Прэм’ер-міністр Азербайджана ўзнагароджаны ордэнам Дружбы народаў

- 12:26Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Дружбы народаў Прэм’ер-міністру Азербайджана Артуру Таір-аглы Расізадэ.

“Ёсць нейкі палітычны падтэкст у такіх узнагародах, ёсць і авансы, і іншае. Але што тычыцца вас, тут няма ніякіх авансаў, няма ніякіх палітычных падтэкстаў, таму што вы столькі зрабілі для нашых адносін, колькі, мабыць, ні адзін грамадзянін Азербайджана”, — сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да Артура Таір-аглы Расізадэ.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў яго склаліся дружалюбныя адносіны з кіраўніцтвам Азербайджана. “Я магу па пальцах адной рукі пералічыць такія адносіны з іншымі кіраўнікамі дзяржаў”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Паводле яго слоў, значны ўклад у дасягненне такога ўзроўню ўзаемаразумення ўнёс Артур Таір-аглы Расізадэ. “Усюды вы ўнеслі свой значны ўклад — пачынаючы ад нашых асабістых адносін з прэзідэнтам цяперашнім, мінулым і ў адносінах паміж народамі і дзяржавамі”.

Прэзідэнт Беларусі выказаў перакананасць, што Прэм’ер-міністр Азербайджана з удзяч­насцю прыме высокую ўзнагароду і заўсёды будзе ёю ганарыцца.

Як паведамлялася, Артур Таір-аглы Расізадэ ўзнагароджаны ордэнам Дружбы народаў за значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Азербайджанам.