “нельга”, “балюча”, сказаных з адпаведнай інтанацыяй, па якой дзеці вызначаюць сэнс новых для іх слоў, то пасля двух гадоў ужо неабходна тлумачыць з’явы, вылучаць істотнае і неістотнае.
У двухгадовых дзяцей яшчэ недастатковы слоўнікавы запас, каб распытаць дарослых аб прадмеце, які прыцягнуў увагу. А ў 3—4 гады яны ўжо проста бяруць прыклад са старэйшых: бачылі, як бацькі запальвалі запалкі — нічога не здаралася, а з’яўленне агеньчыка зацікавіла. Калі не растлумачыць своечасова малышу небяспеку, якая суправаджае полымя, пажару не мінуць. Таму на занятках па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” з дзецьмі малодшых груп я выкарыстоўвала тлумачальныя гутаркі, абапіраючыся на карцінкі, ілюстрацыі з дзіцячых кніг і інш. На занятках па адукацыйнай галіне “Развіццё маўлення і культура моўных зносін” для самых маленькіх азнаямленне з правіламі пажарнай бяспекі праводзіла з дапамогай твораў мастацкай літаратуры. Прачытаўшы ўрывак з верша К.Чукоўскага “Путаница”, звярнула ўвагу дзяцей на небяспеку запалак. Зразумелы для гэтага ўзросту і “Кошкин дом” С.Маршака.
Дзецям сярэдняй групы даступна абследаванне прадметаў, назіранне за зразумелымі для іх з’явамі, вылучэнне прымет, параўнанне, абагульненне, вызначэнне і разуменне прычынна-выніковых сувязей. У гэты перыяд цікавымі для дзяцей на занятках былі апавяданні “Пожар”, “Рассказ о неизвестном герое” С.Маршака, “Дядя Стёпа” С.Міхалкова, “Спички”, “Лампочка” з кнігі В.Равіцкага “Друзья в твоем доме”, “Пожарные собаки” Л.Талстога, “Спичка-невеличка” А.Харынскай. Пасля чытання гэтых твораў, я не толькі падрабязней спынялася на пэўных момантах, але і ўцягвала дзяцей у размову.
Вельмі вялікую карысць прынесла выкарыстанне на занятках гульнявых метадаў, у якія непрыметна ўносіліся элементы правіл пажарнай бяспекі. У гэтым плане выдатна спрацоўваў прыём апасродкаванага ўздзеяння на дзяцей праз лялечны персанаж, цацку, у тым ліку і ацэначнага характару. Напрыклад, пажарная машынка або слонік-пажарны расказваў, як ён стаміўся, пакуль тушыў пажар, які ўзнік па віне капрызнага дзіцяці. Варыянтаў такой гульні вялікая колькасць. Былі праведзены заняткі па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” на тэму “Агонь — наш сябар, агонь — наш вораг”, мэта якіх — раскрыць прызначэнне прафесіі пажарнага, сфарміраваць уяўленні дзяцей пра пажарную бяспеку. Замацаваць атрыманыя ўяўленні пра асноўныя правілы пажарнай бяспекі дапамаглі таксама заняткі на тэму “Давайце не сварыцца з агнём”.
У старшай групе работу з дзецьмі па фарміраванні асноў пажарнай бяспекі праводзіла пастаянна, таму што дзеці павінны авалодаць навыкамі свядомых паводзін у любой пажарнай сітуацыі, а гэта адбудзецца толькі ў выніку сістэматычнага правядзення ўмела арганізаваных заняткаў, напрыклад, у форме апавядання пра пажары, прычынай якіх стала дзіцячае свавольства з агнём.
Кожны выпадак я тлумачыла, выкарыстоўваючы закончаны сюжэт, разам з дзецьмі давалі ацэнку і рабілі выснову. Я старалася, каб дзеці станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі гутаркі, не толькі слухалі, але і расказвалі пра пажары, якія яны бачылі, якія маглі б або адбыліся па іх віне. Ажыўленню размовы спрыялі пытанні, фрагменты з дзіцячых песень і вершаў, загадкі, прыказкі.
Пры правядзенні спецыяльна арганізаванай дзейнасці выкарыстоўвала правіла, што дзіця лепш засвойвае матэрыял у наглядна-дзейснай форме з апорай на непасрэднае (практычнае) або гульнявое дзеянне з прадметамі, якое адлюстроўвае рэальную сітуацыю. Актыўна прымяняла на занятках наглядныя сродкі і дапаможнікі, неабходныя для лепшага ўспрымання, дэманстрацыйны матэрыял, дыдактычныя гульні на пажарныя тэмы, забяспечыўшы тым самым іх уваходжанне ў дзіцячую памяць, звяртала пры гэтым увагу на ненадакучлівасць вучэбнага моманту, выкарыстоўваючы перш за ўсё ў якасці метаду асабісты прыклад.
Выкарыстоўвала ў працэсе заняткаў макеты і цацкі, якія імітуюць пажарную тэхніку і пажарна-тэхнічнае ўзбраенне (пажарныя шчыты, каскі, ствалы, рукавы і г.д.), вырабленыя з удзелам дзяцей. Пры навучанні выкарыстоўвала перш за ўсё гульнявыя прыёмы і формы, якія спрыяюць прыцягненню ўвагі дзяцей да пастаўленай задачы і ў значнай ступені аблягчаюць яе вырашэнне. Спецыяльна арганізаваная дзейнасць праводзілася ў форме экскурсій у пажарную часць, а таксама экскурсій па дзіцячым садзе з мэтай знаёмства дзяцей з кутком пажарнай бяспекі, сістэмай апавяшчэння, сродкамі тушэння пажару, эвакуацыйнымі шляхамі.
Праводзіла заняткі ў форме літаратурнай віктарыны па прачытаных творах з мэтай замацавання ўяўленняў дзяцей пра розныя ўласцівасці агню, фарміравання цікавасці да мастацкай літаратуры. Пры правядзенні заняткаў дэманстравала слайды “Агонь у карцінках і загадках”. Эмацыянальна яркія моманты на занятках ствараліся пры дапамозе прыказак, прымавак, загадак пра пажар і агонь.
Самым эфектыўным аказалася ўключэнне бацькоў у адукацыйны працэс, калі на занятках на тэму “Пажарныя — людзі адважныя” быў запрошаны дзядзька адной з выхаванак групы. Ён расказваў пра сваю прафесію.
Узбагаціць уяўленні дзяцей пра ўласцівасці агню дапамагла пазнавальная даследчая дзейнасць. Праведзеныя выхавальнікам на занятках па адукацыйнай галіне “Дзіця і прырода” доследы “Небяспечныя запалкі”, “Небяспечная свечка”, “Бенгальскія агні” паказалі дзецям небяспеку самастойнага выкарыстання запалак, свечак і інш. Вялікую ролю ў набыцці дзецьмі навыкаў паводзін пры пажары мела выкарыстанне ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці тэматычных гульняў, мадэляванне канкрэтных сітуацый, што дапамагае знайсці правільны выхад з той ці іншай крытычнай сітуацыі (“Пажар у лесе”, “Пажар у кватэры” і інш.).
Некаторыя заняткі праводзіла ў пакоі бяспекі, арганізаваным ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Створанае прадметнае асяроддзе дапамагло пазнаёміць дзяцей са сродкамі пажаратушэння, экіпіроўкай пажарнага-ратавальніка, спецыяльнай тэхнікай і інш. Тэма супрацьпажарнай бяспекі выкарыстоўвалася на занятках па адукацыйнай галіне “Мастацтва: выяўленчая дзейнасць”. Дзеці малявалі, рабілі аплікацыі, ляпілі, стваралі з дапамогай разнастайных канструктараў работы на тэмы “Мой дом”, “Мой дзіцячы сад”, “Ратавальнікі — людзі адважныя” і інш.
Разглядаючы плакаты, карціны, ілюстрацыі ў кнігах, выхаванцы выконвалі калектыўныя творчыя работы “Агонь добры і злы”, “Захаваем свой дом ад агню”, “Спички не тронь — в спичках огонь!” і інш. На занятках па адукацыйнай галіне “Фізічная культура” дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў трэніроўцы “Пажарныя на вучэннях”, дзе выконвалі такія практыкаванні, як “Моцныя пажарныя”, “Змотваем рукавы”, “Пампуем ваду”, “Тушым пажар” і інш., і ў эстафеце “Смелыя пажарныя”, дзе паказалі сваю спрытнасць.
Работа ўстановы адукацыі па засваенні дзецьмі правіл пажарнай бяспекі можа быць эфектыўнай толькі пры ўмове яе супрацоўніцтва з бацькамі. Бацькі для дзіцяці з’яўляюцца аб’ектам любові і пераймання, прыкладам паводзін. Менавіта гэта павінны памятаць таты і мамы.
З мэтай замацавання ў дзяцей дашкольнага ўзросту ўяўленняў, атрыманых у працэсе спецыяльна арганізаванай дзейнасці, і фарміравання ў іх навыкаў пажарнай бяспекі да работы актыўна далучаліся бацькі. З дапамогай анкеты “Адкуль небяспека” выявіўся шэраг праблем і недастатковы ўзровень дасведчанасці бацькоў і іх дзяцей у веданні прычын узнікнення небяспечных сітуацый і паводзін у іх, што дазволіла мне вызначыць і спланаваць шляхі, формы, метады наступнай работы.
Я наладзіла кантакт з сем’ямі выхаванцаў такім чынам, што бацькі, якія раней пасіўна прымалі інфармацыю, сталі актыўна яе засвойваць. Асноўную ўвагу ў рабоце з бацькамі ўдзяляла зместу і актыўным метадам падачы педагагічных ведаў па пытаннях пажарнай бяспекі, выбару дэмакратычных форм зносін і ўліку педагагічнай актыўнасці бацькоў, клапацілася пра тое, каб кожныя заняткі былі арыгінальнымі. Праводзіла з бацькамі гутаркі на тэму дзіцячага свавольства з агнём, дзеянняў пры ўзнікненні пажару і небяспекі знаходжання дзяцей без нагляду, выкарыстоўваючы пры гэтым відэаролікі. Арганізоўвала выступленні перад бацькамі пажарных інспектараў і ўрачоў, якія з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі дзяцей нашай групы. Бацькі аказвалі мне дапамогу ў вырабе пажарнага рэквізіту, падрыхтоўцы нагляднага матэрыялу для заняткаў, афармленні стэндаў з дзіцячымі работамі на супрацьпажарную тэму.
Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці да канца дашкольнага ўзросту ў дзяцей адзначаецца наступнае: сфарміраваліся ўяўленні аб прафесіі пажарных, іх асобасных якасцях; засвоены правілы бяспечнага карыстання прадметамі побыту, у прыродзе з мэтай недапушчэння пажаранебяспечных сітуацый; сфарміравалася здольнасць вызначаць бяспечныя ўмовы для жыццядзейнасці і прадухіляць небяспечныя сітуацыі; пашырылася кола звестак і ўяўленняў пра навакольны свет прадметаў і адносін паміж людзьмі, узбагаціўся практычны вопыт; актывізаваліся маўленчыя зносіны.
Святлана ХРАМЯНКОВА,
выхавальніца ясляў-сада № 70 Магілёва.