Праз творчасць —да дыялогу культур

Рэспубліканская акцыя сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў “Грані творчасці”, арганізаваная Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі,  працягвае крочыць па краіне. Лепшыя творчыя работы моладзі на тэму малой радзімы пабылі ўжо ва ўстановах адукацыі Гомельскай, Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Цяпер выстава адкрыта для прагляду жыхарам Магілёўшчыны.

Першы прыпынак маштабны рэспубліканскі праект у Прыдняпроўскім краі зрабіў у найстарэйшай вышэйшай навучальнай установе рэгіёна — Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. На працягу двух тыдняў адзін з паверхаў акадэмічнага Палаца культуры нагадваў сапраўдную мастацкую галерэю.

На ўсеагульны агляд было прадстаўлена 115 выставачных работ пад агульнай тэмай-дэвізам — “Мой чароўны беларускі край. Бацькаўшчына светлая мая!”. Усе яны сталі лепшымі па выніках адпаведнага творчага конкурсу. Экспазіцыя адрознівалася стылістычнай разнастайнасцю, рознымі падыходамі да вырашэння пастаўленых мастацкіх задач. Творчыя работы студэнцтва краіны былі прадстаўлены ў намінацыях “Летэрынг”, “Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт”, “Візуальны сэт”. Калі дакладней, маладыя людзі паказалі ў сваёй творчасці мастацкае асэнсаванне, візуалізацыю і ілюстраванне вядомых вершаў і цытат беларускіх класікаў.

Адкрыццё выставы праходзіла ва ўрачыстай атмасферы. Яно пачалося музычным выкананнем верша вядомага выпускніка акадэміі Дзмітрыя Марозава “Мне Богам дадзена Радзiма…”. Пасля аб сваёй Айчыне — далёкай і прыгожай Рэспубліцы Туркменістан — мовай музыкі, слова і танца расказалі туркменскія студэнты, якія вучацца ў акадэміі і для якіх Беларусь на гады вучобы стала другой радзімай. Аб прыгажосці і любові да сваёй краіны ў сваіх выступленнях гаварылі ўдзельнікі народнай эстраднай студыі “Золак”, тэатра танца “Тры-чатыры”, агульнаакадэмічных клубаў “Дэбют”, “Аква­рэль”, “25-ы кадр” і інш.

— Рэспубліканская выстава ў сценах акадэміі — гэта грандыёзнае мерапрыемства. Наша моладзь атрымала ўнікальную магчымасць ацаніць не толькі творчасць сваіх аднагодкаў з іншых беларускіх УВА, але і прыгажосць роднага краю, сваёй малой радзімы. Яна самая цудоўная на зямлі. І не важна, гэта маленькая вёска ці вялікі горад, — адзначыў прарэктар па выхаваўчай рабоце БДСГА Максім Валянцінавіч Патапенка.

Выстава “Грані творчасці” прабыла ў Горках 15 дзён. Увесь гэты час у рамках рэспубліканскай акцыі тут не толькі экспанавалі работы, але і праводзілі тэматычныя мерапрыемствы. Усе яны былі прысвечаны Году малой радзімы, і дэвіз выставы адпаведны: “Я хачу правесці вас па зямлі, якая для мяне даражэйшая за ўсё”.

У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі вучыцца шмат маладых людзей з іншых краін. Беларускія студэнты мовай творчасці расказвалі ім пра Беларусь. Юнакі і дзяўчаты з замежжа дзяліліся ведамі пра сваю радзіму. Так, упершыню ў навучальнай установе прайшла чайная цырымонія “Асаблівасці чаявання ў розных краінах свету”. Студэнты з Туркменістана, Кітая і Беларусі прадставілі традыцыі чаявання па правілах сваіх народаў, а таксама музычныя нацыянальныя выступленні. Адным словам, істотна культурна ўзбагаціліся.

Яшчэ адной знакавай падзеяй для акадэміі стала фота­прэзентацыя “Мая Беларусь”. Яе прадставіў аспірант з Кітая Хань Вэньюань. За тры гады навучання і пражывання Беларусь стала для Ханя сапраўды блізкай сэрцу краінай. Асабістымі ўражаннямі ён падзяліўся з іншымі студэнтамі.

Дзясяткі аўтарскіх фатаграфій адлюстроўвалі як што­дзённыя вучэбныя будні аспіранта, так і знаёмства з краінай у вольны ад вучобы час. Хань паспеў наведаць шмат цікавых беларускіх славутасцей. Падчас выступлення ён звярнуў увагу прысутных на тыя асаблівасці Беларусі, якія складана перадаць з дапамогай фатаграфіі: прыязнасць і спагадлі­васць людзей, бяспека, спакой.

Пасля завяршэння прэзентацыі госці змаглі наглядна пазнаёміцца з радзімай Ханя праз фотаальбомы з Кітая. На мерапрыемстве склалася максімальна сяброўская атмасфера, таму ўсе прысутныя мелі магчымасць задаць свае пытанні, абмяняцца думкамі і ўражаннямі. Атрымаўся сапраўдны дыялог дзвюх культур, такіх розных, але ў нечым і падобных.

Акрамя студэнтаў акадэміі, выставу “Грані творчасці” таксама змаглі наведаць школьнікі Горацкага раёна. Усяго за крыху больш чым два тыдні з экспазіцыяй пазнаёміліся некалькі тысяч маладых людзей. У кожнага з іх прадстаўленыя творчыя работы пакінулі пэўны след на сэрцы. Усім наведвальнікам вельмі спадабалася выстава за яе непаўторнасць, сучасныя матывы і вобразы. Многія былі здзіўлены тэхнікамі ваканання работ, а некаторыя нават казалі, што асобныя карціны можна і на аўкцыён.

Рэспубліканская акцыя працягвае сваё падарожжа па магілёўскай зямлі. У найбліжэйшы час выстава будзе экспанавацца ў МДУ імя А.А.Куляшова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй.