Сумесна распрацаваны ГА “БРСМ” і Беларускім тэлеграфным агенцтвам мабільны дадатак “Выбары-2015” прэзентавалі і прэс-цэнтры БЕЛТА.
“Галоўная задача дадатку – зрабіць інфармацыю аб выбарах даступнай і зручнай для ўсіх. У гэтым годзе галасаваць будуць тыя, хто нарадзіўся ўжо ў суверэннай Беларусі. Каб адпавядаць патрабаванням моладзі, з’явілася ідэя стварыць гэты дадатак”, – сказаў генеральны дырэктар УП “БелТА” Дзмітрый Жук.
Першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Андрэй Белякоў дадаў, што для арганізацыі вельмі важна, каб моладзь арыентавалася ў палітычных працэсах. “Мы хочам, каб моладзь ведала аб выбарах калі не ўсё, то вельмі многае”, – адзначыў ён.
“Мы будзем вельмі рады, калі гэты мабільны дадатак сапраўды будзе служыць для аб’яднання моладзі, каб маладыя людзі актыўна, у тым ліку 11 кастрычніка, праявілі сябе, прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і прагаласавалі за выбранага імі кандыдата ў прэзідэнты”, – сказаў Андрэй Белякоў.
Распрацоўшчык дадатку Павел Бацылеў звярнуў увагу, што навінка прызначана для карыстальнікаў Android, але ў хуткім часе плануецца распрацаваць версію і для аперацыйнай сістэмы ІOS.
Мабільны дадатак “Выбары-2015”, прысвечаны выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, – сумесная распрацоўка ГА “БРСМ” і Беларускага тэлеграфнага агенцтва. У дадатку рэалізавана магчымасць паведамлення аб важных навінах, якія датычацца выбарчай кампаніі, змешчана заканадаўчая база па выбарах (Выбарчы кодэкс і іншыя дакументы ЦВК). Карыстальнікі змогуць азнаёміцца з асноўнымі данымі кандыдатаў у прэзідэнты, атрымаць адказы на пытанні па выбарах, што часта задаюцца, даведацца аб выніках галасавання і інш.
БРСМ правядзе конкурс сярод маладых выбаршчыкаў пры дапамозе мабільнага дадатку “Выбары-2015”, заявіла каардынатар работы Саюза моладзі ў інтэрнэт-прасторы Алеся Віннік на прэзентацыі дадатку.
“Конкурс праводзіцца сярод маладых выбаршчыкаў ва ўзросце ад 18 гадоў да 31 года. Яго асноўная задача – вызначыць лепшую прапанову або ідэю адносна выбараў. Магчыма, гэта будзе эсэ аб удзеле ў выбарчай кампаніі. Арганізатары вызначаць трох пераможцаў, якія ў якасці прыза атрымаюць у падарунак планшэты”, – сказала Алеся Віннік.
Паводле слоў каардынатара работы БРСМ у інтэрнэце, у дадатку прадугледжана спецыяльная кансоль, куды можна адпраўляць свае цікавыя ідэі і праекты.