Праз тэатралізацыю — да развіцця маўлення

- 11:29Віцебшчына

Яслі-сад № 4 Дуброўны наведваюць 130 выхаванцаў (дзейнічаюць 7 груп). Калектыў супрацоўнікаў невялікі — 38 чалавек, у тым ліку 16 педагогаў. Палова педагогаў мае вышэйшую адукацыю, амаль усе — з вышэйшай ці першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. У бягучым годзе ўстанова адукацыі працуе ў кірунку развіцця маўлення дзяцей у працэсе тэатральна-гульнявой дзейнасці.

“У апошні час праблема развіцця маўлення вельмі актуальная, — адзначыла загадчык установы Таццяна Мікалаеўна Макаранка. — Маўленне дзяцей не вылучаецца багаццем, замест зносін паміж сабой выхаванцы часта выбіраюць камп’ютары, дашкольнікі ведаюць мала казак”.

Знаёмімся з выхавальніцай Надзеяй Васільеўнай Пятровай, якая працуе ў першай малодшай групе над рэалізацыяй задачы па развіцці маўлення праз тэатральную дзейнасць. У групе ёсць невялічкі тэатр, створаны намаганнямі бацькоў і педагогаў. Выхаванцы разыгрываюць тут казкі, вершы, пацешкі, ладзяць самастойныя гульні з цацкамі. Педагог вучыць дзяцей складаць невялікія казкі і апавяданні. Надзея Васільеўна заўсёды супрацоўнічае з бацькамі, гэта яе першыя памочнікі ва ўсіх пытаннях. Сваімі рукамі бацькі зрабілі шматфункцыянальны дыванок, які не толькі садзейнічае маўленчаму развіццю іх дзяцей, але і асваенню зместу адукацыйнай галіны “Дзіця і прырода”.

У старшай групе інтэграванага навучання і выхавання дзейнічае тэатральны куток, у якім прадстаўлены розныя віды тэатраў, што дапамаглі зрабіць бацькі (тэатры з каробак, на магнітах, на прышчэпках, лялечны тэатр бі-ба-бо, рукавічны тэатр). Ёсць і тэатральная шырма. У гэтай групе працуе сапраўдны творчы тандэм: выхавальнікі Алена Анатольеўна Юрчанка, Людміла Ігараўна Турава і памочнік выхавальніка Алена Аляксееўна Спадоба. Афармленне прадметна-развіццёвага асяроддзя групы — справа ўмелых рук памочніка выхавальніка, якая змагла ўвасобіць цікавыя ідэі выхавальнікаў.

Прастора групавога памяшкання сярэдняй групы падзелена на развіццёвыя цэнтры. Асаблівая ўвага ўдзелена самаробнаму тэатру. Усе дзеці любяць казкі, асабліва калі ёсць магчымасць іх інсцэніраваць, прымераць на сябе вобразы герояў. Словы з роляў выхаванцы заўсёды стараюцца вымаўляць выразна і правільна. Зараз дзеці разам з Аленай Анатольеўнай Шаўцовай працуюць над даследчым праектам па тэме “Дзіўныя камяні”. Аднойчы дзеці спыталі выхавальніцу: “Ці можна зрабіць з каменьчыкаў тэатр і паставіць казку?” Прыдумалі — і рэалізавалі. Цяпер тэатр з камянёў з’яўляецца фішкай гэтай групы. У перспектыве плануецца зрабіць казку з другаснага матэрыялу.

Музычныя кіраўнікі Наталля Іванаўна Лабука і Ірына Анатольеўна Турава працуюць у творчым супрацоўніцтве з выхавальнікамі, спецыялістамі і бацькамі выхаванцаў. Педагогі выкарыстоўваюць сродкі і метады, якія спрыяюць арганізацыі асобасна арыентаванага творчага працэсу ў гульнявой форме і пераходу да прадукцыйнай музычнай дзейнасці дзіцяці. Музычныя кіраўнікі выбіраюць традыцыйныя формы правядзення заняткаў, забаў, свят. З вялікім поспехам праводзяцца заняткі па дзіцячай тэатралізаванай дзейнасці.

Свае артыстычныя здольнасці выхаванцы дэманструюць гасцям у музычнай зале дзіцячага сада, калі разыгрываюць міні-спектаклі па матывах казачных твораў. З’явілася нават традыцыя, калі старэйшыя дзеці свае тэатралізаваныя паказы і спектаклі прадстаўляюць малодшым у сваім жа садзе, а таксама выхаванцам з суседніх дашкольных устаноў. Так, з поспехам прайшлі тэатралізацыя казак “Церамок” на новы лад”, “Чырвоная Шапачка”, “Як курачка пеўніка ратавала”, мюзікл “Дзюймовачка”, тэатралізаваны паказ “Падарожжа ў краіну дарожных знакаў” і інш.

Выхаванцы ўстановы неаднаразова прымалі ўдзел у раённым конкурсе да Дня абароны дзяцей, а таксама ў іншых раённых мерапрыемствах. Далейшая перспектыва педагогам бачыцца ва ўдасканаленні музычнага асяроддзя дашкольнай установы і стварэнні ўмоў для развіцця музычнай творчасці дзяцей.

Надзея ЦЕРАХАВА.