Праз лабірынты лагічнага мыслення

- 12:33Выхаванне

Інфармацыю, якую дзіця старэйшага дашкольнага ўзросту не можа ўспрыняць з вуснаў педагога ў час слоўнага тлумачэння, яно лёгка засвойвае ў выглядзе схем, мадэлей, планаў-карт, лабірынтаў. З мэтай развіцця лагічнага мыслення ў дзяцей часта выкарыстоўваю менавіта такую форму падачы матэрыялу.

Вельмі цікавыя, на мой погляд, гульні з каляровымі капелюшамі для старэйшых дашкольнікаў, дзе кожны колер капелюша адпавядае пэўнаму тыпу мыслення, калі ў пэўны момант дзеці ў сваіх разважаннях павінны засяродзіцца на нечым адным. Напрыклад, белы капялюш — гэта факты, інфармацыя, чырвоны капялюш — эмоцыі, пачуцці, чорны — праверка фактаў, зялёны — пошук альтэрнатывы, а сіні і жоўты капелюшы — гэта прагназаванне і карысць. Надзяваючы на галовы капелюшы, дзеці вучацца вырашаць праблемы: “Што было б, калі б людзі не чыталі газет, не глядзелі тэлевізар?”, “А калі б не было дрэў?” і г.д.

У старшай групе мы працягваем раней пачатую работу па знаёмстве дзяцей з рытмамі. Рытмы прысутнічаюць у жыцці чалавека яшчэ да яго нараджэння — дзіця чуе рытм сэрцабіцця маці. Рытмамі напоўнены розныя формы актыўнасці чалавека (гаворка, мелодыя, змена дня і ночы і г.д.). Рытмы ёсць і ў матэматыцы: лічэнне, змена лічбаў, чаргаванне частак сутак і г.д. Спачатку я прапаноўвала дзецям выканаць простыя рытмічныя практыкаванні: выкладанне простага рытму (о-О-о), потым — чытанне і выкладанне больш складанага (ооо-о-ооо-о). Калі дзеці авалодалі гэтымі ўменнямі, заданні ўскладняліся — прапаноўвалася выканаць два ператварэнні рытму: са свету гукаў — на рытмы рухаў; з рытму рухаў — на выкладанне ўзораў, потым — на рытм воплескаў, прытупванняў.

Дзецям падабаюцца наступныя заданні: зрабіць 4 падскокі, пакласці сваю далонь на грудзі, паслухаць, як б’ецца сэрца, выкласці рытм біцця і прачытаць. Практыкаванні такога тыпу развіваюць думку дзіцяці.

Для складання серыяцыйных радоў прапаную дзецям натуральныя матэрыялы: яловыя і хваёвыя шышкі, каменьчыкі, а таксама гузікі. Пасля гэтага можна перайсці да выкарыстання схематычных практыкаванняў на складанне рытмічных мадэлей. Ужо знаёмыя дзецям гульні могуць быць рэалізаваны як схематычныя практыкаванні тыпу “Закончы шарэнгу”, “Падоўжы каралі”, трымаючыся вызначанага парадку. Правільнасць выканання гэтага практыкавання залежыць ад сфарміраванасці пачуцця рытму ў дзяцей.

Пры знаёмстве з класіфікацыяй і дыферэнцыяцыяй нараўне з традыцыйнымі матэрыяламі выкарыстоўваю гузікі, непрыдатны матэрыял. Гэта ўносіць навізну ў заняткі, выклікае зацікаўленасць дзяцей. Так, дзеці ўжо самі гуляюць у гульню “Склад гузікаў”. Дзіцяці прапаную схематычную выяву патрэбных мне гузікаў, дзе адзначаны колер, памер, форма, колькасць адтулін, а дзіця па гэтых схемах павінна падабраць патрэбныя гузікі.

Развіццёвыя гульні дапамагаюць дзецям сфарміраваць увагу, успрыманне, лагічнае мысленне, уменне параўноўваць і аналізаваць.

Марыя ЛЮЛЯК,
выхавальніца санаторнага ясляў-сада № 94 Гродна.