Прэміі пасла КНР атрымалі лепшыя школьнікі і студэнты

У канцы мінулага тыдня ў сталічнай гасцініцы “Пекін” адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэмій пасла КНР у нашай краіне лепшым знаўцам кітайскай мовы, якія праявілі сябе ў 2018 годзе. У лік лепшых трапілі 12 студэнтаў і 18 школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі Цуй Цымін і першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Ірына Старавойтава. Сярод запрошаных былі рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Баранава, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кіраўнікі і педагогі школ і гімназій, дзе вывучаецца кітайская мова, і, зразумела, непасрэдна віноўнікі ўрачыстасці — школьнікі і студэнты.

“Гэты год — трэці з моманту заснавання Пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь прэміі. У 2016 годзе гэтую ўзнагароду атрымалі 15 прадстаўнікоў вышэйшых і сярэдніх устаноў адукацыі, у 2017 годзе — 30. Прэмія кітайскага пасла, заснаванне якой адбылося ў рамках рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”, заахвоціла беларускіх студэнтаў і школьнікаў да вывучэння кітайскай мовы. Спадзяюся, што яшчэ больш беларускіх навучэнцаў змогуць папоўніць рады тых, хто вывучае кітайскую мову”, — адзначыў у сваім прывітальным слове пасол Кітая.

Цуй Цымінь заўважыў, што паміж беларускімі і кітайскімі ВНУ ў апошнія гады вельмі актыўна наладжваюцца дружалюбныя адносіны, паўсюдна засноўваюцца цэнтры выкладання кітайскай і беларускай моў. Прэстыж кітайскай мовы быў замацаваны ўнясеннем яе ў лік алімпіяднай, акрамя таго, кітайская мова з’яўляецца адным з экзаменацыйных прадметаў у сярэдняй школе. Усё гэта спрыяе росту цікавасці навучэнцаў Беларусі да яе вывучэння.

Як падкрэсліў пасол КНР, у маі гэтага года былі арганізаваны беларускія адборачныя конкурсы сярод студэнтаў і школьнікаў для ўдзелу ў Міжнародным конкурсе “Мост кітайскай мовы” (Кітай). Там беларускія навучэнцы памераліся сіламі са студэнтамі, школьнікамі з розных краін свету і паказалі добрыя поспехі.

“У гэтым годзе, згодна з беларуска-кітайскімі дамоўленасцямі ў сферы адукацыі, арганізавана некалькі летніх груп адпачынку і аздараўлення беларускіх школьнікаў у Кітаі і кітайскіх школьнікаў у Беларусі, — працягнуў Цуй Цымін. — Цалкам відавочна, што ўсё больш беларускіх вучняў выказваюць цікавасць да кітайскай мовы і культуры. Спадзяюся, што беларускія студэнты і школьнікі будуць працягваць упарта вывучаць кітайскую і тым самым умацоўваць сяброўства паміж моладдзю, уносіць свой уклад у далейшае развіццё беларуска-кітайскіх адносін”.

Ірына Старавойтава таксама падкрэсліла важнасць вывучэння беларускай моладдзю кітайскай мовы і культуры, што спрыяе збліжэнню народаў дзвюх краін. “Можна з упэўненасцю сказаць, што наша двухбаковае супрацоўніцтва толькі ўзмацняецца. Яно падмацоўваецца ў тым ліку і папулярнасцю кітайскай мовы ў асяроддзі беларускіх школьнікаў. У шэрагу ўстаноў адукацыі кітайская мова вывучаецца ў якасці першай замежнай. А вывучэнне мовы, культуры, гісторыі краіны з’яўляецца асновай для эканамічнага і духоўнага збліжэння паміж народамі”, — адзначыла Ірына Анатольеўна.

Шмат слоў падзякі прагучала ад студэнтаў і школьнікаў, у тым ліку і на кітайскай мове. Прэміі кітайскага пасла атрымалі студэнты БДУ, МДЛУ, навучэнцы школ і гімназій Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Оршы, Рэчыцы, Маладзечна. Сярод адзначаных школьнікаў былі прадстаўнікі навучальных устаноў, у якіх толькі пачынаюць рабіць першыя крокі ў вывучэнні кітайскай, і тыя, дзе вывучэнне гэтай усходняй мовы перарасло ў з’яўленне адпаведных цэнтраў.

Асобна трэба сказаць пра гімназію № 23 Мінска з беларускай мовай навучання — першую навучальную ўстанову ў нашай краіне, якая адважылася на вывучэнне кітайскай мовы. Цяпер тут працуе рэсурсны цэнтр грамадска-гуманітарнага кірунку “Цэнтр кітайскай мовы і культуры”. А 2 навучэнкі гімназіі, Ганна Краўчэня і Яна Голуб, атрымалі прэміі пасла КНР. Віншуем!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *