Праз “мост Леанарда да Вінчы” да скарбніцы беларускай дзяржаўнасці

- 14:19Нам пішуць

На трываласць правяраюць не толькі масты, але і сяброўства. Бабруйскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж неаднаразова прымаў у сябе ў гасцях прадстаўнікоў Пасольства Германіі ў Рэспубліцы Беларусь. На гэты раз у рамках тыдняў Германіі ў сталічнай бібліятэцы імя Пушкіна, на базе якой размясцілася інтэрактыўная выстаўка “Дакрануцца да матэматыкі”, навучэнцаў каледжа па-нямецку пунктуальна вітала супрацоўніца Інстытута імя Гётэ ў Мінску Алена Бародзіч. Разам мы здзейснілі займальны экскурс у нямецкі Гісен, радзіму інтэрактыўнага музея Mathematikum.

“Матэматычныя эцюды” выстаўкі “Дакрануцца да матэматыкі” дапамаглі хлопцам і дзяўчатам пераканацца, што самая абстрактная з усіх навук раптам становіцца адчувальнай, што робіць яе зразумелай для ўсіх. Гаворка ідзе пра разуменне рукамі, галавой і сэрцам, якое можа надаць новыя імпульсы заняткам матэматыкай. Вось ён — новы падыход да царыцы навук, паважаныя калегі! Уся выстаўка — гэта “пакладзіце сюды рукі”, “паглядзіце”, “пакратайце”, “пагуляйце”… Тут няма ні задач, ні прыкладаў, ні тэорыі. Вы проста прыходзіце, атрымліваеце вопыт і адчуваеце сябе камфортна.

У той час як выкладчыкі нямецкай і англійскай моў эксперыментавалі з лямпачкамі з адной з груп сваіх вундэркіндаў, іншая група навучэцаў займалася ўзвядзеннем самага лёгкага і трывалага збудавання, cекцыі якога злучаюцца па прынцыпе “ластаўчыных гнёздаў” — сусветна вядомага “моста Леанарда да Вінчы”. Дэвіз інтэрактыўнай выстаўкі “Дакрануцца да матэматыкі” нашы навучэнцы сфармулявалі для сябе трыма словамі: “Прыйшоў, убачыў, адчуў!”.

Галоўны лейтматыў далейшага маршруту — прывіццё навучэнцам асноватворных каштоўнасцяў, ідэй, перакананняў, якія адлюстроўваюць сутнасць беларускай дзяржаўнасці. Засталося толькі рэалізаваць гэта на практыцы. У выдатным настроі мы пракладалі свой шлях па набярэжнай Свіслачы да Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Ён быў створаны па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі і адкрыты 22 чэрвеня 2012 года як філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Гэта адзін з самых маладых і тэхналагічных музеяў краіны і важны інфармацыйны, прэзентацыйны і камунікацыйны цэнтр Беларусі. Аналагаў такога музея ва ўсходнееўрапейскіх краінах не існуе. Экспазіцыя ахоплівае перыяд гісторыі Рэспублікі Беларусь з 1990 года да сённяшніх дзён. Тут шырока выкарыстоўваюцца сэнсарныя кіёскі, a мультымедыйнай інфармацыі — больш чым на 23 гадзіны прагляду. Каб трапіць у музей, патрэбен папярэдні запіс.

На ўваходзе экскурсавод прапанаваў пачаць падарожжа са знаёмства з 10 макетамі архітэктурных помнікаў, пабудаваных, рэканструяваных і адрэстаўраваных за гады незалежнай Беларусі. Наш гід бярэ ў рукі планшэт, націскае на абразок Мірскага замка — і экспанат тут жа падсвятляецца, дзякуючы сістэме “разумнае святло”, у той час як астатнія аб’екты сыходзяць у цень. Адначасова пачынаецца віртуальная экскурсія: на спецыяльным экране з’яўляецца відэаролік пра абраны экспанат.

У наступнай музейнай зале мы ўбачылі атрыбуты дзяржаўнасці. Зрабіўшы некалькі крокаў, апынуліся каля трыбуны, за якой прыносіў прысягу Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Тут можна ўбачыць штандар, пасведчанне, пашпарт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ручку, якой быў падпісаны акт аб прынясенні прысягі.

Навучэнцы ўбачылі стэнды з беларускімі грашовымі знакамі, зліткі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь; ганаровае месца выдзелена знакам адрознення Міністэрства абароны; таксама тут знаходзяцца акты і ўказы. Адна з галоўных тэм выстаўкі — першыя прэзідэнцкія выбары. Тэма наступнай залы — сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Тут знаходзяцца ўзнагароды, прысвоеныя Нацыянальнай акадэміі навук, але асаблівую ўвагу прадстаўніц прыгожай паловы нашай групы прыцягнулі каштоўныя камяні, вырашчаныя беларускімі навукоўцамі, якія цешаць вока не толькі нашых грамадзян, але і пастаўляюцца на экспарт. Непадалёк — макет Астравецкай АЭС, стэнд з беларускай тэхнікай, узорамі зерня, футра і нават нафты.

У захапленні стаялі хлопцы і дзяўчаты каля вітрыны, прысвечанай тэатральнаму мастацтву і кінематографу. Побач — макет амфітэатра ў Віцебску. Ёсць тут і журналісцкія ўзнагароды конкурсаў “Залатое пяро”, “Залатая літара” і “Тэлевяршыня”. У экспазіцыях адлюстраваны дасягненні краіны ў галіне міжнародных адносін, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, медыцыны, спорту, адукацыі, навукі, культуры, асаблівае месца адведзена беларускай этнаграфіі. Навучэнцы аддзялення “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” на нейкі час затрымаліся каля ўнікальных экспанатаў — медалёў Генадзя Караткевіча, які тры гады запар станавіўся пераможцам міжнародных алімпіяд па інфарматыцы.

У асобнай зале выстаўлены падарункі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь ад прадстаўнікоў розных краін, а таксама нашых грамадзян. Асабліва ўразіў велізарны фрэгат “Вікторыя”, які сабраў сваімі рукамі школьнік з Мазырскага раёна. На некалькі хвілін мы міжволі ўспомнілі сваю малую радзіму, родны Бабруйск, унутраны дворык аграрна-эканамічнага каледжа і кампазіцыю “Пунсовыя ветразі”.

Непрыкметна экскурсія набліжалася да завяршэння і мы прыйшлі ў канферэнц-залу, дзе за авальным сталом праходзяць творчыя сустрэчы, узнагароджанні, перамовы, пасяджэнні. На інтэрактыўнай дошцы навучэнцы пакінулі свае пажаданні і падзякавалі супрацоўнікам музея за цікавы аповед і цёплы прыём.

Валянціна СМОЛЬНІКАВА,
выкладчыца нямецкай і англійскай моў БДАЭК.