Правілы бяспекі — на практыцы!

- 15:18Нам пішуць

Пытанні бяспекі жыццядзейнасці дзяцей заўсёды актуальныя для настаўнікаў і бацькоў. У навучэнцаў 5-х класаў сярэдняй школы № 5 Навагрудка з’явілася магчымасць адкрыць штосьці новае на практычных занятках у цэнтры МНС Ліды.

У пазнавальнай форме з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій цікава і змястоўна арганізавалі экскурсію. Дзеці віртуальна апынуліся ў асяроддзі, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі.

Увесь цэнтр разбіты на інтэрактыўныя і абсталяваныя сучаснымі гаджэтамі сектары. У сектары “Выклік” адпрацоўваўся алгарытм выкліку службы ратавання. На малюнках розных кабінак прадстаўлена надзвычайная сітуацыя, аб якой дзеці павінны правільна паведаміць дыспетчару па тэлефоне.

У “Лясным” сектары навучэнцы паглядзелі мультфільм і даведаліся, як трэба паводзіць сябе ў лесе. Сектар “Выратаванне на вадзе” прадстаўлены “басейнам”, які запоўнены пластыкавымі шарыкамі, а ў ім — манекен, тапелец, якога трэба выратаваць. Манекен цяжкі, выцягнуць яго на бераг — задача не з простых. Але вучань 5 “Б” класа Максім Крывапуст з дапамогай інструктара добра справіўся з роляй ратавальніка.

Дзеці вучыліся аказваць першую дапамогу ў сектары “Медыцына”. Супрацоўнікі цэнтра прапанавалі прайсці па задымленым памяшканні. У цёмным пакоі не адразу зразумееш напрамак. Пакой у дыме выглядае па-іншаму, і арыентавацца ў прасторы пачынаеш толькі праз некалькі хвілін.

У сектары “Ліфт” навучэнцам расказалі пра дзеянні ў выпадку аварыйнага прыпынку ліфта. А ў сектары “Горад” інструктар правяла навучанне правілам дарожнага руху і бяспечных паводзін на вуліцах горада з дапамогай дарожных знакаў і кіраваных святлафораў.

Напрыканцы дзецям прапанавалі прайсці тэст, каб праверыць свае веды. Гэта заданне выхаванцы выканалі на выдатна.

Усю дарогу дахаты хлопчыкі і дзяўчынкі бурна абмяркоўвалі ўбачанае, разглядалі фотаздымкі. Вядома, такая экскурсія незабыўная!

Ірына БЫСТРЫК,
класны кіраўнік 5 “Б” класа сярэдняй школы № 5 Навагрудка.