Сёння ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча прадстаўнікоў Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FISU) з віцэ-прэзідэнтам НАК Рэспублікі Беларусь Мікалаем Ананьевым і арганізатарамі VI чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ ад Беларусі. Арганізацыйны камітэт прадстаўлялі першы намеснік спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гагіеў, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту Валянціна Баляба, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Жураўкоў. У склад дэлегацыі FISU увайшлі першы віцэ-прэзідэнт FISU, прэзідэнт Расійскага студэнцкага спартыўнага саюза Алег Матыцын, генеральны сакратар FISU Эрык Сэнтран (Бельгія), прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэцкага спорту Адам Рошэк (Польшча) і асістэнт генеральнага сакратара FISU Наталля Касцярня (Украіна).
У ходзе сустрэчы віцэ-прэзідэнт НАК адзначыў, што апошнія Алімпійскія гульні ў Сочы паказалі, наколькі высокі патэнцыял мае наша краіна.
“Сёння мы гаворым пра студэнцкі спорт, — падкрэсліў Мікалай Ананьеў. — Нашы поспехі на Сусветнай летняй універсіядзе ў Казані паказалі, што мы на правільным шляху. Мы з гонарам прымаем прапанову аб правядзенні такога буйнога міжнароднага студэнцкага форуму. Сёння мы адкрываем чэмпіянат свету, і я перакананы, што мы правядзём яго на самым высокім узроўні”.
Першы віцэ-прэзідэнт FISU ў сваю чаргу адзначыў, што Міжнародная федэрацыя ўніверсітэцкага спорту рада працаваць з нашай краінай: “Мы — члены адной вялікай алімпійскай сям’і. Студэнцкі спартыўны рух з’яўляецца часткай міжнароднага спартыўнага руху. Нас уражвае ваша дружная каманда: Алімпійскі камітэт, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, універсітэцкая супольнасць. Гэта вельмі добры прыклад для іншых краін, аснова поспеху работы любога спартыўнага форуму. Тут, у Беларусі, мерапрыемствы “асуджаныя на поспех”!
Для нас таксама важна, што маладзёжная палітыка і спорт у прыватнасці з’яўляюцца для вас часткай дзяржаўнай палітыкі ў цэлым. Беларусь паказвае сваю дзеяздольнасць, што пазіцыянуе краіну на міжнародным узроўні.
Мы вельмі ўражаны маштабам будаўніцтва спартыўных аб’ектаў у Беларусі, узроўнем арганізацыі спорту ў вашай краіне. Сёння мы мелі магчымасць пазнаёміцца з комплексам “Мінск-Арэна” і разумеем, наколькі гэты аб’ект значны для правядзення міжнародных спаборніцтваў. На жаль, да апошняга часу сусветная студэнцкая суполка не мела шырокага ўяўлення пра дасягненні Беларусі ў спартыўным кірунку.
Для FISU важна паказаць маладым людзям вашу краіну, даць ім магчымасць узаемных зносін. Сёння ў такім нестабільным свеце важна паказаць, што паміж намі няма розніцы. Спорт — гэта адна з самых унікальных і самых эфектыўных мадэлей, калі ўсе людзі павінны быць разам, паважаць прынцыпы сумленнай гульні. У Беларусі зрабілі ўсё, каб свята маладосці і спорту адбылося”.
Таксама Алег Матыцын адзначыў, што рэсурсы Беларусі дазваляюць арганізаваць мультыспартыўныя мерапрыемствы, такія як Сусветныя ўніверсіяды. Першы віцэ-прэзідэнт FISU адзначыў, што, калі краіна будзе зацікаўлена, Міжнародная фэдэрацыя ўніверсітэцкага спорту будзе рада выступіць у якасці партнёра ў арганізацыі ўніверсіяды.
Прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту Адам Рошэк прызнаўся, што рад прыехаць на чэмпіянат свету сярэд студэнтаў менавіта ў Беларусь.
“У нас, у Польшчы, 55 працэнтаў алімпійскіх дэлегацый складаюць студэнты, таму адносіны паміж алімпійскім спортам і студэнцкім вельмі цесныя, — падкрэсліў ён. — Менавіта праз універсітэцкі спорт ляжыць дарога да Алімпу!
Самае важнае, што мы ўбачылі ў Беларусі, — у вас ёсць сістэма. Гэта сапраўдная піраміда студэнцкага спорту, на вяршыні якой — прэзідэнт краіны. Мы бачым, што ў моладзі ёсць магчымасць займацца спортам. Мы наведалі інтэрнаты, там ёсць спартыўныя цэнтры, спартыўныя залы. Інвестыцыі ў моладзь — гэта інвестыцыі ў краіну”.
Генеральны сакратар FISU Эрык Сэнтран, выступаючы, адзначыў: “Я ўжо быў гатовы да добрых уражанняў ад вашых спартыўных збудаванняў, таму што напярэдадні гутарыў з панам Жозэфам Ліба, кіраўніком Славацкага нацыянальнага алімпійскага камітэта, які расказаў мне пра Беларусь. Штаб-кватэра FISUў Лазане размяшчаецца за некалькі метраў ад штаб-кватэры МАК.
З кастрычніка па дамоўленасці з МАК мы актывізуем наша супрацоўніцтва. Такім чынам, універсітэцкі спорт будзе сапраўды перарастаць у алімпійскі. Мы зможам забяспечыць пераемнасць пакаленняў ад падлеткаў да атлетаў-алімпійцаў! На працягу 2013 года ў нас было больш як 2 тысячы гадзін прамога эфіру на тэлебачанні. Наша цеснае супрацоўніцтва з тэлеканалам “Еўраспорт” дазваляе трансліраваць спартыўныя студэнцкія мерапрыемствы не толькі ў Еўропе, але і ў Азіі”.
Таксама Эрык Сэнтран падкрэсліў, што спартыўны каляндар FISU распісаны да 2019 года, але 1 верасня будзе адкрыты конкурс на правядзенне Сусветнай універсіяды 2021 года, у якім Беларусь зможа прыняць удзел.
“Мы ўжо перадалі дырэктару Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў Валянціне Баляба пакет дакументаў па арганізацыі ўніверсіяды, — сказаў генеральны сакратар FISU. — У нашым распараджэнні больш за год, каб правесці ўсе неабходныя вучэбныя семінары. Мы вельмі спадзяёмся, што зусім хутка вернемся ў Беларусь з чарговым візітам, таму што гэта прыгожая краіна з цудоўнымі людзьмі”.
Намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык у сваю чаргу адзначыў, што спартыўная база Беларусі, у прыватнасці ўніверсістэцкая, падмацавана змястоўнай інфармацыйнай інфраструктурай.
“Універсітэцкі спорт — гэта цэлая сістэма, — падкрэсліў ён. — У выніку мы дасягаем дзвюх мэт: развіваем асобу студэнта, будучага спецыяліста, а таксама ствараем фундамент спорту высокіх дасягненняў. Мы гатовы прадаставіць базу сістэмы адукацыі для правядзення вучэбных семінараў. Таксама ў нас ёсць інтарэс пазнаёміцца са студэнцкімі спартыўнымі асацыяцыямі розных краін”.
Віцэ-прэзідэнт НАК Мікалай Ананьеў прапанаваў прадстаўнікам FISU абмеркаваць ідэю арганізацыі на базе “Мінск-Арэны” юнацкіх спаборніцтваў па фігурным катанні, канькабежным спорце і шорт-трэку. На што Алег Матыцын адзначыў, што Міжнародная федэрацыя ўніверсітэцкага спорту адкрыта для любых прапаноў.
Наталля АЛЁХІНА.