Праз дзесяцігоддзі побач з настаўнікам

Мінулы год быў надзвычай багаты на падзеі для ўсёй айчыннай педагагічнай грамадскасці. Летась мы адзначылі 70-годдзе Вялікай Перамогі і разам з нашымі выхаванцамі падтрымлівалі ветэранаў вайны, даследавалі невядомыя старонкі Вялікай Айчыннай, дапамагалі дзецям усвядоміць, што самае важнае ў сучасным свеце — жыць пад мірным небам. У Год моладзі мы штодзень напаміналі сваім навучэнцам, што ім будаваць будучыню Беларусі, ім працаваць на роднай зямлі, праслаўляць яе імя і абараняць яе, калі гэта спатрэбіцца. Гэта быў знакавы год, таму што, як ніколі раней, мінулае і будучыня нашай Беларусі перапляліся і з’ядналіся. Без мінулага няма будучыні, а без будучыні няма наогул нічога.
Аднойчы для кожнага з нас наступае той момант, калі трэба спыніцца, задумацца над тым, што ты робіш і што ўжо зрабіў, колькі пройдзена дарог, а колькі з іх яшчэ наперадзе. Гэта быў слаўны год. Хтосьці з вас упершыню пераступіў школьны парог у новай якасці — настаўніка. Хтосьці выбраў для сябе новую вяршыню ў прафесійным удасканаленні, цярпліва ішоў да гэтай вяршыні і пакарыў яе. Хтосьці ўзяў пад сваё кіраўніцтва новы клас, новую дашкольную групу ці групу студэнтаў. Хтосьці знайшоў разуменне ў калег і кіраўнікоў, ажыццявіў смелую ідэю і атрымаў яшчэ адну падставу ганарыцца сабой як педагогам. І з кожным з нас была наша “Настаўніцкая газета”, якая напрыканцы 2015 года адсвяткавала 70-гадовы юбілей.
“Настаўніцкая газета” — равесніца перамогі. Наша газета не мае права быць слабай, невыразнай, непатрэбнай. Яна з’явілася тады, калі народу, які перамог фашызм, трэба было вяртацца да мірнага жыцця. Яна давала метадычныя парады настаўнікам, якія вярнуліся з фронту. Уявіце, якая гэта была асалода — пасля чорных дзён вайны вучыць дзяцей будаваць гарады, а не разбураць іх! “Настаўніцкая газета” ішла праз дзесяцігоддзі побач з настаўнікам і была яго верным сябрам.
Упэўнены, шаноўныя калегі, што ў нас з вамі — найлепшая прафесія ў свеце. І гэта нягледзячы на тое, што сёння ўсё часцей гучаць словы аб тым, што статус прафесіі настаўніка падае, што быць педагогам непрыстыжна, нямодна. Мала грошай, шмат праблем. Адным словам, ты не ў трэндзе, калі марыш вучыць дзяцей. Хто толькі прыдумаў гэтае глупства! Думаю, наўрад ці аб прэстыжы сваёй прафесіі задумваецца пераможца конкурсу “Настаўнік года-2014” настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 11 Маладзечна Мінскай вобласці Віктар Жук. Між іншым, па яго словах, на працоўным стале гэтага педагога амаль заўсёды можна знайсці свежы нумар “Настаўніцкай”, а ў бясконцым шэрагу загалоўкаў інтэрнэт-браўзера над іншымі ўзвышаецца nastgaz.by. Бачыце: газета ідзе побач з настаўнікам, як і сем дзесяцігоддзяў назад.
А вось словы яшчэ аднаго слыннага педагога — старшыні асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, старшага выкладчыка кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі ІПКіПК МДЛУ, настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска Інесы Зубрылінай: “Я люблю “Настаўніцкую газету” за тое, што яна не саромеецца пісаць добра пра добрае. У наш час гэта вялікая рэдкасць”. Сапраўды, парадавацца разам з калегам яго поспеху — рэдкасць. Зрабіць нешта не за грошы, а за “дзякуй” — рэдкасць. Дапамагчы блізкаму ад чыстага сэрца — рэдкасць. Мы з вамі рэдкія людзі, паважаныя педагогі, калегі, сябры, таму што ідзём па жыцці з велізарнай, неабдымнай місіяй — ВУЧЫЦЬ і ВЫХОЎВАЦЬ ЧАЛАВЕКА, бо не зважаем на ўласны час, аддаючы яго дзецям, аддаючы яго будучыні нашай дзяржавы.
Трыбунай для абмену педагагічным вопытам назваў “Настаўніцкую газету” Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка ў сваім віншаванні з нагоды 70-гадовага юбілею выдання. Заклікаю вас, шаноўныя калегі, часцей карыстацца нашай педагагічнай трыбунай і дзяліцца напрацоўкамі з іншымі педагогамі. Памятайце: сярод нас ёсць маладыя настаўнікі, якія толькі пачынаюць свой прафесійны шлях і якім ой як патрэбна падтрымка больш вопытнага педагога. Давайце разам пісаць гісторыю нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі, не застаючыся ў баку ад агучвання і вырашэння самых вострых праблем, якія хвалююць сучаснае грамадства. І тады ў нас наперадзе будзе яшчэ шмат цікавых, слаўных, у тым ліку і юбілейных гадоў. І будзе наша педагагічная гісторыя, аддрукаваная на старонках “Настаўніцкай газеты”.

Міхаіл ЖУРАЎКОЎ,
міністр адукацыі
Рэспублікі Беларусь.