Прэм’ер-міністр абмеркаваў з прадстаўнікамі МВФ пытанні супрацоўніцтва

Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сустрэўся з прадстаўнікамі місіі МВФ на чале з кіраўніком місіі па Рэспубліцы Беларусь Жакам Міньянам, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Абмеркаваны актуальныя пытанні супрацоўніцтва з гэтай міжнароднай арганізацыяй.

Сяргей Румас праінфармаваў аб бягучым стане эканамічнага развіцця краіны. Пры гэтым прэм’ер-міністр акцэнтаваў увагу на трох пытаннях, пазіцыя місіі па якіх для Беларусі важная. “Па-першае, баланс паміж падтрыманнем эканамічнага росту — з аднаго боку, накапленнем рэзерваў, зніжэннем доўгу і слабаабароненасці эканомікі — з іншага. Па-другое, нявызначанасць у знешніх фактарах, якія ўплываюць на нашу эканоміку. Па-трэцяе, структурныя пераўтварэнні і праграма ўрада”, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Жак Міньян канстатаваў рост даверу да нацыянальнай валюты ў Беларусі.

“Хацелася б адзначыць работу ў галіне зніжэння ўзроўню даларызацыі беларускай эканомікі. У гэтай сферы дасягнуты прагрэс, і апошнія 2—3 гады мы назіраем рост даверу да нацыянальнай валюты ў Беларусі. Гэта з’яўляецца важным прыярытэтам у рабоце Нацыянальнага банка і, на наш погляд, павінна заставацца адным з прыярытэтаў”, — сказаў Жак Міньян.

Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі падкрэсліў, што цяперашні курс грашова-крэдытнай палітыкі, якая праводзіцца Нацыянальным банкам, з’яўляецца правільным і адпавядае мэце па інфляцыі. Міжнародны валютны фонд таксама падтрымлівае паэтапны пераход да інфляцыйнага таргетавання. “Гэта паступовы працэс, гэта рух у правільным напрамку”, — адзначыў ён.