Праз дыялог — да актыўнага ўзаемадзеяння

Магілёўшчына рыхтуецца прыняць V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У яго праграме шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё адносін паміж суседнімі дзяржавамі ў розных сферах. Усе яны аб’яднаны пад эгідай Тыдня інтэграцыі і супрацоўніцтва. Адно з мерапрыемстваў — форум моладзі Бранскай і Магілёўскай абласцей — адбылося надоечы.

У горадзе на Дняпры сабраліся дзясяткі актыўных маладых людзей з суседніх рэгіёнаў. Адкрываючы форум, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што старэйшае пакаленне абавязана перадаць моладзі ўвесь назапашаны вопыт па пабудове Саюзнай дзяржавы, умацаванні братэрства. Гэты момант вельмі важны, паколькі за моладдзю — будучыня, лёс двух народаў і іх узаемаадносін.

— Таму да абмеркавання любых, нават самых прыярытэтных і праблемных пытанняў, якія тычацца развіцця эканомікі, аграрнага сектара рэгіёна і краіны, абавязкова трэба падключаць маладых, — падкрэсліў Уладзімір Віктаравіч.

Адметна, што Магілёўская вобласць была і застаецца надзейным сацыяльным і эканамічным партнёрам Браншчыны. Пра гэта сведчаць вынікі знешнегандлёвага супрацоўніцтва, цесныя кантакты ў сферах навукі, культуры, інфармацыйнага абмену, вучэбна-метадычнае партнёрства. Так, плённае ўзаемадзеянне адбываецца паміж Бранскім дзяржаўным універсітэтам імя Пятроўскага і Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя Куляшова, Бранскім дзяржаўным універсітэтам і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй, Бранскім тэхнічным універсітэтам і Беларуска-Расійскім універсітэтам.

— Гэты маладзёжны форум павінен дадаць новы імпульс супрацоўніцтву Бранскай і Магілёўскай абласцей. Даць больш актыўнасці і ўзаемадзеяння ў маладзёжным і студэнцкім абмене, сумеснай рабоце па студатрадаўскаму руху, валанцёрстве, рэалізацыі канкрэтных праектаў у сферах навукі і адукацыі, развіцці студэнцкага турызму, — адзначыў намеснік губернатара Бранскай вобласці Уладзімір Абаротаў.

З прывітальным словам да моладзі звярталіся таксама старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык і намеснік старшыні Бранскай абласной Думы Анатоль Бугаёў. Яны акцэнтавалі ўвагу прысутных на тым, што маладзёжны дыялог невыпадкова стаў першым знакавым мерапрыемствам у радзе прымеркаваных да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Менавіта маладым людзям неўзабаве трэба будзе будаваць і развіваць эканоміку дзвюх дзяржаў. Таму такія сустрэчы — залог паспяховага ўзаемадзеяння ў будучыні.

На пленарным пасяджэнні бакі дэталёва абмеркавалі ўмовы, створаныя для самарэалізацыі моладзі ў двух рэгіёнах. Прадоўжыўся міжрэгіянальны дыялог у ходзе работы тэматычных секцый. Маладыя людзі гутарылі аб адзінай гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі і Расіі, валанцёрскіх праектах, адукацыі, маладзёжным прадпрымальніцтве, прафесіях будучага, гераічным мінулым сваіх брацкіх народаў, іх подзвігу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Важнай выніковай падзеяй форуму стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскай абласной арганізацыяй Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Бранскім рэгіянальным аддзяленнем маладзёжнай агульнарасійскай грамадскай арганізацыі “Расійскія студэнцкія атрады”. Дакумент прадугледжвае садзейнічанне пашырэнню ўзаемавыгадных сувязей паміж арганізацыямі. Ён накіраваны на сумесную работу над сацыяльнай актыўнасцю моладзі, павышэнне значнасці студэнцкіх атрадаў, супрацоўніцтва па выхаванні будучых спецыялістаў і паляпшэнні якасці іх прафесійнай адаптацыі, а таксама арганізацыю форумаў, дыялогавых пляцовак, семінараў, сустрэч-прэзентацый, фестываляў.

Кантакты паміж бранскай і магілёўскай моладдзю зараз выходзяць на новы ўзровень. Развіццю ўзаемаадносін істотна паспрыяла правядзенне форуму “Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Бранскай і Магілёўскай абласцей у сферы маладзёжнай палітыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы”, які адбыўся 2 гады назад. Цяперашні форум мае шэраг адметных асаблівасцей. Ён праходзіць у два этапы. Пасля дыялогу на тэрыторыі Прыдняпроўскага краю маладыя людзі сустрэнуцца на Браншчыне. Галоўная мэта ўсяго мерапрыемства — выпрацоўка канкрэтных форм узаемадзеяння моладзі, якія ў далейшым будуць рэалізаваны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Вольгі ТКАЧОВАЙ.