Праз выпрабаванні вайны

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, старшы сяржант, былы памочнік камандзіра ўзвода разведкі Алег Назаравіч Пліндоў прайшоў з баямі па дарогах Заходняга, Калінінскага і 3-га Беларускага франтоў. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны, двума медалямі “За адвагу”. Выдатнік адукацыі, ветэран педагагічнай працы аддаў выхаванню школьнікаў больш як паўвека свайго жыцця і адзначаны за гэта медалём “За працоўную доблесць”. Нягледзячы на даволі сталы ўзрост (98 гадоў), ён і цяпер па закліку сэрца цягнецца да школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў.

Студэнт літаратурнага факультэта Магілёўскага пед­інстытута Алег Пліндоў павінен быў 23 чэрвеня 1941 года здаваць апошні экзамен за першы курс. Ды толькі план гэты не ажыццявіўся: вайна пачалася. На наступны дзень ён разам з сябрамі адправіўся ў ваенкамат прасіцца на фронт. Там ім патлумачылі, што не падыходзяць хлопцы па ўзросце, але запісалі ў знішчальны батальён. Праз некаторы час Алег са сваімі сябрамі прымкнуў да адступаючых чырвонаармейцаў. Адразу ж завёў дзённік, дзе час ад часу рабіў запісы падзей, якія адбываліся на яго вачах. Першы запіс датаваны 12 ліпеня 1941 года, апошні — 7 ліпеня 1944 года, калі пасля цяжкага ранення Алег Пліндоў быў камісаваны.

У адным ваенным гарадку Арлоўскай вобласці была падабрана група са студэнтаў і выпускнікоў школ, якія сталі курсантамі Варонежскага вучылішча сувязі. Праз паўтара месяца немцы падышлі да горада Яльца, і курсантаў кінулі суп­раць іх. Страты былі вялікія. “Калі немцы захапілі горад, — расказвае Алег Назаравіч, — рэшткі групы курсантаў, у тым ліку і мяне, адправілі ў Башкартастан, дзе рыхтавалі малодшых камандзіраў. Калі атрымалі званні сяржантаў, пад урачыстыя гукі аркестра нас павезлі на Калінінскі фронт, дзе я быў прызначаны артылерыйскім разведчыкам і сувязістам”.

Вось выпіска з загада па 195-м гвардзейскім артылерыйскім палку 91-й гвардзейскай Духаўшчынскай стралковай дывізіі: “Пліндоў з рызыкай для жыцця пад ружэйным, кулямётным і мінамётным агнём праводзіў прывязку назіральных пунктаў і агнявых пазіцый дывізіёна і штаба батарэі. 13 і 14 жніўня 1943 года вёў ка­рэкціроўку агню батарэі, замаскіраваўшыся ў лясістай мясцовасці. Патрабавалася асцярожнасць і хуткасць у рабоце, але тэлефонную лінію працягнуў”.

“На Валдаі нашы і нямецкія траншэі знаходзіліся на ўзвышшах за трыста метраў. Мне — загад: тэрмінова даставіць у штаб палка важныя звесткі. Адлег­ласць туды вялікая, і каб выйг­раць у часе, я вырашыў адолець 70 метраў схілу, які дасканала вывучыў. Той участак пра­стрэльваўся снайперамі, а мая тактыка была такой: прабег крыху ўніз — і ў варонку ад бомб, снарадаў ці ў лагчынку. Замёр там, прыўзняў на аўтамаце каску — пачуў звон металу па ёй — зноў уніз. І гэтак далей. Карацей, хітрыкамі абдурыў фрыцаў і смеласцю. А далей — па-за кустамі і ўздоўж шумлівай і хуткай рачулкі. На крутым павароце пачаў пераходзіць яе і, каб не намачыць аўтамат, перавесіў яго за плечы. І тут жа адчуў, што быццам спатыкнуўся. Калі выйшаў на бераг, выявілася, што прыклад аўтамата быў расколаты разрыўной куляй, якая пакінула адмеціну і на ствале”, — узгадвае ветэран.

Было і такое, за што больш за ўсё нацярпеўся страху Пліндоў ад камандзіра артылерыйскага палка. У час слухання яго распараджэнняў з сумкі процівагаза Алега выпалі на падлогу дзве кніжачкі: зборнік лірыкі Гётэ і “Масква кабацкая” Сяргея Ясеніна. Невядома, чым бы ўсё закончылася, калі б камбат далікатна не напомніў высокаму начальніку, што Іаган Вольф­ганг Гётэ з’яўляецца гордасцю не толькі Германіі, а і ўсяго чалавецтва. З рызыкай для сябе Алег перахаваў кніжачку Гётэ і нават асмельваўся калі-нікалі чытаць вершы генія паэзіі сваім аднапалчанам. А.Н.Пліндоў і сам пісаў вершы, адсылаў іх у дывізійную газету. Пісаў і злую сатыру на Гітлера, Гебельса, Бормана і г.д. Як актыўнага аўтара газеты яго запрасілі аднойчы на сустрэчу з ваенным ка­рэспандэнтам, падпалкоўнікам і паэтам Аляксандрам Твардоўскім, які наведаў свой родны Пачынкаўскі раён Смаленскай вобласці з выпадку яго вызвалення. Паэт расказваў, як ствараў паэму “Васіль Цёркін”, і застаўся задаволены, што многія байцы чытаюць і носяць у сваіх гімнасцёрках апублікаваныя яе главы.

Пасля некалькіх месяцаў, праве­дзеных у шпіталі пасля атрыманага пад Віцебскам ранення, Алег вярнуўся ў свой Круглянскі раён Магілёўскай вобласці. І адразу яго выклікалі ў райкам з прапановай узначаліць Цяцерынскую сямігодку. Спасылкі на тое, што ў яго няма вопыту такой работы, не прымаліся, але ўсё ж спыніліся на тым, што ён зойме пасаду намесніка ды­рэктара па ваенна-спартыўнай рабоце, пакуль зной­дуць дырэктара. Сярод настаўнікаў ён, другакурснік педінстытута (пасля скончыў яго завочна), быў як прафесар, бо матэматыку веў былы сапёр, беларускую мову — старая жанчына, за спінай якой была толькі вячэрняя школа. Алег Пліндоў з дапамогай работнікаў сельсавета арганізаваў мясцовых мужчын на выраб школьных лавак, рамонт столі, падлогі і г.д. І калі з райцэнтра паведамілі пра Перамогу, яны сабралі дзяцей і дарослых з усіх вёсак і над ганкам школы павесілі чырвонае палотнішча. Былі радасць, слёзы шчасця.

Алег Назаравіч у розны час працаваў дырэктарам Кудзінскай базавай школы Бялыніцкага раёна, сярэдняй школы № 2 Бялыніч, інспектарам і загадчыкам раённага аддзела адукацыі. У 1995 годзе з камандзіровачным пасведчаннем Бялыніцкай раённай газеты наведаў тыя мясціны, дзе яму давялося ваяваць, і змясціў свае рэпартажы на яе старонках. Нямала цікавых дакументальных матэрыялаў пра Алега Пліндова знаходзіцца ў музеях Ліпецка, Кудзінскай школы, у Бялыніцкай райбіб­ліятэцы. Нельга не ска­заць і пра тое, што на старонках абласной газеты ён друкуе свае артыкулы і вершы і па-бацькоўску клапатліва вучыць маладое пакаленне шанаваць тыя здабыткі, якіх дасягнулі папярэднікі, прымна­жаць іх. Ветэран вайны і працы поўны рашучасці і надзей пераступіць стагадовы рубеж. Моцнага здароўя, добрага настрою, дарагі наш чалавек!

Уладзімір ПЕРНІКАЎ.
Фота Алега БЕЛАВУСАВА, “Гомельская праўда”.