Прэміі і гранты для лепшых педагогаў сталіцы

- 12:05Адукацыйная прастора

У канцэртнай зале “Верхні горад” адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэмій і грантаў Мінгарвыканкама па выніках гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы — 2018”.

На ўрачыстай цырымоніі ўганаравання таленавітых, мэтанакіраваных і творчых педагогаў прысутнічалі старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Васільевіч Панасюк, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Браніславаўна Юркевіч, намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ала Антонаўна Канаплёва, а таксама намеснікі кіраўнікоў адміністрацый раёнаў горада, начальнікі ўпраўленняў па адукацыі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і педагогі сталіцы.

У прывітальным слове Васіль Васільевіч Панасюк адзначыў: “Мінская школа заўсёды захоўвае свае перадавыя пазіцыі дзякуючы спецыялістам, якія падтрымліваюць яе сваёй творчасцю, унікальнай і непаўторнай працай, пастаянным інавацыйным пошукам. Сярод іх выхавальнікі дзіцячых садоў, школьныя настаўнікі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, работнікі ўстаноў прафтэхадукацыі і дадатковай адукацыі. Падчас конкурсу ўдалося выявіць самых перадавых і мэтанакіраваных педагогаў, якія дасягнулі істотных вынікаў у прафесійнай дзейнасці. Упэўнены, што высокія ўзнагароды стануць новым стымулам для іх у справе выхавання і навучання моладзі”.

Васіль Васільевіч уручыў пасведчанні пераможцам конкурсу. За значны ўклад у развіццё сталічнай адукацыі, за распрацоўку інавацыйных адукацыйных праектаў амаль 150 педагогаў атрымалі прэміі і гранты Мінгарвыканкама. У дзесяці намінацыях быў адзначаны лепшы вопыт і лепшыя праекты ў сферы кіравання, арганізацыі навучання на ўзроўні дашкольнай адукацыі, а таксама I, II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацыі дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі, дапрофільнага і профільнага навучання, прафесійнай адукацыі, а таксама напрацоўкі ў сістэме спецыяльнай адукацыі і аказання псіхалагічнай дапамогі, па арганізацыі выхавання і навучання ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у сферы лічбавай адукацыі, па арганізацыі метадычнай работы і дадатковай адукацыі дарослых.

У сваіх распрацоўках мінскія педагогі прадставілі эфектыўныя тэхналогіі і метады навучання, аўтарскія сродкі навучання, разважалі над ідэямі грамадска значных і перспектыўных адукацыйных праектаў. У прыватнасці, канкурсантаў хвалююць пытанні фарміравання пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, іх інтэлектуальных здольнасцей і творчага патэнцыялу, асноў бяспекі жыццядзейнасці, выхавання ў дзяцей нацыянальнай свядомасці, грамадзянскасці, патрыятызму, а таксама экалагічнай культуры і беражлівых адносін да прыроды. На сваіх занятках яны выкарыстоўваюць метады праектаў, прадукцыйнага навучання, практыка-арыентаваныя заданні, займаюцца даследчай дзейнасцю, укараняюць мадэль “Перавернуты ўрок”, адукацыйную тэхналогію “Дэбаты”. Павышаная ўвага — дзецям з АПФР і іх сацыялізацыі, індывідуальным адукацыйным патрэбам.

Ад імя мінскіх настаўнікаў словы падзякі арганізатарам конкурсу выказала Юлія Сяргееўна Якавенка, выкладчык Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” у намінацыі “ Мы — маладыя!”, уладальнік звання “Майстар года — 2018”.

Юлія Якавенка атрымала прэмію Мінгарвыканкама. “У нашым каледжы разам са звычайнымі навучэнцамі атрымліваюць адукацыю навучэнцы з парушэннем слыху і маўлення па прафесіях зборшчыка абутку, абутніка па рамонце абутку, швачкі, — расказала Юлія. — Таму перад кожным нашым выкладчыкам, незалежна ад таго, які прадмет ён вядзе, паўстаюць пытанні: “Хто такі навучэнец з АПФР?”, “Як правільна падаць вучэбны матэрыял, каб усе навучэнцы (у тым ліку з АПФР) яго засвоілі?”, “Якія метады і прыёмы неабходна выкарыстаць, каб навучэнцы з АПФР паспяхова засвоілі змест адукацыйнай праграмы?”. У сваёй рабоце я раскрыла асаблівасці актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў з АПФР на ўроках фізікі. Абгрунтавала, распрацавала і апрабавала сістэму адпаведных вучэбных заданняў, сродкаў і прыёмаў работы. Элементамі названай дзейнасці з’яўляюцца: адаптацыя зместу вучэбнага матэрыялу з улікам магчымасцей навучэнцаў з АПФР; навучанне на дыягнастычнай аснове; стварэнне супярэчнасцей паміж вядомым і невядомым, выкарыстанне часткова-пошукавых і праблемных метадаў навучання; распрацоўка апорных канспектаў; прымяненне розных сродкаў нагляднасці і алгарытмізацыі дзейнасці; пошук сувязей паміж тэмай, якая вывучаецца, практычнай дзейнасцю навучэнцаў і рэальнымі жыццёвымі і прафесійнымі сітуацыямі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.