Прэс-служба БДУ: ні дня без навін

- 5:38Наша пошта

Прэс-служба Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта была створана ў 2000 годзе, але яе сённяшняя структура і склад супрацоўнікаў-прафесіяналаў аформіліся ў 2006-м. З гэтага часу прэс-служба працуе вельмі актыўна. І вось вынік: сёння на медыяпрасторы вышэйшай школы краіны БДУ фактычна не мае канкурэнтаў.

375 паведамленняў за 365 дзён

Сваёй галоўнай задачай супрацоўнікі прэс-службы Белдзяржуніверсітэта бачаць стварэнне пазітыўнага вобраза комплексу БДУ ў грамадстве. У першую чаргу на гэта працуе сектар інфармацыйнай дзейнасці прэс-службы, работа якога накіравана на знешняе інфармаванне аб тым, што адбываецца ў БДУ, супрацоўніцтва з рэспубліканскімі СМІ і вядзенне калонкі навін на ўніверсітэцкім сайце. Другі сектар адказвае за выпуск газеты “Універсітэт”, якая займаецца ўнутраным інфармаваннем і адрасавана пераважна ўніверсітэцкай грамадскасці.

Сектар інфармацыйнай дзейнасці імкнецца як мага актыўней паведамляць знешняму свету аб поспехах і дасягненнях універсітэта. Напрыклад, у прэс-службе ўзялі за правіла, каб кожны дзень абавязкова з’яўлялася новае паведамленне. Так, за бягучы год журналісты службы падрыхтавалі для СМІ і ўніверсітэцкага сайта ўжо больш за 220 навін. А за 2011 год іх было 375!

— Навасны патэнцыял універсітэта велізарны, — зазначае начальнік прэс-службы БДУ Вольга Анатольеўна Шчадрына. — Яшчэ не ўсе структуры аператыўна паведамляюць аб сваіх мерапрыемствах, акцыях, падзеях. Хацелася б перадаваць у СМІ больш інфармацыі аб навуковых распрацоўках і дзейнасці нашых прадпрыемстваў, якія выпускаюць інавацыйную прадукцыю. Мы працуем над тым, каб актывізаваць іх работу, увесь час нагадваем аб сабе. Бо зразумела, што вынік нашай дзейнасці напрамую залежыць ад супрацоўніцтва з падраздзяленнямі ўніверсітэта.

У БДУ, напрыклад, найбольш актыўныя партнёры прэс-службы па інфармаванні грамадскасці — галоўнае ўпраўленне вучэбнай і навукова-метадычнай работы, галоўнае ўпраўленне навукі, упраўленне па справах культуры, упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю, дзякуючы якім у СМІ пастаянна з’яўляецца інфармацыя аб новых спецыяльнасцях універсітэта, дасягненнях студэнтаў і ліцэістаў на міжнародных алімпіядах, конкурсах і спаборніцтвах, аб навуковых выніках БДУ і г.д. Гэтая інфармацыя вельмі запатрабавана ў журналістаў.

У БДУ не патрабуюць, каб любая сустрэча журналіста з прадстаўніком універсітэта была абавязкова “санкцыяніравана зверху”. Многія вучоныя, дэканы, выкладчыкі вельмі ахвотна ідуць на кантакт з прэсай.

На думку В.А.Шчадрыной, важна, каб прэс-служба была бліжэй да галоўнай крыніцы навін — рэктарата. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — вялікі комплекс вучэбных, навуковых і вытворчых структур. І наладзіць супрацоўніцтва з усімі вельмі складана. Але ў гэтым дапамагае кіраўніцтва, якое працуе ва ўнісон з прэс-службай, разумеючы значнасць абнаўлення аператыўных навін і анонсаў падзей на сайце ўніверсітэта, а таксама інфармавання СМІ. У БДУ зараз праводзіцца значная работа, каб павысіць месца ўніверсітэта ў сусветных рэйтынгах, у прыватнасці ў вэбаметрычным рэйтынгу, які складаецца паводле прысутнасці ВНУ ў інтэрнэце. Таму ў БДУ так многа ўвагі ўдзяляецца абнаўленню сайта. Гэта свядомая і мэтанакіраваная пазіцыя рэктара акадэміка С.У.Абламейкі.

Журналісты любяць БДУ за адкрытасць

— З другога боку, вымушана прызнаць, што калі б пастаўкай навін займаўся кожны факультэт, кожнае інавацыйнае прадпрыемства, увогуле кожная структура ўніверсітэта, то ў БДУ павінна было б працаваць цэлае інфармацыйнае агенцтва, — працягвае Вольга Анатольеўна.

Прэс-служба штомесяц складае дайджэсты, па якіх можна меркаваць аб тым, як БДУ выглядае ў сродках масавай інфармацыі. За апошні месяц, напрыклад, зарэгістравана больш як 300 публікацый у розных выданнях, на інтэрнэт-сайтах, сюжэтаў на радыё і тэлеканалах. Гэта і паведамленні аб падзеях, што прайшлі ў БДУ, і каментарыі, інтэрв’ю вучоных, прадстаўнікоў адміністрацыі ўніверсітэта па той ці іншай праблематыцы.

Такія дайджэсты — не толькі справаздача для рэктара, але і матэрыял для самааналізу, нагода для роздуму аб тым, якімі шляхамі, у якім выглядзе распаўсюджваецца інфармацыя пра ўніверсітэт, якая тэматыка найбольш запатрабавана ў розных СМІ.

Рассылка прэс-службы налічвае каля 100 кантактаў журналістаў рэспубліканскіх, профільных СМІ, інтэрнэт-парталаў, якія рэгулярна асвятляюць адукацыйную тэматыку. Журналісты вельмі часта самі звяртаюцца ў прэс-службу, ведаючы, што тут заўсёды дапамогуць са зборам матэрыялу, арганізуюць сустрэчу з патрэбнымі спецыялістамі.

Вольга Шчадрына, прафесійны журналіст, выдатна разумее: вынік дзейнасці карэспандэнта (публікацыя, тэле- ці радыёрэпартаж) у многім залежыць ад дапамогі прэс-службы і экспертаў. У БДУ не патрабуюць, каб любое інтэрв’ю журналіста з прадстаўніком універсітэта абавязкова было “санкцыяніравана зверху”. Многія вучоныя, дэканы, выкладчыкі вельмі ахвотна ідуць на кантакт з прэсай.

— Ёсць пытанні, якія найбольш прафесійна могуць пракаменціраваць толькі спецыялісты ў сваіх галінах. Таму ва ўніверсітэце прынята давяраць сваім супрацоўнікам, — падкрэслівае начальнік прэс-службы БДУ. — Мы імкнёмся на справе рэалізоўваць прынцып адкрытасці для СМІ.

Акрамя таго, Вольга Шчадрына ўпэўнена, што чым больш меркаванняў агучваецца і паступае ў друк і эфір, тым больш цікава і карысна гэта для іміджу ВНУ. Для гэтага трэба прадастаўляць слова новым суразмоўцам. Хаця ёсць і незаменныя ньюсмейкеры, якіх за адкрытасць вельмі любяць журналісты. Гэта, напрыклад, адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Міхайлавіч Малафееў, начальнік галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы, намеснік старшыні прыёмнай камісіі Людміла Міхайлаўна Хухлындзіна.

У асобных выпадках прэс-служба бярэ на сябе ролю інфармавання грамадскасці па нейкіх праблемных пытаннях і трансліруе афіцыйную пазіцыю кіраўніцтва ўніверсітэта.

“СМІ не паспяваюць спажываць нашу інфармацыю”

Ва ўніверсітэцкай прэс-службы — шмат перспектыў, лічыць Вольга Анатольеўна Шчадрына. З часам, безумоўна, яна будзе трансфармавацца. У якім напрамку? Магчыма, яна аб’яднаецца з PR-службай і будзе арганізоўваць акцыі і праекты сумесна з іншымі структурамі ВНУ (а не проста ўдзельнічаць у іх і “абслугоўваць” журналістаў), а таксама з асобнымі СМІ. Прыклад такога супрацоўніцтва ўжо быў у газет “Універсітэт” і “Знамя юности” з нагоды 90-гадовага юбілею БДУ.

Вольга Анатольеўна марыць, каб універсітэцкая газета, якая ўваходзіць у структуру прэс-службы, была больш палемічнай, дыскусійнай, прыцягвала большую ўвагу студэнтаў і супрацоўнікаў, каб на старонках выдання можна было ўсебакова абмяркоўваць як праблемы ўніверсітэцкага жыцця, так і магчымасці яго паляпшэння. Выданне мае электронную версію, якая ўтрымлівае больш матэрыялаў, чым папяровая.

— Магчыма, больш цесныя кантакты трэба ўсталяваць з універсітэцкім тэлецэнтрам, які, акрамя іншага, рэалізоўвае праект “Універсітэт-ТВ” па асвятленні ўніверсітэцкага жыцця краіны, — разважае Вольга Анатольеўна. — Увогуле ў інфармацыйным полі Беларусі не хапае асветніцкага тэлеканала, які папулярызаваў бы навуковыя дасягненні, арыентуючыся ў тым ліку і на маладзёжную аўдыторыю.

Газета “Універсітэт” — адно са старэйшых перыядычных выданняў Беларусі. Афіцыйна яна выходзіць з 1929 года. На станаўленне і развіццё газеты ў свой час паўплывалі Якуб Колас, Максім Танк, іншыя знакамітыя пісьменнікі і журналісты. У 2009 годзе выданне стала пераможцам V Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая літара” ў намінацыі “Лепшая шматтыражная газета”.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце выдаецца 21 студэнцкая газета, 20 з іх сёння маюць электронны фармат у інтэрнэце. Усе яны даступны на афіцыйным сайце БДУ на старонцы “Студэнцкія СМІ”.

Што тычыцца прынцыпаў ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі, то і тут ёсць што ўдасканальваць. На думку В.А.Шчадрыной, медыярынак Беларусі даволі абмежаваны, і часам СМІ не ў стане “пераварыць” той аб’ём інфармацыі пра ўніверсітэт, які ён генерыруе. Нават падаецца, што ў асобных выданнях і на тэлеканалах існуе ліміт на згадванне ў друку ці ў эфіры. І гэта для прэс-службы вельмі крыўдна, бо мэта ў яе супрацьлеглая. Вось свежы прыклад: пры асвятленні нашумелага фестывалю “Тэатральны куфар” некаторыя сродкі масавай інфармацыі проста “забыліся” згадаць, што яго арганізатар — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

— Навін пра БДУ павінна быць многа. Колькасць паведамленняў, спасылак, згадванняў універсітэта ў СМІ, колькасць зваротаў у прэс-службу — гэтым мы і вымяраем вынік сваёй працы. Белдзяржуніверсітэт імкнецца быць лідарам не толькі ў вучэбнай, навуковай галінах, але і ў інфармацыйнай, — зазначае напрыканцы гутаркі Вольга Шчадрына.

Прэс-служба БДУ з задавальненнем дзеліцца вопытам з калегамі — прадстаўнікамі пакуль нешматлікіх аналагічных універсітэцкіх структур. З Палажэннем аб прэс-службе БДУ ўжо азнаёміліся тыя, хто быў у гэтым зацікаўлены. І надалей прэс-служба адкрыта для абмену вопытам.

Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.