Праз крок — дарослае жыццё

- 10:19Адукацыйная прастора

Апошнія школьныя шары запушчаны і апошнія школьныя вальсы станцаваны. У мінулыя выхадныя 55,4 тысячы адзінаццацікласнікаў развіталіся са сваімі адукацыйнымі  ўстановамі. У краіне прайшлі выпускныя вечары.

Да дарослага жыцця гатовы: Павел Валько, Сняжана Бутуля, Алеся Барадын, Георгій Бакун.

У сярэдняй школе Іўя Гродзенскай вобласці сёлета выпусцілі 52 чалавекі, 10 з іх атрымалі медалі. Перад пачаткам выпускнога балю ў фае школы збіраліся прыгожыя выпускнікі, іх бацькі, настаўнікі. Пакуль госці займалі месцы ў актавай зале, дырэктар школы Ганна Казіміраўна Чарняк заўважыла: “Кожны год ладзім такое свята, але ўсё роўна хвалюемся. Паглядзіце на нашых статных дзяўчат і важных хлопцаў. Выдатныя дзеці!”.

А ад выпускнікоў сапраўды не адарваць вачэй. Дарослыя, з сур’ёзнымі планамі на жыццё. А як жа інакш! “Калі хочаш дабіцца нечага ў жыцці, трэба шмат працаваць, — перакананы яны. — Мы сёння развітваемся са сваёй любімай школай, з роднымі настаўнікамі, якія нас вучылі і падтрымлівалі ўсе 11 гадоў. Шкада, канечне, але трэба рухацца наперад, бо там столькі цікавага!”

Цікавае дарослае жыццё поўнае сюрпрызаў, прычым як радасных, так і не вельмі, але засмучацца не варта, бо жыццё ўсё расставіць па сваіх месцах. Як у сваім віншавальным слове адзначыў дырэктар дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык, у любой сітуацыі трэба найперш заставацца чалавекам.

М.У.Мірончык павіншаваў з медалём Караліну Жэбрык.

“Першы сур’ёзны рубеж у жыцці кожнага з нас — заканчэнне школы. Выдатна, што сярод вас ёсць нямала тых, хто атрымае атэстат асаблівага ўзору. Вашы медалі — сведчанне якаснай адукацыі ў вашай школе. Усім выпускнікам жадаю быць настойлівымі і ўпартымі, дабівацца самых вялікіх мэт. І самае галоўнае, каб вы сталі дастойнымі людзьмі для сваёй краіны, для сваёй сям’і, для сваёй малой радзімы. Ніколі не забывайце тых, хто даў вам вялікія магчымасці, — педагогаў і бацькоў.

Звяртаючыся да бацькоў, хацелася б падзякаваць ім за тое, што на працягу 11 школьных гадоў былі побач са сваімі дзецьмі і разам з настаўнікамі ў сістэме адукацыі. Калі няма ўзаемаразумення паміж школай і сям’ёй, то дасягнуць высокіх адукацыйных вынікаў немагчыма.

Асаблівыя словы падзякі сёння, безумоўна, адрасуюцца педагогам, без якіх вы не сталі б такімі дарослымі і разумнымі”, — звярнуўся да прысутных  Міхаіл Ула­дзіміравіч.

У Іўеўскай сярэдняй школе працуюць выдатныя настаўнікі, якія сёлетнім выпускнікам дапамаглі дабіцца шматлікіх перамог як на інтэлектуальных спаборніцтвах, так і ў спорце. Традыцыйна вучні Іўеўскай школы становяцца пераможцамі розных этапаў (у тым ліку рэспубліканскага) алімпіяды па інфарматыцы. Як заўважыла дырэктар, 57% педагогаў — былыя выпускнікі школы, што спрыяе пераемнасці традыцый.

Медалісты Кірыл Хабян, Ксенія Тулько, Настасся Станчык.

Тры гады школа была ўдзельніцай эксперыментальнага праекта па апрабацыі дапрофільнай падрыхтоўкі на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Эксперымент перарос у інавацыйны праект “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, які быў разлічаны на 2016—2019 гады. Праведзеная работа дала чаканыя вынікі: удалося стварыць умовы для фарміравання ў навучэнцаў цікавасці да педагагічнай дзейнасці і стымуляваць іх пазнавальную актыў­насць у працэсе дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі, выбар імі навучання ў профільных педагагічных групах стаў больш асэнсаваным.

І вось падчас выпускнога вечара на сцэну былі запрошаны 9 дзяўчат, якія вучыліся ў профільнай педагагічнай групе. Будучых настаўніц павіншавала дырэктар школы Ганна Казіміраўна Чарняк і ўручыла ім віншавальныя паштоўкі ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Увогуле ў Іўеўскай школе са старшакласнікамі працуюць у адпаведнасці з іх запытамі, таму на павышаным узроўні тут вывучалі хімію—біялогію, фізіку—матэматыку, англійскую—рускую мову, рускую мову—гісторыю.

Многія выпускнікі падчас выпускнога вечара былі адзначаны пахвальнымі лістамі за вывучэнне асобных прадметаў. Многія атрымалі ўзнагароды ў наміна­цыях “Лепшы вучань”, “Лепшая вучаніца”, “Лідар выпуску”, “Эрудыт”, “За волю да перамогі”. Змагацца за перамогу выпускнікам Іўеўскай школы давядзецца яшчэ не раз. Прынамсі, сёння ў краіне стартуе ЦТ. Пасля яны стануць студэнтамі. Згодна з маім апытаннем, вучыцца пла­нуюць у вышэйшых навучальных установах Мінска і Гродна. А там, праз крок — дарослае жыццё. Шчаслівага шляху!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.