Прэм’ер–міністр даручыў кіраўніцтву ПВТ прадставіць комплексны план тэрытарыяльнага развіцця парка

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і кіраўніцтва ААТ “Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій” абмеркавалі перспектывы развіцця парка.

Андрэй Кабякоў наведаў аб’екты ПВТ, якія будуюцца, азнаёміўся з перспектывамі развіцця тэрыторыі. Кіраўнік беларускага ўрада даручыў кіраўніцтву ПВТ прадставіць комплексны план тэрытарыяльнага развіцця парка з улікам жыллёвых праграм кампаній-рэзідэнтаў.
Як паведаміў дырэктар дзяржаўнай установы “Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій” Валерый Цапкала, цяпер рэзідэнтамі парка з’яўляюцца амаль 150 кампаній, у якіх працуюць больш як 22 тысячы чалавек.
Валерый Цапкала канстатаваў, што ў бягучым годзе аб’ём вытворчасці Парка высокіх тэхналогій складзе амаль $800 млн, у наступным годзе плануецца нарасціць яго да $1 млрд. Паводле яго слоў, доля экспарту складае 90 працэнтаў, а тэмпы росту — прыкладна 140—150 працэнтаў у год. “Думаю, што і ў гэтым годзе будуць нядрэнныя тэмпы росту. Што тычыцца геаграфіі, то 40 працэнтаў у нас — Паўночная Амерыка, 43 працэнты — Еўропа, доля краін СНД у гэтым годзе будзе значна меншай, чым у мінулым”, — сказаў дырэктар ПВТ.
Сёння заказчыкамі ПВТ з’яўляюцца кампаніі з 55 краін свету. За першае паўгоддзе 2015 года пры імпарце $1,7 млн чыстая валютная выручка ПВТ дасягнула $315 млн, што, паводле даных Нацыянальнага банка Беларусі, складае 26 працэнтаў ад сальда знешняга гандлю паслугамі ў плацежным балансе краіны.