Прэмія за талент, працавітасць, поспехі

- 12:18Адукацыйныя праекты

Абласную прэмію імя Героя Беларусі Аляксандра Іосіфавіча Дубко ў Гродне атрымалі 39 адораных навучэнцаў і студэнтаў.

У Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дзе прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання, сабраліся самыя таленавітыя навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі. Дзякуючы сваёй працавітасці, мэтанакіраванасці і жаданню ісці наперад, яны дасягнулі высокіх вынікаў на алімпіядах, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. На працягу многіх гадоў традыцыю ўшанавання таленавітай моладзі Прынёмання падтрымлівае ганаровы госць цырымоніі — жонка Аляксандра Дубко Эма Нічыпараўна.

— Традыцыйна напярэдадні старту акцыі “Нашы дзеці” Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт уручае прэмію імя Аляксандра Дубко ўсім таленавітым дзецям вобласці, — падкрэсліў Віктар Пранюк.

— Сёлета, як і ў мінулыя гады, прэмія ўручаецца за высокія дасягненні ўдзельнікам прадметных алімпіяд, культурных мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў, тым, хто сапраўды сябе праявіў. Вельмі важна падтрымаць маладых людзей, каб яны адчулі ўпэўненасць. І гэта заслуга не толькі дзяцей, але ў большай ступені і педагогаў, і бацькоў. Прэмія — адна з прыступак у кар’ерным росце маладых людзей.

У мінулым навучальным годзе гродзенскія школьнікі і студэнты прадэманстравалі добрыя вынікі на рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці заваявалі 33 дыпломы, заняўшы 1-е месца ў рэспубліканскім рэйтынгу па эфектыўнасці ўдзелу і 2-е — па колькасці дыпломаў. Каманда Гродзенскай вобласці стала сярэбраным прызёрам алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Ра­сія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, заваяваўшы 5 дыпломаў, сярэбраным прызёрам XXI Рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў.

У Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў па біятлоне зборная каманда Гро­дзеншчыны заняла 1-е месца. На заключным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020 камандай воб­ласці заваявана 17 медалёў, з іх 5 залатых. Пераможцам конкурсу на лепшы гімн WorldSkills Belarus — 2020 стала навучэнка Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхналагічнага каледжа. Па выніках міжнародных і рэспуб­ліканскіх творчых конкурсаў абсалютнымі пераможцамі сталі 219 навучэнцаў.

Многія з тых, хто дасягнуў вышынь у вучобе, творчасці або спорце, і сталі лаўрэатамі прэміі.

— Сістэма па падтрымцы моладзі ў краіне ўяўляе сабой рознабаковую структуру прэмій, пачынаючы ад спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, стыпендыятамі і лаўрэатамі якога за ўвесь час яго існавання сталі больш за дзве тысячы маладых лю­дзей з Гро­дзенскай вобласці, і заканчваючы прэміямі мясцовых выканаўчых органаў улады, якія зацверджаны ў кожным раёне вобласці. Прэмія імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко ўручаецца з 1998 года, ёй адзначаны больш за 700 маладых лю­дзей, якія дасягнулі значных поспехаў у адукацыі, спорце, культуры, грамадскім жыцці, сферы маладзёжнага самакіравання. Яшчэ 39 атрымліваюць прэмію сёлета. Усе яны розныя, але іх аб’ядноўвае імкненне станавіцца лепшымі, прыносіць карысць грамадству і нашай краіне. Перамогі, якіх яны дасягнулі, з’яўляюцца толькі стартам да сапраўдных дасягненняў. Мэтанакіраванасць маладых людзей дае магчымасць зрабіць прагноз, што ўсё ў іх атрымаецца, — расказаў Руслан Абрамчык.

Сваімі ўражаннямі падзялілася самы юны лаўрэат прэміі Дар’я Свірыд. Дзяўчынка вучыцца ў гімназіі № 1 імя Я.Карскага ў Гродне і з чатырох гадоў займаецца плаваннем у Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі.

— Я вельмі люблю плаваць, удзельнічаю ў спаборніцтвах, — расказала Даша. — Больш за ўсё мне падабаюцца стылі батэрфляй і кроль. Кім стану, калі вырасту, я яшчэ не вырашыла. Аднак вельмі хачу быць падобнай на сваіх тату і дзядулю. Мой дзядуля Васіль Афанасьевіч Свірыд — старшыня СПК імя Дзеншчыкова. Я таксама хачу быць добрым кіраўніком, як і ён.

Трэнер юнай спартсменкі Ала Гурына дадала, што Даша з’яўляецца неаднаразовым прызёрам і пераможцай этапаў міжнароднага адкрытага турніру дзіцячай лігі плавання Беларусі сезона 2020 года, пераможцай этапу Еўрапейскай дзіцячай лігі плавання, яна ўжо выканала нарматыў трэцяга дарослага разраду.

Падчас урачыстай цырымоніі ўручэння прэміі Дубко быў дадзены старт дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці”, якая прахо­дзіць з 10 снежня па 10 студзеня.

— Акцыя “Нашы дзеці” — гэта магчымасць яшчэ раз сустрэцца з дзецьмі, падарыць ім яркае свята, веру ў цуд, падарункі. У рамках акцыі на Гродзеншчыне пройдуць сотні мерапрыемстваў, у якіх прымуць удзел кіраўніцтва абласнога і раённых выканаўчых камітэ­таў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Вельмі важна, што свята пройдзе ва ўстановах, якія працуюць з дзецьмі, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Ад такіх сустрэч ёсць карысць не толькі дзецям, але і дарослым. Тысячы дзяцей атрымаюць падарункі, — адзначыў Руслан Абрамчык.

У праграме мерапрыемстваў значыцца і абласное дабрачыннае свята, якое адбудзецца ў філармоніі. На яго запрошаны дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з мнага­дзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, усяго каля 600 чалавек. Больш за 1100 салодкіх падарункаў атрыма­юць удзельнікі абласнога навагодняга свята выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў і дзяцей з сем’яў членаў Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.

Рашэннем Гродзенскага аблвыканкама за 16 інтэрнатнымі дзіцячымі ўстановамі, установамі аховы здароўя замацаваны для аказання дабрачыннай дапамогі каля 80 арганізацый.

Усе мерапрыемствы будуць праведзены з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя. Прадугледжаны дадатковыя транспартныя сродкі для захавання неабходнай загружанасці і рассаджвання дзяцей па адным, пітная вада, маскі, дэзсродкі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.