Праз гульню ў прафесію

Кім стаць? Магчымасць адказаць на гэтае пытанне шмат у чым залежыць ад таго, наколькі поўна будуць выяўлены задаткі дзіцяці, якое развіццё атрымаюць яго здольнасці. Цікавасць да якой-небудзь справы, патрэба ў творчасці ўзнікне толькі там, дзе дарослыя актыўна далучаюць дзяцей да розных відах дзейнасці. Гульня, пошукавая, творчая і даследчая дзейнасць — вось шлях да пазнання прафесіі. Пачынаючы з 1 класа ў групе прадоўжанага дня неабходна выкарыстоўваць гульнявыя тэхналогіі, таму што яны найбольш эфектыўныя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

У групе прадоўжанага дня гульня як адзін з відаў дзейнасці выкарыстоўваецца ў мэтах выхавання дзяцей, навучання іх розным дзеянням з прадметамі, спосабам і сродкам зносін. Развіваючыся як асоба, дзіця фарміруе такія бакі псіхікі, ад якіх у будучыні залежыць паспяховасць яго вучэбнай і працоўнай дзейнасці, яго адносіны да людзей, навакольнай рэчаіснасці, прафесійнага самавызначэння.

Работа па прафесійнай арыентацыі ў школе шырокая і шматгранная. У групе прадоўжанага дня можна знаёміць навучэнцаў з разнастайнасцю свету прафесій, ствараць умовы для разумення дзіцем важнасці працы як спосабу атрымання матэрыяльных каштоўнасцей і задавальнення жаданняў і патрэб, развіваць цікавасць да прафесій бацькоў і найбольш распаўсюджаных прафесій найбліжэйшага асяроддзя, выхоўваць працавітасць, павагу да працы і людзей розных прафесій. І рэалізоўваць гэтыя задачы ў значнай ступені здольны дапамагчы гульнявыя тэхналогіі.

Няма сэнсу раскрываць усю разнастайнасць гульняў, якімі заняты дзеці ў групе прадоўжанага дня. Галоўнае зразумець, што, развучваючы гульню, можна і трэба ўключаць у яе змест элементы прафарыентацыі. Напрыклад, гуляючы ў рухавую гульню “Зайцы і воўк”, можна пагаварыць з дзецьмі пра прафесіі (выхавальнік расказвае сам ці выхавальнік (бацькі) рыхтуюць выступленне разам з дзіцем ад асобы людзей розных прафесій). Напрыклад, мастак дае апісанне жывёл; фатограф выстройвае дзяцей па правілах кампазіцыі, агучвае цікавы момант з прафесійнай дзейнасці; егер асвятляе неабходнасць аховы жывёл, знаёміць дзяцей з элементамі натуральнага адбору ў прыродзе; кравец пераконвае ўсіх шыць кажухі і шапкі са штучнага футра; дрэсіроўшчык гаворыць пра тое, што для цікавай цыркавой праграмы неабходны выступленні жывёл, або пра тое, як розныя жывёлы паддаюцца дрэсіроўцы; работнік заапарка расказвае пра стварэнне добрых умоў утрымання жывёл у няволі або расказвае пра жывёлу, якую лёгка трымаць у хатніх умовах; ветэрынар гаворыць пра ўважлівыя і клапатлівыя адносіны да жывёл…

Падрыхтаванае дзіця задае пытанні па змесце свайго выступлення астатнім удзельнікам гульні. Адказваючы на іх, дзеці шырэй і з розных бакоў глядзяць на свет знаёмых і незнаёмых рэчаў. Яны ацэньваюць сваю ролю ў грамадстве, уступаюць у адносіны гульнявой сітуацыі, у якой раней ніколі не былі, спрабуюць вырашыць канфлікты інтарэсаў, прымерваюць на сябе розныя ролі і прафесіі.

Зрабіць канчатковы выбар прафесіі ў малодшым школьным узросце немагчыма, але трэба навучыць дзяцей выбіраць. А каб зрабіць правільны выбар, дзіцяці неабходна ведаць, з чаго выбіраць і як гэта рабіць.

У сваёй рабоце я прымяняю розныя формы і метады прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. З разнастайнасцю свету прафесій знаёмлю дзяцей у час правядзення мерапрыемстваў у рэжыме ГПД. Праводжу сюжэтна-ролевыя, дыдактычныя, рухавыя гульні, віктарыны, круглыя сталы, гадзіны зносін. У групе арганізоўваю выступленні школьнага бібліятэкара, фельчара, дворніка, кухара, запрашаю дзяцей на сустрэчу з цікавымі людзьмі (бацькамі навучэнцаў, спецыялістамі розных прафесій). Цікавы дзецям завочныя падарожжы ў свет прафесій, розныя віды прагулак, працоўныя акцыі, атакі, рэйды, практыкумы, тэматычныя заняткі, інфармацыйныя гадзіны, экскурсіі.

У сучасным свеце існуе вялікая колькасць прафесій. Каб у будучыні малады чалавек, які скончыў школу, не разгубіўся, правільна сарыентаваўся, знайшоў сваё месца ў свеце прафесій, пачынаць прафарыентацыйную работу неабходна з групы прадоўжанага дня 1 класа.

Раскрываючы таленты і здольнасці дзяцей у розных відах дзейнасці, у групе прадоўжанага дня ствараюцца добрыя ўмовы для таго, каб у далейшым паспяхова ішла прафарыентацыйная работа ў сярэднім і старшым звяне.

Ірына КАРОТКІНА,
выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 4 Магілёва.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *