Прэстыж для нашай краіны

У Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная пытанням удзелу нашай краіны ў Міжнародным конкурсе WorldSkills, папулярызацыі рабочых прафесій сярод моладзі, правядзенні прафарыентацыйнай работы сярод выпускнікоў школ. У ёй прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык і рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі А.Х.Шкляр.

— Сёння не трэба нікога пераконваць у важнасці прафесійнай адукацыі для нашай краіны, — адзначыў у пачатку прэс-канферэнцыі Віктар Віктаравіч Якжык. — Калі наша эканоміка выходзіць на інавацыйны шлях развіцця, то значнасць фарміравання працоўных рэсурсаў з найбольш кваліфікаваных спецыялістаў і рабочых цалкам апраўдана. Таму перад намі стаіць важная дзяржаўная задача захаваць сістэму прафесійнай адукацыі, развіваць яе з улікам патрэб сацыяльна-эканамічнага комплексу і знаходзіць усё новыя і новыя шляхі яе папулярызацыі сярод маладых людзей.
Як заўважыў В.В.Якжык, сёння прафесійная адукацыя прадастаўляе нашым маладым людзям усе магчымасці для навучання. У каледжах створаны два ўзроўні падрыхтоўкі, дзе навучэнцы могуць атрымаць прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Арганізаваны рэсурсныя цэнтры, многія з навучальных устаноў атрымліваюць статус вядучых, ствараюцца кластары, каб наблізіць прафесійную падрыхтоўку да ўмоў вытворчасці і даць навучэнцам сучасныя веды і прафесійныя навыкі. За час навучання выхаванцы ўстаноў прафесійнай адукацыі могуць атрымаць некалькі кваліфікацый, што павышае іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Акрамя таго, навучэнцам на прадпрыемствах забяспечваецца аплата за праходжанне вытворчай практыкі, а пасля заканчэння навучальнай установы гарантавана першае рабочае месца. Аб сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі гаворыць і назначэнне навучэнцам стыпендый, прадастаўленне інтэрната, бясплатнае харчаванне, забеспячэнне спецыяльнай рабочай вопраткай, аказанне матэрыяльнай дапамогі на праезд тым іншагароднім навучэнцам устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, каму яна асабліва неабходна.
Асновай сённяшняй палітыкі ў сферы прафесійнай адукацыі з’яўляецца аптымізацыя аб’ёмаў і структуры падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбамі высокатэхналагічнай вытворчасці, абнаўленне зместу прафесійнай адукацыі і ўзмацненне практыканакіраванасці падрыхтоўкі кадраў. З гэтай мэтай структура падрыхтоўкі кадраў фарміруецца адрасна, з улікам рэальных запытаў наймальнікаў кадраў і ўвогуле галін эканомікі і сацыяльнай сферы, што на стадыі вызначэння кантрольных лічбаў прыёму больш чым на 80 працэнтаў пацвярджаецца заключанымі дагаворамі з прадпрыемствамі і арганізацыямі.
У структуры прыёму гэтага года спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складаюць амаль 80%, як гэта было і ў папярэднія гады. З мэтай яшчэ больш удасканаліць структуру прафесійнай падрыхтоўкі згодна з патрэбамі рынку працы будуць адкрыты 174 новыя прафесіі для асобных устаноў прафтэхадукацыі. У сёлетнюю прыёмную кампанію на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца залічыць 34,6 тысячы навучэнцаў. На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць 40,5 тысячы чалавек. Прыём будзе ажыццяўляцца на тых жа ўмовах, што і ў 2014 годзе.
В.В.Якжык адзначыў значнасць прафарыентацыйнай работы сярод моладзі на атрыманне рабочых прафесій. Для яе актывізацыі, вызначэння новых напрамкаў яе арганізацыі Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам эканомікі распрацавала і зацвердзіла новую рэдакцыю Канцэпцыі развіцця прафесійнай арыентацыі моладзі. Важным крокам у папулярызацыі рабочых прафесій сярод маладых людзей з’яўляецца правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства. У сістэме прафесійнай адукацыі спаборніцтвы такога кшталту з кожным годам набываюць усё больш высокі імідж і ў іх з задавальненнем удзельнічаюць лепшыя навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А з гэтага года нашым навучэнцам прадастаўлена і міжнародная арэна — конкурс WorldSkills, які заваяваў папулярнасць ва ўсім свеце.
— WorldSkills — гэта шматмэтавае мерапрыемства, якое паспрыяе рэалізацыі інавацыйнай стратэгіі развіцця нашай краіны, падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў з улікам стандартаў сусветнай эканомікі, — адзначыў Віктар Віктаравіч. — Не менш значная роля гэтага спаборніцтва адведзена папулярызацыі рабочых прафесій сярод моладзі і ўвогуле павышэнню прэстыжу як сістэмы нашай адукацыі, так і ў цэлым нашай краіны.
— Па сутнасці гэтае спаборніцтва адкрывае для нашай эканомікі новыя перспектывы развіцця, прадастаўляе магчымасць пазнаёміцца з новымі кампетэнцыямі, якія выкарыстоўваюцца сёння ў высокаразвітых краінах, дазваляе ўзняць на больш высокую прыступку прэстыж прафесійнай адукацыі сярод маладых людзей, — адзначыў Аркадзь Ханонавіч Шкляр.
Сёння ў WorldSkills International уваходзяць 72 краіны, сярод якіх Германія, Францыя, Кітай, Паўднёвая Карэя, ЗША, Канада, Бразілія, Расія і інш. У мінулым годзе да руху WorldSkills далучылася і Беларусь. У нашай краіне ўжо праведзены І Нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. У ім удзельнічалі больш за 150 маладых рабочых, студэнтаў, навучэнцаў, якія папярэдне перамаглі ў рэгіянальных спаборніцтвах.
Удзельнікі чэмпіянату дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства ў 20 кампетэнцыях па розных галінах сацыяльна-эканамічнага комплексу. Сярод іх мехатроніка, мабільная робататэхніка, аўтамабільныя тэхналогіі, кабельная сістэма інфармацыйнай сеткі, кіраванне вытворчымі працэсамі, электроніка, кандыцыяніраванне паветра, адміністраванне сеткавых інфармацыйных сістэм, тэхнічнае праектаванне, фрэзерныя і такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем, каменныя, сталярныя, абліцовачныя, зварачныя работы, кандытарскае і кулінарнае майстэрства, цырульніцкае майстэрства, рэстаранны сэрвіс і дызайн адзення. Для кожнага канкурсанта ўдзел у WorldSkills Belarus стаў прыкметнай падзеяй у жыцці і прафесійным росце. Многія з удзельнікаў спаборніцтва атрымалі ад кіраўніцтва вядучых прадпрыемстваў запрашэнні на працаўладкаванне.
Рэктар РІПА расказаў, як сёння вядзецца падрыхтоўка беларускай каманды да ўдзелу ў WorldSkills-СНД і WorldSkills-Бразілія. Ужо складзены спіс кандыдатаў у рэспубліканскую каманду з ліку студэнтаў УВА (Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт), навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, маладых работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый. Адабраны 18 прафесійных кампетэнцый, па якіх вядзецца падрыхтоўка канкурсантаў, за кожнай з іх замацаваны эксперты (спецыяліст з установы адукацыі або прадпрыемства), якія маюць магчымасць наладжваць стасункі на сайце экспертаў з усяго свету.
Арганізаваны стажыроўкі маладых спецыялістаў па выкананні работ у адпаведнасці са стандартамі WorldSkills на абсталяванні тых кампаній, якія з’яўляюцца лідарамі на сусветным рынку. Так, напрыклад, адзін з навучэнцаў індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА прымаў удзел у чэмпіянаце ЗША па зварцы ў Атланце (штат Джорджыя), з выкарыстаннем зварачнага абсталявання аднаго з партнёраў WorldSkills — амерыканскай кампаніі Lincoln Electric. Беларускія навучэнцы ўдзельнічаюць і ў іншых міжнародных спаборніцтвах па той ці іншай прафесіі.
Па меркаванні Аркадзя Ханонавіча Шкляра, беларуская нацыянальная каманда на WorldSkills пакажа сябе толькі з лепшага боку і выступіць дастойна.

Ала КЛЮЙКО.