Інавацыйныя формы супрацоўніцтва дашкольнай установы з сям’ёй, заснаваныя на традыцыях беларускай спадчыны, прадставіў слухачам Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі калектыў ясляў-сада № 49 Гомеля.
Высветліць, як супрацоўніцтва педагогаў і бацькоў дапамагае ў выхаванні ўсебакова развітой асобы дзіцяці — вось задача, якая была пакладзена ў аснову мерапрыемства. Пры гэтым базіруецца такое выхаванне на асаблівасцях традыцый рэгіёна і айчыннай культуры ўвогуле, што дапамагае раскрыцць творчы патэнцыял не толькі кожнага выхаванца, але і дарослых.
Традыцыйныя сямейныя каштоўнасці дазваляюць выхаваць духоўна багатага чалавека, і неабходнасць карыстацца гэтай спадчынай сёння вялікая. Менавіта так лічаць арганізатары мерапрыемства. Умела звязаўшы мінулае і сучаснасць, злучаючы выхаваўчы патэнцыял бацькоў і дашкольнай установы, яны працуюць над духоўным адраджэннем сям’і.
Паказальнае мерапрыемства было арганізавана ў забаўляльнай форме. У імправізаваную беларускую хату ў госці да гаспадароў свята Лявона і Лявоніхі завіталі сем’і выхаванцаў дзіцячага садка. Перанесціся ў даўніну дапамагалі і беларускія народныя касцюмы, у якія былі апрануты ўдзельнікі. Гасцінныя гаспадары аказаліся сапраўднымі знаўцамі беларускіх традыцый і засыпалі гасцей пытаннямі. Ім было цікава, што ж ведаюць пра гэта дзеткі і іх бацькі? Канечне, госці паказалі добрыя веды, ды яшчэ і здзівілі Лявона з Лявоніхай сваімі разнастайнымі талентамі, якія паказалі падчас конкурсаў. Так, сям’я Баранавых вызначылася як самыя добрыя гаспадары, а сям’я Фядосенка была названа майстрамі творчых імправізацый. Сям’я Ціхінскіх — майстры актыўнага адпачынку, а сям’я Семянют — майстры падарожжаў па ўсім свеце.
Усе ўдзельнікі свята атрымалі сувеніры і пачастункі, а запрошаныя слухачы мелі магчымасць не толькі паўдзельнічаць у конкурсах, але і падзяліцца з прысутнымі сваімі ўражаннямі аб мерапрыемстве.