Прэміі аблвыканкама — лепшым вучням і педагогам

- 11:36Адукацыйная прастора, Рознае

У горадзе над Бугам адбылася цырымонія ўручэння прэмій Брэсцкага аблвыканкама вучням-пераможцам заключнага этапу сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і педагогам, якія займаліся іх падрыхтоўкай. Заслужаныя ўзнагароды з рук намесніка старшыні аблвыканкама Л.А.Цупрыка і старшыні абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцава атрымалі 76 школьнікаў і 65 настаўнікаў. 

— Поспехі ў алімпіядным руху чарговы раз пацвярджаюць, што ў нас разумная, мэтанакіраваная і творчая моладзь, — адзначыў Л.А.Цупрык. — Сёння, калі дзяржаўная палітыка накіравана на развіццё ініцыятывы, прадпрымальнасці і інавацый, падтрымка адораных вучняў набывае асаблівы сэнс. Гэта ўклад у будучыню краіны.

У Беларусі створаны належныя ўмовы для выяўлення, сацыяльнай падтрымкі і абароны таленавітых юнакоў і дзяўчат. За апошнія паўтара года больш за 100 вучняў і выпускнікоў устаноў адукацыі Брэстчыны сталі стыпендыятамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Радуе, што на працягу апошніх 2 гадоў істотна палепшылася выніковасць алімпіяднага руху. Так, у заключным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды школьнікі вобласці атрымалі 76 дыпломаў (у 2015 годзе — 73, у 2014 годзе — 58, у 2013 годзе — 56). Найбольшая колькасць дыпломаў — на рахунку вучняў Брэста (26) і Баранавіч (23), Іванаўскага (4) і Лунінецкага (3) раёнаў. Гэтыя рэгіёны з году ў год рыхтуюць пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сярод устаноў адукацыі варта асабліва вылучыць ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна і гімназію № 1 Брэста, а таксама Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава.

Л.А.Цупрык падкрэсліў, што паспяховае выступленне каманды Брэстчыны ў алімпіядным руху стала магчымым дзякуючы высокаму прафесіяналізму педагогаў. Сярод іх — настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, настаўніца геаграфіі Зоя Канстанцінаўна Масюкевіч з ліцэя № 1 Баранавіч, настаўніца іспанскай мовы Людміла Мікалаеўна Амельянюк з гімназіі № 5 Брэста, настаўніца хіміі Ала Васільеўна Таболіна з гімназіі Іванава, настаўнікі інфарматыкі Ігар Віктаравіч Гардынец з Маларыцкай раённай гімназіі і Іван Альфрэдавіч Трэгубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца.

Амаль 10 гадоў Брэсцкі аблвыканкам ажыццяўляе матэрыяльную падтрымку адораных вучняў, таленавітай моладзі і настаўнікаў, якія эфектыўна працуюць. Летась на гэтыя мэты было выдаткавана больш за 513 млн рублёў. І такая падтрымка, запэўніў Л.А.Цупрык, будзе працягнута.

— Дарога ведаў, па якой моладзь ідзе разам з педагогамі, — цяжкі, але правільны шлях. Прыемна бачыць мэтанакіраваных, энергічных, поўных здаровых амбіцый юных патрыётаў нашай краіны. Упэўнены, што ўсе свае веды, творчы патэнцыял і талент вы будзеце выкарыстоўваць на карысць роднай Беларусі і малой радзімы, для шчасця сваіх родных і блізкіх. Настойліва рухайцеся да пастаўленай мэты, вучыцеся пераадольваць цяжкасці і заўсёды дабівайцеся поспехаў, — падагульніў Л.А.Цупрык.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.