Прэміі аблвыканкама — лепшым вучням і педагогам

У Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці прайшла цырымонія ўручэння прэмій аблвыканкама вучням-пераможцам заключнага этапу сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і настаўнікам, якія займаліся іх падрыхтоўкай. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.

— Адукацыя — адна з ключавых сфер нашага жыцця, — адзначыў Л.А.Цупрык. — Якасць адукацыі вызначае стан эканомікі, узровень навукі і культуры, духоўнасці нацыі. Разумная і таленавітая моладзь неабходна любой краіне, якая разлічвае на яе здольнасці ў паспяховым развіцці. Навуковы і творчы лёс кожнага здольнага вучня знаходзіцца ў полі зроку дзяржавы. Гэта нядзіўна, бо яна чакае ад юнакоў і дзяўчат свежых ідэй, здольных вывесці краіну на новы этап развіцця. Настойлівасць, працавітасць і мэтанакіраванасць, уласцівыя алімпіяднікам, з’яўляюцца важнымі якасцямі, якія неабходны не толькі для далейшага развіцця талентаў, але і для паспяховай рэалізацыі ў жыцці.
Прэміі аблвыканкама ўручаюцца на Брэстчыне з 2006 года. Сёння лаўрэатамі прэміі з’яўляюцца больш за 700 вучняў і педагогаў. Сустрэчы кіраўніцтва вобласці з прызёрамі алімпіяд і таленавітымі педагогамі сталі ўжо традыцыйнымі.
Сёлета прадстаўнікі зборных каманд школьнікаў Брэстчыны заваявалі ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 73 дыпломы (летась 58). Гэта лепшы вынік за апошнія 10 гадоў. За кожным дыпломам стаіць цяжкая і карпатлівая праца настаўнікаў і іх выхаванцаў. Надзвычай прыемна, што каманды вобласці па грамадазнаўстве і рускай мове і літаратуры занялі ў сёлетнім камандным заліку 1 месца ў краіне.
Найбольшую колькасць алімпіяднікаў традыцыйна рыхтуюць установы адукацыі Брэста, Баранавіч і Пінска. Некаторыя вучні з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды на працягу некалькіх гадоў запар. Сярод іх — Ангеліна Кікценка з гімназіі № 2 Пінска (нямецкая мова), Міхаіл Стрэмаус з сярэдняй школы № 18 Баранавіч (геаграфія), Сяргей Жук з сярэдняй школы № 19 Брэста (гісторыя), Уладзіслаў Грэбень з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава (фізіка), Аляксей Тузік з гімназіі № 2 Брэста (інфарматыка) і Станіслаў Сосік з гімназіі № 1 Брэста (біялогія). 31 сёлетні выпускнік ужо стаў студэнтам УВА.
Зразумела, што паспяховае выступленне каманды Брэстчыны стала магчымым дзякуючы высокаму прафесіяналізму педагогаў, якія эфектыўна працуюць з адоранымі вучнямі. Так, настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з сярэдняй школы № 2 Камянца і ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста на працягу 10 гадоў рыхтуе пераможцаў не толькі рэспубліканскай, але і Міжнароднай алімпіяды па фізіцы. Сёлета на рахунку выхаванцаў гэтага таленавітага педагога 7 “рэспубліканскіх” дыпломаў.
Настаўнік інфарматыкі Іван Альфрэдавіч Трэгубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца падрыхтаваў сёлета 3 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.
Вынікова выступаюць вучні Брэстчыны і на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. Так, летась выпускніца гімназіі Лунінца Хрысціна Неўдах заваявала залаты медаль на Міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў у Азербайджане, а Уладзіслаў Барысевіч з гэтай жа ўстановы атрымаў залаты медаль на Міжнароднай алімпіядзе праектаў маладых вынаходнікаў у Грузіі. Нядаўна Ілья Карпец з гімназіі Лунінца вярнуўся з залатым медалём з ІІІ Міжнароднай алімпіяды навукова-тэхнічных праектаў у Інданезіі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.