Праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне распаўсюджвання каранавіруса

Каранавірус у Беларусі выяўлены ў студэнта БНТУ, ВНУ пераводзіцца на індывідуальнае навучанне. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

“27 лютага тэсты, праве­дзеныя ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, паказалі наяўнасць каранавіруса 2019-nCoV у аднаго са студэнтаў з Ірана, які прыбыў рэйсам з Баку 22 лютага, — расказалі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя. — Пацыент і асобы, якія кантактавалі з ім, знаходзяцца ў закрытых боксах у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. Малады чалавек адчувае сябе здавальняюча”.

Улічваючы пагаршэнне эпідэмічнай абстаноўкі ў Рэспубліцы Карэя, Іране і Італіі, Міністэрствам аховы здароўя Беларусі было прынята рашэнне праводзіць абследаванні і лабараторную дыягностыку ўсіх грамадзян, якія прыбываюць з названых краін у перыяд з 20 лютага.

“ВНУ, у якой выявілі выпадак каранавіруса, пераво­дзіцца на індывідуальную пра­граму навучання. Гэта БНТУ”, — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, маладога чалавека выклікалі на абследаванне ў 33-ю паліклініку Мінска. На момант агляду ён скаргаў не прад’яўляў. “Але медыцынскіх работнікаў насцярожыла невялікая тэмпература, 37,3 градуса, пачырваненне ў горле. Ён быў дастаўлены ў інфекцыйную бальніцу, дзе былі ўзяты мазкі і пацверджана наяўнасць сямейства каранавірусаў. Цяпер мы ўдакладняем, наколькі гэта эпідэміялагічны штам”, — праінфармаваў Уладзімір Каранік.

“Мы адразу ж прадэманстравалі адкрытасць і праінфармавалі грамадскасць і Сусветную арганізацыю аховы здароўя”, — падкрэсліў міністр.

У краіне праводзяцца санітарна-эпідэмічныя мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне распаўсюджвання каранавіруса 2019-nCoV.