Прэзідэнт Беларусі ўзнагародзіў Нурсултана Назарбаева ордэнам Дружбы народаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое прайшло ў Казахстане, уручыў Прэзідэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву ордэн Дружбы народаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго казахстанскі калега ўнёс значны асабісты ўклад ва ўстанаўленне і развіццё дружалюбных адносін і стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам. У сувязі з гэтым прынята рашэнне ўзнагародзіць Нурсултана Назарбаева ордэнам Дружбы народаў — найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Рэспублікі Беларусь. Беларускі лідар павіншаваў Прэзідэнта Казахстана з гэтай падзеяй і ўручыў яму ордэн.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што Нурсултан Назарбаеў, “выкарыстоўваючы і свой багаты вопыт работы на постсавецкай прасторы, і вопыт работы ў апошнія гады ў Савецкім Саюзе, вельмі многае зрабіў для станаўлення, у тым ліку і Садружнасці Незалежных Дзяржаў”.
“Яму належыць ідэя стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, чалавек-інтэгратар, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта садзейнічае не толькі ўмацаванню дружбы паміж народамі, але і паляпшэнню жыцця людзей у нашых дзяржавах”.
Нурсултан Назарбаеў, у сваю чаргу, адзначыў, што Казахстан будуе і будзе будаваць дружалюбныя ўзаемавыгадныя адносіны з Беларуссю на карысць народаў абедзвюх краін.
Беларусь і Казахстан падтрымліваюць актыўны палітычны дыялог на ўсіх узроўнях, з’яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі. Бакі канструктыўна ўзаемадзейнічаюць на інтэграцыйных пляцоўках ЕАЭС і СНД, а таксама ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку ААН, АБСЕ, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Паспяхова рэалізоўваецца праграма эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам на 2009—2016 гады.