Упершыню ў Гродзенскай вобласці дзве прэміі імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ўручылі педагогам.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Удзел у ёй прынялі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, архіепіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый.
Прэміі заснаваны Гродзенскай, Лідскай і Навагрудскай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы, ГрАІРА пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Прэмію “За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі” атрымалі 11 прэтэндэнтаў, а прэмію “За заслугі, грамадзянскую адказнасць і самаадданасць, праяўленую пры выкананні прафесійнага доўгу ў эпідэмічных умовах, выкліканых пандэміяй каранавіруса” — 8.
Усяго ў конкурсе на ўручэнне прэміі прынялі ўдзел 52 прэтэндэнты з 40 устаноў агульнай сярэдняй і 3 — дашкольнай адукацыі 14 раёнаў на тэрыторыі Гродзенскай, Лідскай і Навагрудскай епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы, 7 устаноў прафесійнай адукацыі, 3 — дадатковай адукацыі дарослых, дзяцей і навучэнскай моладзі, аднаго дзіцячага дома.
— Уручэнне прэмій імя Мітрапаліта Філарэта — яшчэ адна важная старонка канструктыўнага, плённага супрацоўніцтва паміж сістэмай адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Адна з прэмій за самаадданую працу педагогаў у няпростых эпідэмічных умовах унікальная. Гэта падзяка педагогам, якія прымалі ўдзел у стварэнні дыстанцыйнага навучання для дзяцей, распрацоўвалі новыя падыходы ва ўмовах пандэміі. Заахвочаны педагогі, якія шмат сіл укладваюць у духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі. Спадзяюся, такая практыка ўзнагароджання педагогаў прадоўжыцца.
Не выпадкова прэміі ўручаюцца педагогам, клірыкам епархій, выкладчыкам нядзельных школ, якія паказалі высокі ўзровень духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Бацька, маці і старэйшая сястра Мітрапаліта Філарэта былі педагогамі. Уладыка меў ступень кандыдата багаслоўя. І сёння ён застаецца ганаровым доктарам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, ганаровым прафесарам ГрДУ імя Янкі Купалы.
— Мітрапаліт Філарэт — чалавек-легенда, ён прысвяціў нашай краіне 40 гадоў свайго служэння, — адзначыў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, ініцыятар уручэння прэмій. — Успамінаючы яго як вялікага педагога, мы сёння гаворым пра важны подзвіг педагогаў, ад якіх залежыць будучыня нашай краіны. Прэміі — знак падтрымкі працы нашых педагогаў, выхавальнікаў, усіх тых людзей, хто ахвяруе сабой дзеля адукацыі, выхавання, будучыні нашай краіны. Мы верым, што благаславенне Мітрапаліта Філарэта будзе з усімі педагогамі.
У намінацыі “Лепшая інавацыйная распрацоўка года” прэмію атрымалі настаўнікі сярэдняй школы № 1 Дзятлава Вольга Старыкава і Аліна Макарэвіч (на здымку). Прадстаўлены на конкурс анлайн-праект “Хлеб вайны” дазволіў навучэнцам паглядзець на падзеі ліхалецця па-іншаму.
У намінацыі “Праца педагога як служэнне” прэміі ўдастоена настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Смаргоні, кіраўнік факультатыву “Асновы праваслаўнай культуры” Людміла Захарэвіч. Настаўніца лічыць, што менавіта практыка фарміравання духоўна-маральных і патрыятычных якасцей асобы навучэнца з дапамогай праваслаўнай валанцёрскай дзейнасці павінна стаць абавязковай для кожнага педагога, які бачыць сваю працу як служэнне беларускаму народу.
Калектыў аўтараў Лідскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета пад кіраўніцтвам Ірыны Шостка атрымаў узнагароду ў намінацыі “Лепшая сістэма духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі”. Кабінет каардынуе сумесную дзейнасць устаноў адукацыі раёна, Беларускай Праваслаўнай Царквы і бацькоў у справе выхавання маральна сталай асобы навучэнца.
Сярод тых, хто праявіў сябе ў складаных эпідэмічных умовах, калектыў Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Алены Міклаш. Ужо ў першыя месяцы пандэміі імі была створана дыстанцыйная пляцоўка “#Сядзім_дома” з цыклам адукацыйных заняткаў і майстар-класаў, а летам рэалізаваны раённы Google-праект NOVOLeto, у шосты школьны дзень — праект “#КУБ” у фармаце анлайн.
За вялікі ўклад у забеспячэнне дзейнасці ўстаноў адукацыі падчас пандэміі каранавіруса ўзнагароду атрымала рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка. Інстытут першым у Беларусі стварыў віртуальную школу “Урокі анлайн. Ад пачатковай школы да сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, матэрыялы якой высока ацанілі педагогі ўсёй краіны. З выкарыстаннем дыстанцыйных тэхналогій праводзілася павышэнне кваліфікацыі для педагогаў і нават працаваў аздараўленчы лагер “Прафстарт” для школьнікаў.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.