Прэстыжнасць педагагічнай прафесіі знаходзіцца ў плоскасці ўніверсітэцкага асяроддзя

- 15:23Апошнія запісы, Вышэйшая школа, Рознае

На нарадзе рэктараў універсітэтаў дзяржаў — удзельніц СНД у межах ІІІ з’езда настаўнікаў ішла гаворка пра сучасныя тэндэнцыі развіцця вышэйшай педагагічнай адукацыі, пра прэстыж гэтай адукацыі і міжгаліновае супрацоўніцтва. Мерапрыемства праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў нарады звярнуўся Вадзім Богуш, першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Усваім выступленні першы намеснік міністра адукацыі адзначыў, што, нягледзячы на тэрытарыяльную прыналежнасць, развіццё педагагічнай адукацыі мае агульныя карані, якія павінны стаць асновай для сучаснага супрацоўніцтва паміж педагагічнымі ўніверсітэтамі.
У рабоце нарады прымалі ўдзел як рэктары педагагічных універсітэтаў дзяржаў — удзельніц СНД, так і рэктары класічных універсітэтаў, дзе можна атрымаць педагагічныя спецыяльнасці. Акрамя таго, у дыскусіі ўдзельнічала Людміла Пынчанкава, сакратар Пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД.

* * * * *

Праблемнае поле для абмеркавання складалася з трох блокаў пытанняў. Сацыяльна-эканамічны кантэкст педагагічнай адукацыі ўключаў пытанне нізкага прэстыжу педагагічнай прафесіі, механізмы і спосабы прыцягнення ў прафесію лепшых навучэнцаў.
Агульная адукацыйная прастора падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў — гэта і праблемы павышэння якасці педагагічнай адукацыі (удасканаленне адукацыйных стандартаў, развіццё інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, узмацненне практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі спецыялістаў адукацыі), і пошук новых форм інтэграцыі адукацыі, навукі і інавацыйнай педагагічнай практыкі (кластарныя мадэлі развіцця педагагічнай адукацыі, вучэбна-навукова-інавацыйны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі), і збліжэнне мадэлей і сістэм падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі педагагічных кадраў у адукацыйнай прасторы СНД (распрацоўка агульных прафесійных стандартаў, праграм падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, акадэмічная і прафесійная мабільнасць).
Трэці блок пытанняў быў прысвечаны супрацоўніцтву ў галіне навукова-даследчай дзейнасці і ўключаў наступныя пытанні: сумесныя фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па актуальных праблемах у галіне псіхолага-педагагічных навук, крос-культурныя даследаванні праблем міжкультурнай камунікацыі; сумесная рэалізацыя навукова-практычных мерапрыемстваў, канферэнцый, семінараў па праблемах развіцця педагагічнай адукацыі.
Як было адзначана падчас нарады, сёння настаўнік, на жаль, не герой дня. Лічыцца, што прэстыж педагагічнай прафесіі знізіўся з-за невялікіх зарплат, але педагог ніколі не атрымліваў многа, прычым гэта, як гаворыцца, сусветная практыка. Цяпер сітуацыю стараюцца выправіць. Напрыклад, у нашай краіне заработная плата настаўніка апошні раз была павялічана зусім нядаўна. Акрамя таго, у фарміраванні зарплаты беларускага настаўніка актыўны ўдзел прымаюць рэгіянальныя ўлады. У Расіі прынялі рашэнне прыраўнаваць зарплату настаўніка да сярэдняй па краіне.
Але не толькі заработная плата ідзе ў мінус педагагічнай прафесіі. Сучасная моладзь у большасці сваёй арыентавана на інавацыйныя прафесіі, якія даюць значна большыя заробкі. Акрамя таго, не пускаюць у педагогіку і ўмовы працы: ненарміраваны працоўны дзень, неабходнасць прымаць удзел у вялікай колькасці дадатковых мерапрыемстваў. Не працуюць на педагогіку і грамадскія стэрэатыпы, маўляў, у гэтай сферы няма ніякага прафесійнага росту.
Па меркаванні Аляксандра Жука, рэктара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, фарміраванне прэстыжу педагагічнай прафесіі трэба закладваць у прафарыентацыйную работу са школьнікамі, прычым не старшакласнікамі, а вучнямі 7—8 класаў.
Сёлета пачатак новага навучальнага года ў нашай краіне быў азнаменаваны адкрыццём профільных педагагічных класаў, якія пачалі дзейнічаць на базе гімназіі № 20 Мінска.
Адкрыццё педагагічных класаў — гэта толькі першы крок. Як адзначыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка, неабходна пашыраць гэтую дзейнасць. Будзе стварацца вучэбна-навукова-інавацыйна-педагагічны кластар на чале з Беларускім дзяржаўным універсітэтам імя Максіма Танка. У планах — стварэнне педагагічных класаў па ўсёй краіне, а ў перспектыве — і педагагічных гімназій. Для такіх школьнікаў будуць стварацца адпаведныя вучэбныя праекты, якія дазволяць ім пагрузіцца ў педагагічную сферу. Мяркуецца, што на базе БДПУ будзе дзейнічаць вочна-завочная педагагічная гімназія, куды школьнікі будуць прыязджаць на вучэбныя сесіі.
Акрамя таго, як заўважыў Аляксандр Жук, апраўдала сябе і новаўвядзенне прыёмнай кампаніі гэтага года, калі медалістам было дазволена паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў. Прынамсі, колькасць медалістаў сярод студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка павялічылася ў 5 разоў. Па меркаванні рэктара ўніверсітэта, неабходна спускацца з нябёсаў і пачынаць шчыльна працаваць са школамі і настаўнікамі, бо толькі ў супрацоўніцтве можна знайсці выйсце з існуючай сітуацыі. Акрамя таго, да прафарыентацыйнай работы неабходна далучаць і педагагічныя дынастыі, якіх у беларускіх школах нямала.

* * * * *

У Расійскай Фэдэрацыі распрацавалі праграму мадэрнізацыі педагагічнай адукацыі на 2014—2017 гады. Яе мэта, як адзначыў Віктар Болатаў, прэзідэнт Еўразійскай асацыяцыі ацэнкі якасці адукацыі, член РАА, — радыкальна павысіць якасць студэнтаў, якія атрымліваюць педагагічную падрыхтоўку, змяніць змест і тэхналогіі педагагічнай падрыхтоўкі так, каб забяспечыць рэалізацыю новага прафесійнага стандарту, новых стандартаў школьнай і дашкольнай адукацыі (практычныя кампетэнцыі, павышэнне ўзроўню педагогаў дашкольнай і пачатковай адукацыі, кар’ерная адукацыйная перспектыва для настаўнікаў), павысіць эфектыўнасць ВНУ, якія рэалізуюць праграмы падрыхтоўкі педагогаў, і педкаледжаў.
Праграма мадэрнізацыі неабходна, бо, як заўважыў Віктар Болатаў, існуе меркаванне, што педагагічныя ўніверсітэты рыхтуюць да работы ва ўчарашняй школе з учарашнімі вучнямі. Акрамя таго, статыстычныя даследаванні, праведзеныя ў Расіі, сведчаць, што пасля педпрактыкі палова студэнтаў не хоча ісці працаваць у школу.
Згодна з праграмай мадэрнізацыі, ключавымі элементамі новай сістэмы падрыхтоўкі педагогаў павінны стаць:
* падрыхтоўка педагогаў на 3 і 4 курсе пасля двух курсаў непедагагічнага бакалаўрыята;
* шырокі бакалаўрыят у педагагічных ВНУ, які прадугледжвае мэтанакіраваную педагагічную падрыхтоўку лепшых студэнтаў;
* узмацненне развіцця практычных кампетэнцый на аснове новага прафесійнага стандарту, у тым ліку праз распрацоўку на дзейнаснай аснове новых курсаў педагагічнай псіхалогіі, педагогікі і методыкі выкладання, а таксама працяглую практыку і стажыроўку ў школах-партнёрах.
Усё гэта прадугледжвае:
* магістратуру для настаўнікаў-метадыстаў і кіраўнікоў;
* магістратуру, якая забяспечвае магчымасць хуткага ўваходу ў прафесію людзей без педагагічнай адукацыі;
* кваліфікацыйны экзамен на аснове новага прафесійнага стандарту, які спрашчае ўваход у прафесію і дазваляе ацэньваць якасць падрыхтоўкі;
* прыкладны бакалаўрыят, які рэалізуецца ў сеткавым узаемадзеянні.
Як патлумачыў Віктар Болатаў, у выніку неабходна зрабіць так, каб не адсейваць студэнтаў, а выбіраць. А шырокі бакалаўрыят, напрыклад, дазволіць выбіраць: ісці на педагагічныя спецыяльнасці ці атрымліваць класічную вышэйшую адукацыю.

* * * * *

У сваю чаргу рэктар Таджыкскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя С.Айні адзначыў, што педагагічную прафесію выбіраюць тыя школьнікі, якія самі вучыліся ў выдатных педагогаў. Асабісты педагагічны прыклад — вось аснова прафарыентацыі. Як адзначыў Абдуджабор Рахмонаў, менавіта настаўнік з’яўляецца ключавой фігурай у грамадстве, таму яму неабходна ўдзяляць першасную ўвагу і падтрымку.
У Таджыкістане, па словах рэктара, урад краіны імкнецца дапамагаць педагогам. “Напрыклад, у нас існуе праграма фінансавай і сацыяльнай падтрымкі маладых настаўнікаў, асабліва тых, хто працуе ў аддаленых раёнах. Кожныя 2 гады самыя перадавыя настаўнікі атрымліваюць дзяржаўную прэмію. Такая ўвага паднімае настаўніцкі дух”, — расказаў Абдуджабор Рахмонаў.
Расказваючы пра свой універсітэт, рэктар адзначыў, што вельмі важнае значэнне мае супрацоўніцтва і агульныя праекты з аддзеламі адукацыі, школамі краіны. Не менш важнае значэнне для якаснай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў маюць і ўмовы навучання ва ўніверсітэце. У прыватнасці, у Таджыкскім дзяржаўным педагагічным універсітэце дзейнічае некалькі педагагічных клубаў, дзе прафесура расказвае студэнтам пра сутнасць педагагічнай прафесіі.
Сёлета ў Таджыкістане ўпершыню студэнтаў залічвалі ва ўніверсітэты праз Нацыянальны цэнтр тэсціравання, і многія выбралі педагагічныя спецыяльнасці. У выніку ўсе месцы ў педагагічных вышэйшых навучальных установах былі запоўнены.
Разам з тым, па словах рэктара, падрыхтоўка спецыялістаў для сістэмы адукацыі будзе больш эфектыўнай, калі выкарыстоўваць інавацыйныя метады навучання. “Нам неабходна інтэграцыя паміж вышэйшымі ўстановамі педагагічнага профілю, сумесныя вучэбныя цэнтры. Напрыклад, у нас працуе вучэбны цэнтр па вывучэнні рускай мовы, а нядаўна мы былі ў Башкірыі, дзе вывучалі вопыт інавацыйных метадаў навучання педагогіцы, яшчэ мы працуем з міжнароднымі праграмамі”, — адзначыў Абдуджабор Рахмонаў.

* * * * *

Тэма інтэграцыі стала ключавой і ў выступленні рэктара Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Х.Абавяна. Рубен Мірзаханян адзначыў, што неабходна зрабіць так, каб вучыцца на педагога было прэстыжна і цікава. Адукацыйна-выхаваўчая прастора педагагічнага ўніверсітэта павінна стаць вызначальнай у падрыхтоўцы будучага настаўніка. Акрамя таго, у педагагічным універсітэце абавязкова павінны выкладаць настаўнікі-аўтарытэты.
Вельмі важным момантам з’яўляецца абмен студэнтамі, якога, як заўважыў Рубен Мірзаханян, у СНД проста няма. Рэктар Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта прапанаваў для такога абмену выкарыстоўваць пляцоўкі летнікаў. “Прэстыжнасць педагагічнай прафесіі знаходзіцца ў плоскасці ўніверсітэцкага асяроддзя”, — рэзюмаваў Рубен Мірзаханян.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Віктара ТАЛОЧКІ, БелТА.