Праз гады, праз адлегласці

“Хай між намі гады і гады, // Хай між намі ляглі кіламетры, // Хай твой адрас згублю і тады // Буду клікаць: “Настаўніца, дзе ты?” Гэтыя радкі вучаніцы, прысвечаныя ветэрану педагагічнай працы заслужанай настаўніцы БССР Зінаідзе Нічыпараўне Рыдлеўскай, даражэйшыя за самыя высокія ўзнагароды. Праз гады і адлегласці знаходзяць словы ўдзячнасці, шчырай любові ад былых выхаванцаў з розных куткоў ураджэнку вёскі Чарэі Чашніцкага раёна, а зараз жыхарку Крычына на Барысаўшчыне.

Ды ці толькі ад вучняў? Былую партызанку, педагога з гераічным мінулым, якая ў 17 гадоў атрымала медаль “За адвагу”, ведаюць нават у іншых краінах. Немалая заслуга ў гэтым франтавога карэспандэнта з Масквы Аляксандра Станавова, з якім яны сустрэліся ў дзень вызвалення Чарэі. На знакамітым здымку Зінаіда — разам са старэйшай сястрой Вольгай і бацькам. Рыдлеўскія яшчэ не паспелі сказаць: “Бывай, зброя!” У кожнага за плячыма — вінтоўка. Гэты момант усе трое будуць памятаць да апошняй хвіліны. Завяршалася аперацыя “Баграціён”. Партызаны Сенненскай брыгады, з якой быў звязаны баявы шлях гэтай сям’і, на вуліцах Чарэі сустрэліся з часцямі Чырвонай Арміі.

Нічыпар Цярэнцьевіч з дочкамі толькі-толькі пабываў на папялішчы свайго дома, спаленага фашыстамі. Сумныя, брылі яны па знаёмай вуліцы і нават не заўважылі, як насустрач выбег малады афіцэр з фотаапаратам. “Дык вось чаму мы перамаглі! — радасна крычаў незнаёмец. — У нас супраць ворага змагаліся цэлымі сем’ямі”. Ваенны прапанаваў сфатаграфавацца і сам выстраіў спатканых па росце. Вельмі прасіў усміхацца. Пасля перажытага гэта далося нялёгка, але не хацелася крыўдзіць фатографа, таму яны стараліся.

Як і шмат іншых фотаздымкаў Аляксандра Станавова, гэты трапіў на старонкі самай папулярнай айчыннай і замежнай перыёдыкі пасляваеннага часу. Сям’я Рыдлеўскіх з Чарэі стала для жыхароў пасляваеннай Еўропы адным з сімвалаў няскоранага народа. Далейшы лёс герояў са здымка складваўся па-за Чашніччынай. 50 гадоў назад апынулася ў вёсцы Крычына на Барысаўшчыне малодшая Зінаіда. Выкладала ў мясцовай школе родную мову і літаратуру.

“Чарэя, мая Чарэя”, — з чуллівай пяшчотай паўтарае яна, гартаючы пацьмянелыя ад часу здымкі. Яе малая радзіма такая далёкая, як даваеннае дзяцінства… Вось 15-гадовая Зінаіда разам з аднакласнікамі і настаўнікамі. Перадваенная вясна. Яшчэ ніхто не ведае, што гэтае фота — апошняе для сябровак Соні Фрыдман і Люсі Рупо. Яны загінулі ў 1942 годзе падчас расстрэлу гітлераўцамі яўрэйскага насельніцтва ў Чарэі. Яшчэ ніхто не ведаў, што брат Ларысы Іваноўскай стане Героем Савецкага Саюза. Яшчэ ніхто не ведаў, якое цяжкае юнацтва выпадзе ім, вясковым сямікласнікам.

Пацягнуліся цяжкія будні на акупаванай зямлі. Аднойчы на ганку чарэйскага дома Рыдлеўскіх з’явіўся муж старэйшай дачкі Марыі — Яўген Броцкі. Адправіўшы сям’ю ў эвакуацыю з Гомеля, сам марыў дабрацца да фронту, ды трапіў да ворага. Здолеў вырвацца і прыйшоў у хату цесця. У вёсцы ўжо сабралася шмат акружэнцаў. Бацька і дзяўчаты заўважалі: зяць часта адлучаецца, ён мае нейкую таямніцу, але распытваць не адважваліся. Уначы 22 снежня 1942 года раптам стала светла, як удзень. Палыхаў нямецкі гарнізон. Калі ўбачылі ўсхваляванага зяця, без слоў здагадаліся, адкуль ён вярнуўся. Яўген Вячаслававіч загадаў хуценька збірацца і ўцякаць. Не марудзілі: смерць ішла па слядах.

Кожны з чатырох лёсаў звязаны з Сенненскай партызанскай брыгадай, па-свойму цікавы і заслугоўвае ўвагі. Яўгена Вячаслававіча адразу прызначылі начальнікам штаба, Вольга працавала ў партызанскім шпіталі, выносіла з поля бою параненых, Зінаіда лічылася стралком, хадзіла ў дазоры. Самым вопытным воінам з чатырох быў Нічыпар Цярэнцьевіч. Яму давялося ваяваць на імперыялістычнай і ў грамадзянскую. У партызанах яго прыставілі ардынарцам да намесніка камбрыга Паўла Сырцава. Камандзіру не было нават трыццаці. Вопытны воін не раз ратаваў яму жыццё. Адзін да аднаго звярталіся не інакш, як “сынку” і “дзеду”. Пасля вайны падтрымлівалі сувязь і вельмі марылі сустрэцца. Аднак сталася так, што прыехаць у Крычына Павел Васільевіч змог, калі ардынарца ўжо пахавалі. Даведаўшыся, што Нічыпара Цярэнцьевіча няма ў жывых, камандзір адразу накіраваўся на могілкі, прынёс да магілы “дзеду” вялізны букет і доўга моўчкі стаяў там, а пасля, вярнуўшыся ў Крычына, лёг пад старую грушу і горка плакаў…

Вельмі цікавым і змястоўным было жыццё Зінаіды Нічыпараўны ў пасляваенныя гады. Атрымаўшы дыплом Барысаўскага педвучылішча, яна працавала на Гродзеншчыне. Настаўніца, сакратар партарганізацыі, дырэктар сямігодкі. Чаго толькі не давялося паспрабаваць напачатку! І ўсюды былая партызанка спраўлялася. Прыехаўшы ў Крычына, разам з мужам здолелі завочна атрымаць вышэйшую адукацыю. Уладзімір Ануфрыевіч узначальваў педкалектыў. Будавалася новая школа, падрасталі дзеці — Наташа і Сяргей. Пройдуць гады — і бацькі перададуць прафесійную эстафету дачцэ і сваім вучням. На жаль, няма ўжо сярод жывых яе дарагога Уладзіміра Ануфрыевіча.

Школа і сёння яе жыццё. Для вучняў аповеды Зінаіды Нічыпараўны цікавейшыя за самыя захапляльныя кнігі. Яна — удзельніца многіх канферэнцый, сімпозіумаў антываеннага кірунку. У 1981 годзе ўдзельнічала ў VI Сусветным кангрэсе жанчын у Празе. Напярэдадні паездкі Зінаіда Нічыпараўна сустрэлася ў Маскве з Аляксандрам Станавовым. Ён размножыў знакамітае фота і загадаў уручыць яго ўдзельнікам кангрэса. Праграма кангрэса ўключала наведванне Лідзіцы, сястры Хатыні на чэшскай зямлі. Выступаючы там на мітынгу, Зінаіда Нічыпараўна казала: “ Каб больш ніколі на гэтую зямлю не прыйшла вайна, я гатова пешшу ісці з вашай Залатой Прагі ў нашу Беларусь і расказваць пра тое, што перажылі мы: пра майго бацьку, пра сястру Вольгу, пра дваіх братоў, якія не вярнуліся з фронту…” Дай бог ёй сіл і жадання расказваць. Пакуль яе аповеды кранаюць сэрцы людзей, ёсць надзея, што будучыя пакаленні не спазнаюць новых Хатыняў і Лідзіц.

Ірына ТОРБІНА.