Праз працу і настойлівасць

- 14:55Спартыўныя падзеі

Мне пашанцавала вучыцца ў адным класе з двухразовым чэмпіёнам Еўропы па тхэквандо Мікалаем Елем. Дарэчы, тытул двухразовага ён атрымаў зусім нядаўна, 28 кастрычніка, у румынскім горадзе Сібіу. Якія ж яны, сапраўдныя спартсмены? З размовы з Мікалаем я зразумела, што чэмпіёнамі становяцца не толькі ў трэнажорных залах: чэмпіёна нараджае тое, што ў чалавека ўсярэдзіне — жаданне, мары, мэты. Поспех — не выпадковасць. Гэта цяжкая праца, настойлівасць, навучанне, жаданне і вера ў тое, што ты робіш.

Фота да матэрыялу: Праз працу і настойлівасць.У жыцці Колі было шмат турніраў і чэмпіянатаў, паражэнняў і перамог, расчараванняў і дасягненняў. Крок за крокам праз упартыя штодзённыя трэніроўкі ён ішоў да сваёй мэты. Трэба было навучыцца не толькі перамагаць, але і прайграваць. Тхэквандо вучыць быць сумленным, ставіцца да саперніка з павагай, не губляць самавалодання, не здавацца перад цяжкасцямі. Яшчэ важна тое, хто падтрымлівае спартсмена на працягу доўгіх гадоў трэніровак. У жыцці Мікалая самым верным балельшчыкам застаецца мама, Анастасія Сяргееўна. І, вядома ж, трэнер “Спарты” Канстанцін Дзмітрыевіч Кранцэвіч.

У школе Коля звычайны хлопец, які часам забывае зрабіць дамашняе заданне і з іншымі хлапчукамі хутка спісвае за кароткія перапынкі ў дзяўчат. Яшчэ вельмі добры, спагадлівы і спакойны. Побач з ім заўсёды адчуваеш сябе ўпэўнена і абаронена. Вось яно, спартыўнае самавалоданне і дысцыпліна. У будучыні Коля плануе стаць трэнерам па тхэквандо. Магчыма, для кагосьці Мікалай будзе пуцяводнай зоркай, і на п’едэстал пашаны падымуцца яго вучні. Хочацца, каб у яго ўсё атрымалася.

Анастасія ЧУЕЎСКАЯ,
навучэнка 10 “А” класа сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна.