Прэмія — дастойным

- 12:43Навіны рэгіёнаў

507 навучэнцаў школ і гімназій, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, універсітэтаў Гродзеншчыны за 18 гадоў сталі лаўрэатамі прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя Аляксандра Дубко. 39 таленавітых навучэнцаў і студэнтаў Гродзеншчыны адзначаны прэміяй у 2015 годзе.

Перад пачаткам цырымоніі быў паказаны фільм аб жыцці і працоўных дасягненнях Героя Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, кавалера двух ордэнаў Леніна, былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама А.І.Дубко. Дыпломы, грашовыя прэміі ў памеры 20 базавых велічынь і кветкі лаўрэатам уручылі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук і ганаровы госць цырымоніі Эма Нічыпараўна Дубко. Ігар Георгіевіч падзякаваў бацькам і педагогам, якія разгледзелі і дапамаглі развіцца здольнасцям маладых людзей, пажадаў ім, каб далейшы лёс іх быў адзначаны такой жа плённай працай на карысць роднай краіны.
Прэмія ўручаецца за дасягненні ў вучобе, творчасці, спорце. Так, сярод узнагароджаных — адзінаццацікласніца Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Наталля Лічык, дыпламант І ступені Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў секцыі “Лінгвістыка”, і навучэнка сярэдняй школы № 2 Ашмян Кацярына Кунц, якая стала бронзавым прызёрам Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат і дыпламантам ІІ ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Навучэнкі гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Паліна Грынько і Алена Брушко — пераможца і дыпламант заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па французскай мове. Вучань Індурскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Ягор Дрэпакоў — пераможца Рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу “Квітней, мой лес!”, Максім Пянькоўскі з сярэдняй школы № 2 Шчучына — неаднаразовы пераможца чэмпіянату Рэспублікі Беларусь і этапаў Кубка свету па ракетамадэльным спорце.
Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага Павел Валчкевіч і Канстанцін Надольскі адзначаны за поспехі ў спорце і творчасці. Павел з’яўляецца трохразовым чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па валейболе, Канстанцін — пераможца “АРТ-вакацый” і дыпламант конкурсу “Свет адкрыццяў”. Навучэнец 4 курса Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Андрэй Хіневіч з’яўляецца прызёрам конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя”. А навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Максім Сокал адзначаны гран-пры Міжнароднага фестывалю ў катэгорыі “Лепшы выканаўца народнага танца”.
Прэміяй імя Аляксандра Дубко былі адзначаны дзевяць студэнтаў трох гродзенскіх універсітэтаў. Ад імя ўсіх узнагароджаных пяцікурсніца медыка-псіхалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дыпламант навуковых канферэнцый у галіне псіхалогіі і медыцынскай рэабілітацыі, аўтар дзесяці навуковых публікацый, актыўная ўдзельніца праекта “Сэрца — дзецям” Марыя Тарчыла выказала падзяку кіраўніцтву Гродзенскага аблвыканкама за ацэнку іх працы, падтрымку і ўвагу таленавітым навучэнцам і студэнтам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.