Праз адпачынак да навукі

- 10:58Нам пішуць

Ужо трэці год запар, мяне, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Радунскай сярэдняй школы, запрашаюць займацца з адоранымі школьнікамі ў дзіцячы профільны аздараўленчы лагер “Навука”, які штогод арганізоўваецца галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Знаходзіцца ён у аграгарадку Азёры Гродзенскай вобласці — месца казачнай прыгажосці, дзе ўсё спрыяе добраму адпачынку.

Я рыхтую вучняў да напісання водгуку на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Дзеці, якія збіраюцца тут, аб’яднаныя любоўю да прадмета і ведаюць нашмат больш, чым патрабуе школьная праграма. Таму ад выкладчыка чакаюць грунтоўнай падрыхтоўкі: неабходна знайсці багаты раздатачны матэрыял, падабраць разнастайныя і цікавыя творы беларускай літаратуры для аналізу і напісання водгукаў. Тут не прыходзіцца наракаць на абмежаваную колькасць гадзін, на рамкі планавання, на тое, што дзеці не прачыталі тэкст. Усё за выкладчыкам: сам плануеш, размяркоўваеш матэрыял, выбіраеш патрэбны. Галоўнае — навучыць пісаць водгук і сістэматызаваць веды.

Я вучу дэманстрацыі чытацкага досведу, аналізу мастацкіх сродкаў, абгрунтаванню ўласных уражанняў, ілюстрацыі аўтарскай пазіцыі. Час на занятках ідзе хутка, пасля кожнага — рэфлексія: што атрымалася, а над чым яшчэ трэба папрацаваць. Так назапашваецца выкладчыцкі досвед, на наступны год прыдумваеш іншыя віды і формы работы, каб не паўтарацца, каб быць карысным гэтым маладым інтэлектуалам.

Уражваюць не толькі іх веды, але і шчырае стаўленне да роднай мовы. На нашы заняткі запрашаюць навучэнцаў, што прыехалі займацца іншымі прадметамі, і запальваюць іх цікавасцю да беларускай літаратуры: перамога, можа, нават больш значная, чым дыплом на алімпіядзе.

Дзякую арганізатарам і кіраўнікам лагера за магчымасць апынуцца ў такім месцы і мець дачыненне да станаўлення будучыні нашай нацыі.

Святлана Юльянаўна КАМПАНЕЕЦ,
настаўнік — трэнер па беларускай мове і літаратуры
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.