Праз міласэрнасць — да паразумення

“Цёплыя кнігі. Мы ідзём да вас!” — праект, які рэалізуецца ў навучальных установах Кастрычніцкага раёна Гродна, аб’яднаў дзясяткі неабыякавых вучняў і іх настаўнікаў у жаданні дапамагчы дзецям з праблемамі зроку. Ініцыятыва па стварэнні тактыльных кніг з’явілася ў 2017 годзе.

Ставілася задача дапамагчы пашырыць веды дзяцей з асаблівасцямі зроку пра навакольны свет, а тых дзяцей, што выраблялі кнігі, навучыць прымаць і разумець праблемы, звязаныя з асаблівасцю развіцця і са здароўем аднагодкаў, гэтым самым абудзіць шчырасць, міласэрнасць, дабрыню, навучыць цаніць сваё жыццё, адказаць на вельмі актуальнае пытанне непаўналетніх “Для чаго я прыйшоў у гэты свет?”

Першымі з праектам пазнаёміліся камандзіры антынаркатычных атрадаў у сакавіку мінулага года на раённай канферэнцыі, дзе бібліятэчная сістэма Гродна прэзентавала некалькі кніг для сляпых, а затым быў праведзены семінар для супрацоўнікаў сістэмы адукацыі. Наступным крокам стала стварэнне шасці кніг валанцёрамі гімназіі № 3 Гродна, сярэдніх школ №№ 34, 35, 37, 40. Кожная кніга атрымалася непаўторнай у прамым сэнсе — адзіная і ўнікальная. А навучэнцы і настаўнікі сярэдняй школы № 37 шрыфт Брайля выканалі бісерам.

— Зараз у праекце ўдзельнічаюць усе 23 школы і гімназіі Кастрычніцкага раёна Гродна, — расказвае ініцыятар і куратар праекта метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Алена Бандарчук. — Праект аб’яднаў неабыякавых вучняў, настаўнікаў, бацькоў. Першымі да яго далучыліся члены раённага антынаркатычнага атрада, потым і іншыя школьнікі. Галоўнае, што дзеці робяць кнігі для дзяцей, кантактуюць, бачаць праблемы іншых і стараюцца дапамагчы іх вырашаць.

Канечне, у бібліятэках спецыялізаваных устаноў для сляпых ёсць кнігі, але тое, што робяць дзеці, — гэта своеасаблівы экзамен на іх чуласць, разуменне праблем іншых людзей. Работа па стварэнні тактыльных кніг няпростая. Гэтыя кнігі даюць магчымасць невідушчым дзецям пашырыць уяўленні аб навакольным свеце, таму яны павінны быць вельмі дакладнымі. Тэсціравалі кнігі члены Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, яны ж падказвалі школьнікам асаблівасці стварэння кніг са шрыфтам Брайля.

Навучэнцы сярэдняй школы № 35 пабывалі на вытворчасці, дзе працуюць людзі з праблемамі зроку і ў спецыялізаванай бібліятэцы для інвалідаў па зроку, каб больш даведацца аб іх патрэбах і аб тым, якім спосабам яны чытаюць. І стварылі кнігу аб беларускіх абрадах “Прыгоды Крупіначкі і Багача”.

Як расказвае А.Бандарчук, пры вырабе тактыльнай кнігі прымяняюцца розныя тэхнікі рукадзелля: вышыўка (назва кнігі, афармленне адзення), вязанне кручком і пруткамі (малюнак раслін), выраб мяккай цацкі (галоўныя героі, жывёлы), работа з пацеркамі (дождж, лужыны — адчуванне мокрага і халоднага), салёным цестам (асобы). Выкарыстоўваюцца толькі клей і экалагічна чыстыя матэрыялы — добра адпаліраванае дрэва, пакрытае экалагічна чыстым лакам; розныя тканіны (вельвет, аксаміт, плюш, байка, фланель); футра з кароткім ворсам, скура; папера з не вельмі гладкай, шурпатай, аксамітнай паверхняй. Прымацоўваюцца кішэні, клапаны, мяшэчкі, якія можна закрываць і адкрываць, а таксама маланкі, гузікі, ліпучкі, сапраўдныя прадметы — свісткі, кашалькі, крупы і інш. Кнігі могуць мець завязкі, ліпучкі або кнопкі. З дапамогай тактыльных кніг дзіця атрымлівае прадстаўленне аб вялікіх ці малых прадметах, якія немагчыма даследаваць рукамі ў рэальных прапорцыях. Некаторыя аб’екты ў кнізе могуць выдаваць пэўныя гукі: звінець, шамацець.

У верасні мінулага года 18 кніг былі перададзены ў спецыялізаваную бібліятэку для інвалідаў па зроку цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Гродна. А 5 кніг знайшлі сваіх гаспадароў у Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку.

— У школе-інтэрнаце навучаюцца 5 дзетак-сірот з парушэннем зроку. Вось для іх і былі зроблены гэтыя падарункі, — расказвае Алена Яўгенаўна. — Як радаваліся дзеткі асабістай кнізе!

Напярэдадні Новага года ў рамках акцыі “Нашы дзеці” навучэнцы сярэдняй школы № 33 Гродна зрабілі тактыльныя кнігі-падарункі для вучняў 1 класа з цяжкасцямі ў навучанні сваёй школы і выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 30 Гродна, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця.

Праект садзейнічае і занятасці дзяцей. Бо стварэнне тактыльных кніг — працэс працяглы, складаны і крапатлівы, дзеці займаюцца гэтым падчас канікул. Ствараць тактыльныя кнігі вучні Кастрычніцкага раёна будуць і на вясновых канікулах.

Праект стаў вядомы за межамі раёна. “Цёплыя кнігі” прадставілі на Каложскіх чытаннях у Гродне і Свята-Ефрасіннеўскіх чытаннях у Полацку. А нядаўна аб праекце расказалі ў Маскве. А.Я.Бандарчук і намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Л.А.Кіўлюк прынялі ўдзел у XXVI Міжнародных калядных чытаннях “Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва”. У гэтым вялікім мерапрыемстве ўдзельнічала больш за 15 тысяч чалавек з 18 краін свету. Яны і пачулі аб праекце.

— Да нас звярнуліся прадстаўнікі адукацыі з Масквы, Ноўгарада, Санкт-Пецярбурга, Калугі, Варонежа з прапановамі аб супрацоўніцтве і за атрыманнем метадычных рэкамендацый па стварэнні кніг для асаблівых дзяцей, — гаворыць Алена Яўгенаўна. — Мы рады супрацоўнічаць, і праект будзе працягвацца. Сярод аднадумцаў таксама ідзе пошук новых форм узаемаразумення з падрастаючым пакаленнем у выбары маральных каштоўнасцей. Мы шукаем новыя метады і формы работы, гатовы дзяліцца сваім вопытам.

Для “цёплых кніг” няма геаграфічных і чалавечых абмежаванняў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.