Прэвалююць прафесіі рэальнага сектара эканомікі

- 10:25Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Аб прыёме абітурыентаў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі расказвае Т.Р.АРЦЕМ’ЕВА, кансультант упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі.

— Таццяна Рыгораўна, якія ўстановы будуць право­дзіць сёлета прыём абітурыентаў і па якіх прафесіях?

— У 2020 годзе прыём будзе ажыццяўляцца 127 установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі па больш чым 260 прафесіях. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях будуць ажыццяўляць 44 установы адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

— Па якіх крытэрыях вы фарміравалі план прыёму? Ці адрозніваецца ён ад мінулагодняга?

— З улікам выканання кантрольных лічбаў прыёму ў мінулым годзе, дэмаграфічнай сітуацыі, вынікаў працаўладкавання выпуск­нікоў і планаў аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёлета для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 28,4 тысячы чалавек, што складзе 100,1% да факта прыёму 2019 года (на 22 чалавекі больш). У тым ліку за кошт сродкаў бю­джэту плануецца прыняць 28,2 тысячы чалавек (99,7%). Пры гэтым для атрымання адукацыі ў дзённай форме плануецца залічыць 26,7 тысячы чалавек (100,3% да мінулага года), у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі — 18,1 тысячы чалавек, на аснове агульнай сярэдняй — 8,2 тысячы чалавек, на аснове спецыяльнай адукацыі — 0,4 тысячы чалавек.

Акрамя таго, у адпаведнасці з запатрабаваннямі грама­дзян прадугледжаны прыём 0,5 тысячы чалавек па завочнай (86,3% да факта прыёму 2019 года) і 1,2 тысячы чалавек па вячэрняй (101,4% да факта прыёму мінулага года) формах атрымання адукацыі. Павелічэнне плануецца за кошт дзённай формы атрымання адукацыі на 87 месцаў (0,3%), вячэрняй — на 16 месцаў (1,4%). На завочнай форме плануецца памяншэнне на 81 месца (13,7%).

— Як уплывае рынак працы на структуру падрыхтоўкі кадраў? Ці будзе сёлета весціся навучанне па зусім новых прафесіях і якія яны?

— У мэтах гнуткага рэагавання на зменлівыя патрэбы рэгіянальных рынкаў працы штогод удасканальваецца структура падрыхтоўкі кадраў. Так, у прыватнасці, у гэтым годзе плануецца спыніць (прыпыніць) прыём па 147 (у 2019 годзе па 157) незапа­трабаваных прафесіях і адк­рыць падрыхтоўку па 133 (у 2019 го­дзе па 151) новых прафесіях для асобных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Таксама плануецца пачаць падрыхтоўку па 3 новых прафесіях, па якіх раней у краіне падрыхтоўка не вялася. Сярод іх — скарняк-раскройшчык, апаратчык выцяжкі, заліўшчык металу.

Немалаважна тое, што ў структуры прыёму плануецца захаваць тэндэнцыі мінулых гадоў: прафесіі рэальнага сектара эканомікі складуць амаль 75%. Пры гэтым з улікам вынікаў працаўладкавання выпускнікоў адносна прыёму мінулага года прадугледжваецца скарачэнне прыёму па профілях адукацыі, сярод якіх “Мастацтва і дызайн” (на 155 чалавек, або 27,1%), “Камунікацыі. Права. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” (на 360 чалавек, або 14,8%), “Тэхніка і тэхналогіі” (на 1235 чалавек, або 9,1%), “Службы бяспекі” (на 22 чалавекі, або 11,5 %). Па некаторых профілях адукацыі адбудзецца павелічэнне прыёму. Гэта “Архітэктура і будаўніцтва” (на 544 чалавекі, або 11,5 %), “Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва” (на 862 чалавекі, або 31,6%), “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне”(на 479 чалавек, або 13,5 %).

— Ці зменяцца сёлета тэрміны прыёмнай кампаніі для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі? Які графік прыёму?

— Умовы прыёму вызначаны Правіламі прыёму асоб для атры­мання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, зацверджанымі пастановай Урада Рэспублікі Беларусь ад 14.07.2011 № 953.

На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымаюцца асобы, якія маюць агульную базавую, агульную сярэднюю або спецыяльную адукацыю.

Тэрміны прыёмнай кампаніі для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі не мяняюцца.

Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца ў дзённай форме атрымання адукацыi з 15 чэрвеня па 20 жніўня.

Калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на асобныя прафесіі меншая, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, установа адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа падоўжыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння ў склад навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней чым да 15 верасня бягучага года.

У вячэрняй форме атрымання адукацыi прыём дакументаў бу­дзе ажыццяўляцца з 15 чэрвеня па 20 жніўня, а па прафесіях напрамку адукацыі “сельская гаспадарка” — з 1 кастрычніка па 20 лістапада; у завочнай форме атрымання адукацыі — з 1 па 10 кастрычніка; ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове, прыём дакументаў будзе ажыццяўляцца з 15 чэрвеня па 10 верасня.

Залічэнне паступаючых ва ўстановы прафтэхадукацыі ажыццяўляецца на падставе іх заяў (пры адсутнасці конкурсу) або па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыi цi атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі або пасведчання аб спецыяльнай адукацыі. І толькі для асобных прафесій профіляў адукацыі “Мастацтва і дызайн” і “Архітэктура і будаўніцтва” з мэтай выяўлення творчых здольнасцей прадугледжаны ўступныя выпрабаванні, вынікі якіх улічваюцца пры залічэнні. Тэрміны правядзення ўступных іспытаў і залічэння для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі наступныя:

 у дзённай форме атрымання адукацыi — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 жнiўня;

у вячэрняй форме атрымання адукацыi — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — да 25 жніўня, па прафесіях напрамку адукацыі “сельская гаспадарка” — з 21 па 24 лістапада, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 лістапада;

у завочнай форме атрымання адукацыі — залічэнне ў склад навучэнцаў з 11 па 13 кастрычніка.

Падрабязную інфармацыю пра магчымасці атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна атрымаць са Зборніка для паступаючых ва ўстановы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у 2020 годзе, які размешчаны на сайце Міністэр­ства адукацыі. Таксама на сайце размешчаны нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі.

З мэтай аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме ў Міністэрстве адукацыі з 1 чэрвеня арганізавана работа гарачай лініі (тэлефон: 8 (017) 222-43-12).

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.