Праз перашкоды да любімай справы 

- 14:40Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Родныя, акрамя мамы, не падтрымалі яе выбар стаць педагогам. А сёння Карынай Аляксееўнай МЯЛЬКО, настаўніцай пачатковых класаў гімназіі № 3 Барысава, ганарыцца ўся сям’я.

“Мая першая настаўніца Вольга Станіславаўна Будрэвіч стала для мяне тым чалавекам, на якога хацелася раўняцца, — дзеліцца ўспамінамі Карына Мялько. — Я заўсёды брала з яе прыклад і ва ўсім хацела быць падобнай да яе. На жаль, родныя мяне не падтрымлівалі, у нашай сям’і педагогаў не было. Толькі мама лічыла, што кожны павінен самастойна выбіраць свой шлях. У тайне ад усіх мы падалі дакументы ў Барысаўскі дзяржаўны каледж, які ў 2021 годзе я скончыла з адзнакай. Зараз я працую ў гімназіі і вучуся на завочным аддзяленні ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на факультэце пачатковай адукацыі”. 

Падчас вучобы ў каледжы Карына яшчэ больш упэўнілася ў тым, што зрабіла правільны выбар. 

“Усе педагогі, якія працавалі з намі, паўплывалі на маё станаўленне як настаўніцы, — працягвае К.Мялько. — Асаблівы дзякуй хачу сказаць Алене Станіславаўне Ку­дзі­най, якая выкладала псіхалогію і педагогіку. Дзякуючы ёй, я зразумела ўсе нюансы педагогікі. Яна навучыла, што з дзецьмі неабходна быць на адной хвалі, іх заўсёды трэба ўмець слухаць і чуць. Мой куратар Святлана Іванаўна Ламека таксама дапамагала і давала парады на ўсім маім шляху да прафесіі. Дарэчы, менавіта яна паспрыяла таму, каб я пайшла на пераддыпломную практыку ў гімназію № 3 Барысава і пасля засталася тут працаваць”. 

У многім ад першага рабочага месца, у прыватнасці ад калег, залежыць тое, як малады спецыяліст будзе адаптавацца і раскрываць свае прафесійныя якасці. Карыне Аляксееўне з гэтым пашанцавала. 

“Калектыў мяне сустрэў добразычліва, было многа каштоўных парад, — гаво­рыць Карына Мялько. — Безумоўна, вялікую падтрымку аказала дырэктар гімназіі Ірына Валер’еўна Кірык. А настаўніца пачатковых класаў Людміла Уладзіміраўна Караткова, якая курыруе маю дзейнасць, дапамагае з усімі цяжкімі пытаннямі, што ўзнікаюць. Яна заўсёды растлумачыць усё тое, чаго не разумею. Увогуле, Людміла Уладзіміраўна — сапраўдны прафесіянал, а значыць, трэба імкнуцца ёй адпавядаць”.

Карына Аляксееўна больш за ўсё перажывала, як наладзіць кантакт з бацькамі навучэнцаў. Тым не менш гэта — частка настаўніцкай работы. 

“Усе мамы і таты дзяцей старэйшыя за мяне, у іх больш жыццёвага вопыту, — прызнаецца малады педагог. — Але дзякуючы парадам калектыву, з бацькамі маіх вучняў у мяне склаліся добрыя адносіны. Мы ставімся адно да аднаго з разуменнем і павагай. Прыемна, калі дарослыя чуюць мяне і ідуць насустрач”.

Работа з дзеткамі, якія вучацца ў пачатковай школе, патрабуе асаблівага падыходу. Настаўнік павінен умець разумець малышоў і шукаць тыя метады работы, якія дазволяць хутка і эфектыўна запомніць неабходны матэрыял. Сакрэт узаемадзеяння са школьнікамі ў Карыны Аляксееўны просты: яна, як калісьці яе вучылі педагогі, стараецца прыслухоўвацца да пажаданняў вучняў, абмяркоўваць праблемы, што ўзнікаюць падчас навучання. Толькі так дзеці могуць зразумець, што настаўнік — гэта сябар, які вядзе іх да агульнай мэты.

Сакрэт узаемадзеяння са школьнікамі просты: Карына Мялько, як калісьці яе вучылі педагогі, стараецца прыслухоўвацца да пажаданняў вучняў, абмяркоўваць праблемы, што ўзнікаюць падчас навучання.

“Большасць інфармацыі для пачаткоўцаў трэба даваць праз гульню, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі К.Мялько. — Я распрацоўваю вэб-квесты, дзякуючы якім дзеці атрымліваюць веды і прымяняюць іх на практыцы. Што хаваць: у рабоце заўсёды здараюцца складаныя моманты. Але з любой сітуацыі можна знайсці выйсце. Дзецям, калі ў іх нешта не атрымліваецца і яны засмучаюцца, кажу, што ўсё можна выправіць. Я ім дапамагу, і яны ўсяму навучацца, будуць разумнымі і адукаванымі. А яшчэ заўсёды нагадваю, што самае важнае — гэта быць выхаванымі людзьмі. Спадзяюся, што ў мяне атрымаецца выгадаваць іх такімі”. 

Наталля САХНО.