Прэзідэнт ацаніў дзейнасць пракуратуры ў новых умовах пасля рэфармавання і структурных пераўтварэнняў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў пашыраны даклад Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка аб стане крымінагеннай сітуацыі і рабоце органаў пракуратуры.

На мерапрыемстве таксама прысутнічалі прадстаўнікі іншых сілавых структур, кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта і Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пашыраны фармат мерапрыемства звязаны з глыбокай рэформай у праваахоўнай сістэме, якая нядаўна адбылася ў Беларусі. “Мяне цікавіць работа пракуратуры за гэты перыяд часу, наколькі яна ў новых умовах пасля рэфармавання і структурных пераўтварэнняў эфектыўна функцыянуе”, — сказаў прэзідэнт.

Па выніках даклада Аляксандр Канюк у інтэрв’ю журналістам адзначыў, што ў дзейнасці пракуратуры ёсць тэндэнцыя ўсё большага пераходу пракурорскага нагляду ў эканамічную сферу. “Гэта выклікае пэўныя цяжкасці, гэта трэба ўмець. Прэзідэнт у цэлым нармальна ацаніў стан спраў у органах пракуратуры. Разам з тым неабходна ліквідаваць некаторыя існуючыя недахопы”, — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, абмяркоўваўся стан крымінагеннай сітуацыі, некаторыя кадравыя пытанні, падрыхтоўка да правядзення ў Мінску ў пачатку верасня каардынацыйнай нарады генеральных пракурораў краін СНД. У ліку найбольш важных для Беларусі пытанняў на гэтым форуме генпракурор абазначыў праблематыку спагнання пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці.

Што тычыцца крымінагеннай сітуацыі, то ў параўнанні з мінулым годам яна практычна не змянілася. Разам з тым у якасці станоўчага моманту Аляксандр Канюк адзначыў меншую колькасць забойстваў. І ў цэлым апошнія 5 гадоў мае месца тэндэнцыя скарачэння злачыннасці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *