Прэм’ер-міністр Пакістана стаў ганаровым прафесарам БДУ

- 10:20Актуально, Апошнія запісы

11 жніўня ва ўрачыстай атмасферы Прэм’ер-міністру Ісламскай Рэспублікі Пакістан Навазу Шарыфу быў уручаны дыплом ганаровага прафесара БДУ.

Урачыстая цырымонія адбылася ў рэктараце БДУ. Дыплом і мантыю ўручыў пакістанскаму прэм’еру рэктар ВНУ акадэмік Сяргей Абламейка.
Гэтага звання Прэм’ер-міністр Пакістана ўдастоены за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё ўсебаковых дружалюбных адносін паміж Ісламскай Рэспублікай Пакістан і Беларуссю. Выступаючы на цырымоніі, Сяргей Абламейка адзначыў, што Наваз Шарыф удзяляе вялікую ўвагу сістэме адукацыі Пакістана.главная
Па меркаванні рэктара БДУ, візіт Прэм’ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа ў Беларусь падштурхне ўніверсітэты абедзвюх краін да больш цеснага супрацоўніцтва.
Па словах рэктара, у рамках афіцыйнага візіту пакістанскага прэм’ера падпісаны мемарандумы аб узаемаразуменні паміж БДУ і Акадэміяй дыпламатычнай службы Міністэрства замежных спраў Пакістана, а таксама з інстытутам інфармацыйных тэхналогій Comsats.
Сяргей Абламейка адзначыў, што на мінулым тыдні ў Беларусь прыехала вялікая дэлегацыя з Пакістана на чале з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі. “А цяпер прыехалі рэктары ўніверсітэтаў Пакістана”, — дадаў ён.
Беларускі бок зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з пакістанскімі калегамі, якое будзе тычыцца сумесных навуковых даследаванняў, абмену студэнтамі і выкладчыкамі. Як лічыць Сяргей Абламейка, для гэтага ёсць усе неабходныя перадумовы. Акрамя таго, ён адзначыў, што сам ужо наведваў Пакістан. “Я бачыў іх навуковую сістэму. Уражаны тым, што бачыў”, — заўважыў рэктар. Аднак пакуль супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі паміж дзвюма краінамі развіваецца недастаткова. Напрыклад, у БДУ вучыцца толькі некалькі чалавек з Пакістана.
Рэктар БДУ лічыць, што з улікам вялізнага патэнцыялу Пакістана ў Беларусі можа вучыцца больш студэнтаў з гэтай дзяржавы. Беларускі бок таксама зацікаўлены, каб беларуская моладзь вучылася ў Пакістане. “Мы будзем старацца развіваць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Я маю на ўвазе і адукацыйнае, і навуковае, і культурнае ў тым ліку”, — падкрэсліў Сяргей Абламейка.
Прэм’ер-міністр Ісламскай Рэспублікі Пакістан Наваз Шарыф выступіў таксама з лекцыяй перад студэнтамі БДУ.
Выступаючы з лекцыяй, Наваз Шарыф падкрэсліў, што для Пакістана важна развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю ва ўсіх сферах. У сваю чаргу Сяргей Абламейка адзначыў, што Пакістан — гэта шостая краіна ў свеце па насельніцтве, яна адыгрывае важную ролю і ў сваім рэгіёне, і ў цэлым на планеце.
У Кнізе пачэсных гасцей БДУ пакістанскі прэм’ер пакінуў запіс: “Атрыманне тытула ганаровага прафесара гэтага вялікага ўніверсітэта за мой невялікі ўклад у развіццё пакістанска-беларускіх адносін — гэта падстава для вялікага гонару для мяне і маёй краіны”. Наваз Шарыф таксама адзначыў, што ўніверсітэт дзейнічае з 1921 года і ўзбагаціў інтэлект некалькіх пакаленняў. Акрамя таго, прэм’ер выказаў задавальненне наконт устанаўлення сувязей паміж БДУ і пакістанскімі ВНУ.

Па матэрыялах БелТА.