Праз усё жыццё

- 18:24Актуально, На парадку дня

Пасля абавязковай адпрацоўкі працэнт замацавання маладых педагогаў сёння складае амаль 80%. Гэта сведчыць пра тое, што ўмовы, якія ствараюцца на першым рабочым месцы, адпавядаюць запытам пачынаючых настаўнікаў.

Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі “Прэстыж і запатрабаванасць педагагічнай прафесіі ў Беларусі”, якая адбылася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.  

Кадравае забеспячэнне педагагічнай галіны ў нашай краіне знаходзіцца на высокім узроўні. Кожны год 6,5 тысячы маладых спецыялістаў прыхо­дзяць працаваць ва ўстановы адукацыі. “Мы ганарымся, што дзякуючы шэрагу мер, у тым ліку сацыяльнай падтрымцы, удалося дасягнуць сур’ёзных лічбаў замацавання маладых спецыялістаў, — зазначыў А.Іванец.— Гэта ў першую чаргу абумоўлена тым, што на дзяржаўным узроўні прымаюцца рашэнні, якія дазваляюць пабудаваць бесперапынную сістэму не толькі падрыхтоўкі, але і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў. Фактычна рэалізуецца мадэль “Адукацыя праз усё жыццё”.

На ўзроўні дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі краіны працуе каля 173 000 педагагічных работнікаў. На ўзроўні вышэйшай адукацыі — амаль 20 000 выкладчыкаў. Кожны другі з іх — кандыдат і доктар навук, кадры вышэйшай навуковай кваліфікацыі, кіраўнікі і ўдзель­нікі навуковых школ, якія на высокім навуковым і навукова-педагагічным узроўні забяспечваюць падрыхтоўку спецыялістаў. 

“Ад таго, хто прыйдзе ў якасці педагога ва ўстановы дашкольнай адукацыі, у школы і ўніверсітэты, залежыць, наколькі падрыхтаваны спецыя­ліст вый­дзе з сістэмы адукацыі, — падкрэсліў міністр.

На працягу апошніх 7 гадоў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка працуе Рэспуб­ліканскі кластар і каардынацыйны савет па бесперапыннай педагагічнай адукацыі, які аб’ядноўвае ўсе ўстановы адукацыі краіны, пачынаючы ад да­школьных і заканчваючы ўстановамі дадатковай адукацыі дарослых.

“У школах у 10—11 класах уведзена профільная падрыхтоўка, што дазваляе набіраць педагагічныя класы і рыхта­ваць будучых настаўнікаў фактычна са школьнай парты. Сёння ў нас 5200 такіх дзяцей. За мінулы навучальны год коль­касць тых, хто вучыцца ў педагагічных класах, павялічылася на 850 навучэнцаў. Важна, што гэтыя дзеці праходзяць сур’ёзную падрыхтоўку. Акрамя профільных прадметаў, у іх у раскладзе ёсць шэраг педагагічных дысцыплін, якія дазваляюць авалодаць сур’ёзнымі настаўніцкімі кампетэнцыямі, якія спатрэбяцца падчас будучай вучобы. Безумоўна, нам яшчэ ёсць над чым працаваць, каб дасяг­нуць эфектыўнасці ў рабоце педа­гагічных класаў. Сёння кожны трэці выпускнік звязвае сваё жыццё з педагогікай, паступае ва УВА педагагічнага профілю. Аднак хочацца, каб такіх дзяцей было больш. Той будучы спецыя­ліст, які прайшоў падрыхтоўку ў педа­гагічных класах і паступае не толькі на адпаведны профіль, але і на іншыя спецыяльнасці, зможа прымяніць атрыманыя навыкі і ў іншай прафесіі”, — заўважыў Андрэй Іванец.

Для дзяцей, якія вучацца ў педагагічных класах, створана не толькі свая сістэма падрыхтоўкі, але і адпаведныя магчымасці паступлення ва УВА. Калі адзнакі ў атэстаце па школьных дысцыплінах не ніжэйшыя за 7 балаў, а па профільных прадметах не ніжэйшыя за 8, то ў педагагічныя УВА выпускнікі школ паступаюць па субяседаванні. Гэта дазваляе адабраць матываваных і падрыхтаваных дзяцей і дае ўпэўненасць, што ў будучыні яны звяжуць сваё жыццё выключна з педагогікай. Дарэчы, з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, з верасня бягучага года, магчымасці мэтавай падрыхтоўкі будуць пашыраны. Заказаць сабе педагагічныя кад­ры змогуць школы любога населенага пункта краіны.  

“У педагагічнай галіне працуе 26 педагогаў, якія ма­юць званне заслужаных настаўнікаў, — з гордасцю сказаў А.Іванец. — ­Адзін педагог мае званне народнага настаўніка. Таксама за бягучы год нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” мы ўзнагародзілі 81 чалавека. Сумарна колькасць тых, хто атрымаў ганаровыя граматы і граматы Міністэрства адукацыі, складае больш чым 500 настаўнікаў. Гэта сведчыць пра тое, што мы вядзём мэтанакіраваную работу па падтрымцы нашых педагогаў ва ўсіх галінах. Так, з 1 верасня ў краіне бу­дзе праводзіцца рэспубліканскі конкурс “Педагагічны дэбют”. У ім прымуць ­удзел тыя педагогі, якія маюць да 5 гадоў прафесійнага стажу. Пераможцы бу­дуць вызначацца ў 4 намінацыях: “Лепшы малады настаўнік”, “Лепшы выхавальнік дашкольнай установы”, “Лепшы малады дырэктар школы” і “Лепшы загадчык установы дашкольнай адукацыі”. Удзель­нікі конкурсу атрымаюць магчымасць прая­віць сябе, а мы зможам падтрымаць іх, дапамагчы ім развівацца ў прафесіі. Таксама з новага навучальнага года ва ўсіх установах адукацыі пачнуць дзейні­чаць “10 правіл для педагогаў”, якія будуць вызначаць высокі статус і ўзровень нашых настаўнікаў”. 

Для дзяцей, якія вучацца ў педагагічных класах, створана не толькі свая сістэма падрыхтоўкі, але і адпаведныя магчымасці паступлення ва УВА. Калі адзнакі ў атэстаце па школьных дысцыплінах не ніжэйшыя за 7 балаў, а па профільных прадметах не ніжэйшыя за 8, то ў педагагічныя УВА выпускнікі школ паступаюць па субяседаванні.

Падчас прэс-канферэнцыі міністр адукацыі закрануў адно з хвалюючых пытанняў — заработнай платы настаўнікаў:

“Са студзеня па май бягучага года яна вырасла больш чым на 20%, — прывёў лічбы Андрэй Іванец. — Сёння ад сярэдняй зарплаты па краіне заробак педагога складае 88%. Кіраўніком краіны пастаўлена задача, каб да 2025 года зарплата настаўнікаў была на ўзроўні 106% ад сярэдняй па краіне. Мы будзем імкнуцца, каб заработная плата настаўнікаў была не ніжэйша за сярэднюю па краіне”.

Падрыхтоўку педагагічных кадраў у краіне ажыццяўля­юць 15 УВА і 20 устаноў сярэдняй спецы­яльнай адукацыі. На ўзроўні вышэйшай адукацыі навучаецца амаль 25 000 студэнтаў, кожны дзясяты — будучы педагог. Безумоўна, вядучай УВА ў галіне педагогікі з’яўляецца БДПУ імя Максіма Танка. Калі гаварыць пра змест і арганізацыю адукацыйнага працэсу, то ва ўніверсітэце арыентуюцца на падрыхтоўку канкурэнтаздольных педагагічных работнікаў, якія валодаюць шырокім спект­рам новых запатрабаваных кампетэнцый. 

З 18 па 24 ліпеня будуць прымацца дакументы для паступлення на бюджэтную форму навучання. У гэтым годзе ў БДПУ імя Максіма Танка будзе набор на 29 спецыяльнасцей. 

“Сёлета працягваюць дзейнічаць мінулагоднія правілы прыёму, — сказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ імя Максіма Танка Ігар Гушчынскі. — Выпускнікі педагагічных класаў, калі хочуць скарыстацца сваёй ільготай, могуць падаваць дакументы да 20 ліпеня.
4 жніўня абітурыенты даведаюцца вынікі залічэння, а да 8 жніўня можна падаваць дакументы на платныя месцы. Што тычыцца лічбаў прыёму, то ў гэтым годзе плануем набраць 2130 чалавек (1160 чалавек — на бюджэце, 970 — на платнай форме навучання).

Безумоўна, прагназаваць конкурс і прахадныя балы цяжка, але ў БДПУ імя Максіма Танка чакаюць, што яны бу­дуць не ніжэйшыя, чым мінулым летам.

“Вопыт паказвае, што ёсць статыстычная ўзаемасувязь паміж колькасцю абітурыентаў, якія прайшлі ў нас ЦТ, і тым, колькі з іх потым прыйшлі да нас падаваць дакументы, — адзначыў І.Гушчынскі. — У параўнанні з мінулым годам гэтыя лічбы выраслі. Найбольш высокі конкурс летась быў па спецыяльнас­цях “Псіхалогія” (5,6 чалавека на месца), “Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура” (4 чалавекі на месца) і “Лагапедыя” (3 чалавекі на месца). На тры спецыяльнасці былі залічаны толькі тыя абітурыенты, якія мелі льготы: медалісты, пераможцы алімпіяд, выпускнікі педагагічных класаў. Гэта пацвярджае той факт, што спецыяльнасці “Гісторыя і грамада­знаўчыя дысцыпліны”, “Руская мова і літаратура”, “Руская мова і літаратура (замежная мова)” карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў абітурыентаў”. 

Што тычыцца прахадных балаў, то ў прыёмную кампанію 2021 года яны ў залежнасці ад спецыяльнасці адрозніваліся і склалі ад 183 да 336. 

“За апошнія 5—6 гадоў прахадныя балы істотна выраслі, у сярэднім на 30—40 пунктаў, — сказаў Ігар Гушчынскі. — Так, па спецы­яльнасці “Пачатковая адукацыя” прахадны бал вырас з 203 да 264, — гэта прыметны рост. Найбольш высокія прахадныя балы былі на такія спецыяльнасці, як “Псіхалогія” (336), “Практычная псіхалогія” (324), “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” (329), “Лагапедыя” (315). Лічыцца, што педагогіка — жаночая прафесія. Але мы дзякуючы прафарыентацыйным мерапрыемствам стараемся прыцягваць да педагагічнай прафесіі і юнакоў. Калі 5—6 гадоў назад хлопцаў, якія да нас паступаюць, было 16—17%, то сёння гэты паказчык вырас да 20—21%. Прычым на гістарычным, фізіка-матэматычным факультэтах, факультэце фізічнага выхавання хлопцы складаюць 40—60% ад агульнай колькасці студэнтаў”. 

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.