Прэм’ер-міністр наведаў школьны базар

- 15:50Актуально, Рознае

Сітуацыя з падрыхтоўкай школ да новага навучальнага года не выклікае трывогі. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

У час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць кіраўнік урада наведаў у Бабруйску школьны базар, азнаёміўся з падрыхтоўкай да школьнага сезона дзвюх устаноў адукацыі ў Асіповічах.
Паводле слоў прэм’ер-міністра, наведванне школьнага базару ў Бабруйску пакінула станоўчае ўражанне. Тут быў прадстаўлены даволі вялікі выбар тавараў школьнага асартыменту і, што немалаважна, па даступных цэнах. “Вядома, гэтая даступнасць — паняцце даволі адноснае, — выказаў меркаванне Міхаіл Мясніковіч. — Прадавец заўсёды лічыць, што прадае танна, а пакупнік, наадварот, — што ўсё дорага. Але, прынамсі, калі паглядзець па сярэдняй заработнай плаце ў краіне, то дваіх дзяцей сярэдняга ўзросту можна без асаблівых праблем адправіць у школу”.
“У цэлым сітуацыя з падрыхтоўкай школ да новага навучальнага года ва ўрадзе не выклікае вялікіх сумненняў, — падкрэсліў прэм’ер. — Але мне неабходна было асабіста пераканацца на прыкладзе Магілёўскай вобласці, што сітуацыя адпавядае рэальнасці. У гэтай рабоце не павінна быць ніякіх недаробак і дробязей. Усё да новага навучальнага года павінна быць падрыхтавана на самым высокім узроўні”.