Нясвіжскі раён вызначаецца не толькі багатай духоўна-культурнай спадчынай. Ён славіцца і сваімі адукацыйнымі дасягненнямі. Сёння вынікі вучэбна-выхаваўчай дзейнасці падводзім разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама Мінскай вобласці Аленай Уладзіміраўнай КЛІШЭВІЧ.
— Алена Уладзіміраўна, раскажыце, чым жыве ваш раён у канцы навучальнага года, які настрой пануе ў педагагічным асяроддзі?
— Можна сказаць, што 2014/2015 навучальны год практычна закончаны. І, ацэньваючы мінулы навучальны год, няпросты, але вельмі цікавы, трэба адзначыць, што паступальны рух у развіцці адукацыі раёна працягваецца. Безумоўна, такія змены — напружаная сумесная дзейнасць усёй педагагічнай супольнасці раёна. Кожны крок, які вядзе да змен нашай сістэмы, адказны і патрабуе дбайнай прапрацоўкі, бо за нашымі дзеяннямі — юныя нясвіжцы, якім мы абавязаны дапамагчы стаць здаровымі, паспяховымі і запатрабаванымі грамадзянамі. І я шчыра ўдзячна педагогам раёна за ўклад у адукацыю нашых дзяцей у адыходзячым навучальным годзе.
Школа — другі дом. Мы імкнёмся, каб наш дом быў прывабным, утульным, каб у ім былі створаны ўсе ўмовы для атрымання годнай адукацыі і выхавання навучэнцаў у духу патрэб сучаснага жыцця, таму напярэдадні летніх канікул наш вялікі педагагічны калектыў не толькі будуе планы, як правесці адпачынак, але і працуе над стварэннем неабходных умоў для якаснага адпачынку і аздараўлення дзяцей, над арганізацыяй работ па рамонце і добраўпарадкаванні ўстаноў адукацыі. І, вядома ж, гэта час, калі кожны з нас аналізуе і ацэньвае сваю работу, будуе планы на перспектыву. І я ўпэўнена, што ў педагогаў нашага раёна ёсць вялікі патэнцыял для руху наперад.
— Падводзячы вынікі навучальнага года, лагічна спытаць пра дасягненні ў адукацыі вашага раёна.
— Навучальны год для сістэмы адукацыі раёна быў дастаткова паспяховым. Як і ў любой іншай справе, нашы поспехі і дасягненні, як і няўдачы, непасрэдна залежаць ад кадравага рэсурсу. Наш педагагічны калектыў — гэта супольнасць творчых асоб. У 2014/2015 навучальным годзе свае ўзнагароды атрымалі дырэктар Сноўскай сярэдняй школы Г.В.Радаман, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Нясвіжа В.С.Хілько. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы І.Р.Віннік стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Акрамя таго, яна прызнана лепшым настаўнікам-русістам на Сусветным фестывалі рускай мовы.
Годна прадставілі Мінскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы навучэнцы сярэдняй школы № 1 Нясвіжа і гімназіі. Дыплом І ступені па грамадазнаўстве атрымала адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 1 Нясвіжа Дар’я Краўчук (настаўніца В.А.Шумская). Дзесяцікласнік гэтай жа ўстановы Кірыл Лугін заваяваў дыплом ІІ ступені на алімпіядзе па грамадазнаўстве (настаўніца Н.У.Кажамякіна), а адзінаццацікласніца з гімназіі Алеся Мельнік удастоена дыплома ІІ ступені па беларускай мове і літаратуры (настаўніца Л.Л.Зубрыцкая). Не менш паспяховым быў год у развіцці даследчых навыкаў навучэнцаў. У міжнародных даследчых конкурсах нашы дзеці заваявалі 9 дыпломаў.
Цэнтральнае месца ў сістэме выхаваўчай работы займае патрыятычнае выхаванне моладзі. Па выніках ХVI Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі і Году моладзі, дыпломамі ІІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Наталля Канстанцінаўна Крэнь, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Навасёлкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Вольга Іванаўна Пуляк, загадчыца ясляў-сада № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства”.
Многае нам удалося зрабіць, але наперадзе таксама многа спраў. Дасягненне станоўчых вынікаў не азначае адсутнасці праблем. Мы іх бачым і будзем імкнуцца сумесна іх вырашаць.
— А якія праблемы хвалююць вас як начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму?
— Сёння адной з праблем, напэўна, не толькі нашага, але і іншых раёнаў з’яўляецца праблема замацавання маладых спецыялістаў. Гэты паказчык у нас складае 85%. Гэта нядрэнны вынік, якога мы дасягнулі дзякуючы таму, што ў сваёй рабоце асноўны ўпор мы робім на мясцовыя кадры. Штогод у сярэднія спецыяльныя, вышэйшыя навучальныя ўстановы для атрымання педагагічных спецыяльнасцей на аснове мэтавых дагавораў паступае ад 15 да 18 выпускнікоў школ раёна. Таксама спрыяльна адбіваецца на кадравым пытанні цеснае ўзаемадзеянне з Нясвіжскім дзяржаўным каледжам імя Якуба Коласа.
Аднак часта іншагароднія спецыялісты, адпрацаваўшы два гады, на жаль, з’язджаюць з раёна. Гэта звязана з адсутнасцю жылля. Таму сёння сумесна з райкамам прафсаюза шукаем шляхі матэрыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў. Узаемадзейнічаем з кіраўнікамі базавых гаспадарак і прадпрыемстваў, і ў гэтым кірунку ёсць пэўны станоўчы вопыт. Так, штогод прадастаўляюць месцы ў інтэрнатах маладым настаўнікам ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, СВК “АК Сноў”. У бягучым годзе заканчваюцца работы па добраўпарадкаванні ў камфартабельным інтэрнаце гасцінічнага тыпу для педагогаў на тэрыторыі СВК “АК Сноў”, які адкрые свае дзверы да пачатку новага навучальнага года.
— Алена Уладзіміраўна, тады ў працяг хацелася б пачуць ваша меркаванне адносна прэстыжу педагагічнай прафесіі: што вы ўкладваеце ў гэтае паняцце і ці залежыць прэстыж ад матэрыяльнага дабрабыту?
— Прэстыж прафесіі настаўніка ў сучаснай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі нельга ахарактарызаваць адным словам, але, нягледзячы ні на што, ацэнка ролі настаўніка ў свеце высокая. Сацыяльная значнасць гэтай прафесіі і патрэба ў высакакласных спецыялістах не зніжаюцца з прагрэсіўным развіццём чалавечага грамадства.
І не ад заработнай платы, на мой погляд, залежыць прэстыж нашай прафесіі. У прынцыпе, і ў маладога, і ў дасведчанага педагога ёсць усе магчымасці нармальна зарабляць. Важна звярнуць увагу на стаўленне саміх педагогаў да працы, на іх ацэнку сваёй прафесіі. Прэстыж — гэта духоўная катэгорыя, якая ўзвышае настаўніка ў яго ўласных вачах. Прывабнасць педагагічнай прафесіі звязана з разуменнем настаўнікамі сваёй місіі ў грамадстве, з магчымасцю творчага самавыяўлення ў працы.
Настаўнік — ключавая фігура ў грамадстве, таму ўсім, хто выбраў гэтую прафесію, варта памятаць, што менавіта ад нашай работы, ад таго, як будзем ставіцца да сваіх абавязкаў і вучняў, будзе залежаць будучыня нашай краіны. Выбіраючы прафесію настаўніка, трэба ведаць, што вы заўсёды будзеце запатрабаваныя на рынку працы, бо настаўнік — гэта катэгорыя вечная. Але каб быць паспяховым у сваёй дзейнасці, неабходна любіць сваю работу, пазітыўна ўспрымаць людзей, займацца самаадукацыяй — і тады вам адкрыецца поўны спектр магчымасцей прафесіі. А напрыканцы, карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх калег з заканчэннем навучальнага года.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.