Правы дзяцей: ад разумення да ацэнкі

На базе Нацыянальнага прэс-цэнтра прайшла анлайн-канферэнцыя “Эфектыўная абарона правоў дзяцей уразлівых груп: ад разумення да ацэнкі” ў рамках мерапрыемстваў з нагоды 20-годдзя дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без меж”. Дзейнасць аб’яднання накіравана на падтрымку дзяцей з інваліднасцю і дзяцей, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, частка з якіх пражывае ў інстытуцыйных установах (дамах-інтэрнатах і закрытых установах). Вопытам у сферы рэалізацыі правоў дзяцей дзяліліся спікеры з Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Нарвегіі і Швецыі. Таксама ў мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў — БелАДДІіМІ і Беларускага дзіцячага хоспіса.

Канферэнцыю наведалі больш за 700 чалавек. Сярод удзельнікаў — спецыялісты дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, супрацоўнікі сістэмы ААН, прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі, настаўнікі агульнаадукацыйных школ, спецыялісты СПЦ, ЦКРНіР, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый Беларусі.

У вітальным слове старшыня ДГА “Свет без меж” Аляксей Ананенка адзна­чыў: “У праграму мы ўключылі пытанні, якія з’яўляюцца ключавымі для паспяховай рэалізацыі правоў дзяцей уразлівых груп. Гэта пытанні маніторынгу становішча дзяцей з інваліднасцю і дзяцей, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, блок пра тое, як такім дзецям расказаць аб іх правах, навучыць жыць у прававым полі, а таксама секцыя, прысвечаная прыкладным методыкам работы з дзецьмі, у якіх назіраюцца праблемныя паводзіны”.

У першы дзень канферэнцыі з назіраннямі аб становішчы ў сферы правоў дзяцей у Беларусі выступіла Веліна Тодарава, намеснік старшыні Камітэта ААН па правах дзіцяці. Спікер нагадала, што ўсе правы, замацаваныя ў Канвенцыі аб правах дзіцяці, у такой жа ступені нале­жаць дзецям з інваліднасцю і дзецям, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам. Ганна Бітава, старшыня праўлення РДГА “Цэнтр лячэбнай педагогікі”, член савета пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі па пытаннях папячыцельства ў сацыяльнай сферы, падзялілася вопытам прафілактыкі змяшчэння дзяцей у стацыянарныя ўстановы, развіцця прыярытэту аказання дапамогі дома і ў паўстацыянарнай форме, стварэння альтэрнатыўных форм работы для людзей з інваліднасцю. Лінет Барэт, кіруючы дырэктар, і Дэвід Фінч, дырэктар па міжнародным развіцці National Star College (Вялікабрытанія), партнёры ДГА “Свет без меж” у галіне стварэння сістэмы маніторынгу, расказалі пра найбольш эфектыўныя прынцыпы і метады, якія можна выкарыстоўваць падчас маніторынгу і абароны правоў дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі. Мажэна Рафальска, міжнародны кансультант ЮНІСЕФ у сферы адукацыі, эксперт Савета Еўропы і Еўрапейскага цэнтра Вергеланда, падкрэсліла, што многія дарослыя прадузята мяркуюць, быццам прававая адукацыя цяжка даецца дзецям і гэтую тэму варта ўзні­маць у больш старэйшым узросце: “Дзяцінства — ідэальны час, каб па­чаць навучанне аб правах чалавека. Працэс гэтага навучання працяг­ваецца ўсё жыццё. Дзеці мо­гуць не ведаць юрыдычных тэрмінаў, што такое “канвенцыя”, “дыскрымінацыя”, “правасуддзе”, але ў раннім узросце яны разумеюць, ці справядліва з імі абышліся. Яны адчуваюць, калі парушаецца іх годнасць”. Дырэк­тар па прававых пытаннях у Санкт-Пецярбургу ДГА “Перспектыва” Кацярына Таранчанка расказала пра змены ў расійскім заканадаўстве, якія ўплываюць на працэсы дэінстытуцыяналізацыі дзяцей з інваліднасцю.

У другі і трэці дні канферэнцыі ўдзельнікам прэзентавалі вынікі праек­та “Ведаць, каб дапамагаць” — сістэму маніторынгу правоў дзяцей з інваліднасцю ў інтэрнатных установах і дапаможнік для спецыялістаў дамоў-інтэрнатаў па навучанні дзяцей з інваліднасцю правам дзіцяці. Іх распрацоўкай займалася група трэнераў, у якую ўвайшлі спецыялісты інтэрнатных устаноў. Праект “Ве­даць, каб дапамагаць” рэалізуецца ДГА “Свет без меж” сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны пры падтрымцы няўрадавай арганізацыі “ЭРЫКС партнёр па развіцці” (Каралеўства Швецыя) са жніўня 2018 года. Праект накіраваны на вывучэнне і апрабацыю міжнародных стандартаў маніторынгу і ацэнкі рэалізацыі правоў дзяцей з інваліднасцю; новых падыходаў па пашырэнні магчымасцей дзяцей з інваліднасцю карыстацца правамі, гарантаванымі Канвенцыяй аб правах дзіцяці і Канвенцыяй аб правах інвалідаў. Мэты праекта адпавядаюць нацыянальным інтарэсам, перспектывам развіцця, планам і стратэгіям у галіне сацыяльнай абароны, а таксама заканадаўству і міжнародным абавязацельствам Беларусі.

У чацвёрты дзень канферэнцыі па тэме “Дзеці ў канфлікце з законам: ад канфлікту да інклюзіі” выступілі эксперты са Швецыі, Нідэрландаў, Нарвегіі і Бельгіі. Роберт Орэл, член сеткі па пытаннях радыкалізацыі Еўрапейскага саюза, расказаў аб папярэджванні маладзёжнага экстрэмізму. Ганаровы прафесар спецыялізаванага ўніверсітэта VID у Осла Кнут Гюндерсон выступіў з прэзентацыяй інавацыйнай методыкі работы з цяжкімі падлеткамі — ART (праграма замяшчэння агрэсіі). Спікер з Нідэрландаў Янік ван дэн Брынк асвятліў пытанні правасуддзя па справах моладзі і міжнародныя стандарты правоў дзяцей. Спікер з Бельгіі, эксперт па канфлікталогіі Марк Барвік, падрабязна разабраў тэматыку канфлікту і кіраванне ім. Эстэтычны інструктар і трэнер Хрысціна Кастронава пазнаёміла ўдзельнікаў з метадам нейраграфікі і яго эфектыўнасцю. Юсеф Йебары, прэзідэнт Стакгольмскай дабрачыннай арганізацыі “Цягнік будучыні”, расказаў аб мета­дзе АВС (метад работы з дзецьмі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі).

Канферэнцыя стала дыялогавай пляцоўкай, дзе прадстаўнікі дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый у сферы рэалізацыі правоў дзяцей змаглі падзяліцца сваімі ведамі і вопытам, выпрацаваць сумесны кірунак, якога будуць прытрымлівацца ў пытаннях абароны правоў дзяцей.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.