Праз робататэхніку — да будучыні

- 9:30Дадатковая адукацыя

У Бараўлянскай сярэдняй школе № 3 Мінскага раёна прайшоў юбілейны, пяты, абласны конкурс па робататэхніцы “Дарога ў будучыню”. Ужо другі год запар ён часткова з’яўляецца этапам Кубка па адукацыйнай робататэхніцы, а значыць, вынікі ідуць у агульны залік КАР.

Конкурс аб’яднаў 175 каманд з усёй Беларусі, якія спаборнічалі па 12 напрамках: “Робататэхніка (на аснове LEGO WeDo 9580)”, “Робататэхніка (на аснове LEGO WeDo 45300)”, “Робасумо LEGO”, “Траекторыя”, “Праходжанне па лініі. PRO”, “Праходжанне па лініі. Juniors”, “Праходжанне па лініі. Адукацыйныя канструктары”, Roborace. PRO, Roborace. PRO mini, “Roborace. Адукацыйныя канструктары”, “Вялікае падарожжа. Малодшая катэгорыя”, “Вялікае падарожжа. Старэйшая катэгорыя”. Восем апошніх напрамкаў уваходзяць у агульны залік КАР.

Больш за ўсё перамог атрымалі навучэнцы сярэдняй школы № 3 Нясвіжа, сярэдняй школы № 4 Дзяржынска, гімназіі Лагойска, сярэдняй школы № 24 Барысава, гімназіі-інтэрната Мядзела, выхаванцы Клуба тэхнічнай творчасці PinMode і STEM-класа RoboClever.

“Турнір прайшоў вельмі добра. Было бачна, што як педагогі, так і ўдзельнікі засумавалі па такіх вочных мерапрыемствах, — расказвае начальнік цэнтра інфарматызацыі і дыстанцыйнай адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Іван Лясько. — Дзеці на спаборніцтвах адчувалі сябе вельмі камфортна, атмасфера была хвалююча-святочнай. Сярод абласных намінацый самымі папулярнымі па колькасці каманд былі “Робасумо LEGO” і “Робататэхніка (на аснове LEGO WeDo 9580)”. Сярод напрамкаў, якія ішлі ў залік КАР, — “Roborace. Адукацыйныя канструктары” і “Праходжанне па лініі. Адукацыйныя канструктары”.

У вольны ад спаборніцтваў час школьнікі і іх трэнеры маглі наведаць майстар-класы па WRO Football, праграмуемых дронах, вучэбна-інжынерным комплексе для дзіцячых садкоў на базе набора GIGO і інш., а таксама выставы розных робататэхнічных набораў. З імёнамі пераможцаў і прызёраў конкурсу можна азнаёміцца на сайце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва МАІРА.