Праз творчасць у прафесію жыцця

- 15:23Нам пішуць

Прафесія і жыццё…Прафесія жыцця…Як цесна сплецены два гэтыя словы, іх нельга раздзяліць. Як жа выбраць прафесію па душы?

“У меня растут года, будет мне семнадцать, где работать мне тогда, чем же заниматься?” Гэтыя словы з дзіцячага верша ўспамінаюцца ўсё часцей. Усё бліжэй і бліжэй той момант, калі жыццё паставіць сённяшніх дзевяцікласнікаў перад сур’ёзным выбарам. Якім будзе далейшы іх шлях — шлях да прафесіі? Вядома, у кожнага выбар велізарны. Прафесій на зямлі каля 50 тысяч! Як знайсці сярод іх сваю? Як не памыліцца ў выбары, каб можна было сказаць: “Я не проста працую, я жыву”.

Прафесія настаўніка — гэта прафесія жыцця Віктара Эдуардавіча Семака. Мы запрасілі настаўніка сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска В.Э.Семака ў Вярэйкаўскую сярэднюю школу, дзе ён дагэтуль працаваў, на мерапрыемства пад назвай “Настаўнік — прафесія на ўсе часы”.

У 1992 годзе Віктар Эдуардавіч скончыў Воўпаўскую сярэднюю школу з сярэбраным медалём. Паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на біялагічны факультэт і скончыў яго ў 1997 годзе. У школе Віктар Эдуардавіч працуе ўжо 21 год. У 2016/2017 навучальным годзе ўдзельнічаў у конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Быў узнагароджаны Ганаровай граматай.

“Чаму стаў выкладчыкам хіміі і біялогіі?” — пыталіся мы яго неаднойчы. Вось што ён адказвае:

— Урок паводле санкрыту: у — “ура”, рок — “лёс”. Разам гэта азначае: “ура, збыўся лёс”.

Віктар Эдуардавіч мае шмат узнагарод. Лічыць, што быць добрым настаўнікам — значыць выступаць у трох іпастасях: знаўцы, артыста і ўрача. Можна мець глыбокія веды, а да сэрца дзіцяці не дастукацца, можна казаць гучныя, прыгожыя фразы, але яны рассеюцца ў цішы няўвагі пустым гукам. Наша прафесія прад’яўляе чалавеку звышпатрабаванні: усё, чаму вучыць настаўнік, павінна быць у ім самім. Розум выхоўваецца розумам, маральная высакароднасць — асабістай высакароднасцю, перакананасць — перакананасцю. А ў вольны ад работы час Віктар Эдуардавіч піша вершы.

Спадзяюся, што выпускнікі зразумелі, што настаўнік — не толькі прафесія, але і жыццё. І сам настаўнік, яго жыццё, яго дзеці павінны быць прыкладам у жыцці, і галоўнае — любіць сваю прафесію.

Аксана ДАНІЛЬЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.