Прэстыжныя перамогі

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Чарговымі значнымі перамогамі вызначыліся навучэнцы Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Глебава.

Як паведаміла намеснік ды­рэктара па вучэбнай рабоце спецыяльнага цыкла Н.Д.Алісеева, удзел і перамогі навучэнцаў у самых розных конкурсах даўно сталі для гімназіі-кале­джа неад’емнай часткай навучання. Паводле яе слоў, нядаўна навучэнцы бліскуча выступілі на міжнародным конкурсе DIGI TALENTY 2020 у Польшчы. Узорны аркестр баяністаў і акардэаністаў стаў уладальнікам гран-пры. Пераможныя і прызавыя дыпломы заваявалі навучэнцы Кацярына Міхалькова, Ларыса Філіпчанка, Аміра Мірзаева, Мацвей Круцікаў і Іван Ланец.

Пераможнымі сталі выступленні прадстаўнікоў навучальнай уста­новы і на Міжнародным конкурсе-фестывалі юных акардэаністаў імя Фурманавічуса. У творчым спаборніцтве прымалі ўдзел выканаўцы з Беларусі, Балгарыі, Літвы, Латвіі, Расіі, Польшчы. Нягледзячы на высокую канкурэнцыю, навучэнцы гімназіі-каледжа заваявалі шэраг прызавых дыпломаў. Лаўрэатамі І ступені сталі Ульяна Астанковіч і Ларыса Філіпчанка. Дыпломы ІІ ступені атрымалі Кацярына Міхалькова, Аліса Мартынава, Лізавета Туз, Мацвей Круцікаў, два ансамблі — Аліса Мартынава, Дзяніс Францікаў і Марына Малхасян, Віктар Крушанаў. А ўладальнікамі трэціх месцаў сталі Іван Ланец і ансамбль “Фіеста”.

Дыпламантаў прэстыжных кон­курсаў рыхтавалі педагогі В.Ф.Гра­­шчанка, А.М.Дарашэнка, А.У.Каброў, Р.Я.Сінялобава. Выкладчыца В.Ф.Грашчанка па запрашэнні ўваходзіла ў склад журы Міжнароднага конкурсу-фестывалю юных акардэаністаў імя Фурманавічуса. Гэта, як і перамогі навучэнцаў, лепшае пацвярджэнне выключнага прафесіяналізму настаўнікаў гімназіі-каледжа. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.